Незгасальнае святло таленту
У кожнай літаратуры ёсць вялікія і выдатныя паэткі. У рускіх — Ганна Ахматава і Марына Цвятаева, ва ўкраінцаў — Леся Украінка і Ліна Кастэнка... I мы, беларусы, таксама маем такіх жанчын-творцаў. Яўгенія Янішчыц — адзін з самых яркіх і выдатных талентаў у нашай нацыянальнай паэзіі.
У літаратуры Яўгенія Янішчыц працавала крыху больш за дваццаць гадоў. Друкавацца яна пачала яшчэ вучаніцай Парэцкай сярэдняй школы: першыя вершы былі змешчаны ў пінскай раённай газеце і часопісе «Бярозка». У 1966 г. Я. Янішчыц паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пісьменнік А. Бутэвіч у артыкуле «А самых лепшых час не беражэ» прыгадвае той студэнцкі час, калі вучыўся на адным курсе з Яўгеніяй Янішчыц, Алесем Разанавым, Віктарам Ярацам, Таццянай Шамякінай, Генадзем Пашковым і іншымі будучымі літаратарамі: «Пяць студэнцкіх гадоў, падвышаных чаканай хрушчоўскай адлігай, былі папраўдзе непаўторнымі і незабыўнымі. Бо не толькі лекцыі і семінары набывалі новы сэнс і змест, а і грамадскае жыццё нібыта збаўлялася ад заскарузласці і дагматычнасці. Выкладчыкі ж, здавалася, разам са студэнтамі адчынялі браму сапраўдных скарбаў, мудра скіроўвалі прагных да ведаў і спасціжэння ісціны маіх аднакурснікаў на шлях развагі, роздуму і засваення права самому даходзіць да сутнасці, не спяшацца глытаць сухі камяк чужых высноў. Міхась Ларчанка, Алесь Адамовіч, Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Дзмітрый Бугаёў... Іхнія лекцыі былі менавіта гэткім адкрыццём сябе ў новым часе».
Яўгеніі Янішчыц пашчасціла, бо яна ўваходзіла ў свет літаратуры і мастацтва ў спрыяльны час — 60-я гг., калі адбываліся пазітыўныя змены ў жыцці грамадства. У студэнцкую пару яна шмат пісала і актыўна выступала ў беларускім друку. Нізка яе вершаў адкрывае калектыўны зборнік студэнтаў БДУ «Натхненне» (1967). За год да заканчэння універсітэта, у 1970 г., яна выдала першую ўласную кніжку «Снежныя грамніцы», якая адразу ж трапіла ў зону павышанай увагі тагачаснай крытыкі. Паэтычны дэбют маладой аўтаркі ўхвалілі Н. Гілевіч, Дз. Бугаёў, Р. Бярозкін, А. Грачанікаў і інш. Натуральна, пасля такой прыхільнай і шырокай падтрымкі паэтка адчула новае дыханне, не збавіла творчага імпэту і працавала з вялікай апантанасцю. Адна за адной выходзілі яе кнігі — «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). Да Я. Янішчыц прыйшлі прызнанне і вядомасць, яна заслужана атрымала прэмію Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы (1986).
«Палеская ластаўка», «Палесся мілае дзіця», «палеская летуценніца» — так назвалі ў нашай літаратуры Яўгенію Янішчыц, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. Яна, «непрыручаная птушка», заўчасна паляцела ў вечны вырай: зямное жыццё паэткі трагічна абарвалася 25 лістапада 1988 г. А нам засталася яе творчая спадчына, сабраная ў кнігах «У шуме жытняга святла» (1988), «Выбранае» (2000), «Пачынаецца ўсё з любві...» (2008).
«Палеская ластаўка» нібы прадчувала свой заўчасны вырай: «Я ўжо сама, як госць, // На шлях гляджу сурова»; «...Як птушку у блакіце // Мяне застане гром»; «А будзе што не так — малю: // Скруціце стомленае крылле // I кіньце ў родную раллю»; «А будзе сын і сонца // І між іх — зямлёю буду я...» Незадоўга да сваёй трагічнай смерці паэтка паехала на радзіму, абышла ўсю радню і любыя сэрцу мясціны... Яўгенія Янішчыц знайшла вечны прытулак на Усходніх могілках у Мінску, што па Маскоўскай шашы. Яна, тонкая паэтычная натура, не вытрымала тое, што балюча раніла яе душу.
Яўгенія Янішчыц пакінула нам шчырыя словы запавету: «Жывіце і любіце, // Свой беражыце дом»; «...Пачынаецца ўсё з любві, // А інакш і жыць немагчыма». Яе паэтычная філасофія жыцця заснавана на спавяданні выратавальнай моцы любові і чалавечнасці.
...На літаратурным небасхіле ўжо дзесяцігоддзі гарыць зорка Яўгеніі Янішчыц. Зіхоткае святло гэтай зоркі не паблякла, не згасла. А гэта значыць, што яна будзе свяціць датуль, пакуль людзі будуць мець духоўную патрэбу ў сустрэчы-дыялогу з таленавітай паэзіяй, сапраўдным мастацтвам.