Паэзія Яўгеніі Янішчыц
Радзіма, Беларусь, дзяцінства — вось тыя крыніцы, якія поўнілі лірыку Я. Янішчыц духоўнай энергіяй. Яе вершы, прысвечаныя маці, бацьку, сыну, — гэта старонка не толькі асабістай біяграфіі, але і лірычнай хронікі, гісторыі беларускага народа.
Мысленне, асабліва ў сталай лірыцы паэтэсы, вызначаецца філасофскім роздумам над часам і прасторай, імгненнем і вечнасцю, жыццём і смерцю. Стан душы лірычнай гераіні выяўляецца праз дыялектычную ўзаемазалежнасць такіх эмацыянальных катэгорый, як любоў і боль, шчасце і адчай, радасць і журба, святло і цемра.
У роздумах пра бацькоўскі край, лёс землякоў і аднавяскоўцаў, пра гераічнае мінулае і сучаснасць адчуваецца высокая чалавечая годнасць, павага да людзей. Адной з лепшых старонак беларускай паэзіі стала інтымная лірыка Я. Янішчыц. У ёй найбольш выразна раскрылася незвычайнае духоўнае святло чалавечай і творчай асобы. Выяўленне душэўнага стану гераіні, яе сямейнай неўладкаванасці адбіліся ў паэме «Акно ў дождж».
Справы вясковых працаўнікоў шырока паказаны ў паэме «Ягадны хутар», якая вызначаецца спалучэннем верша і вершаванай прозы ў выглядзе лістоў да маці, дзядзькі Арцёма, стрыечнага брата. Сучаснай вёсцы прысвечана і «Зорная паэма». Паэтыка Я. Янішчыц шчодра ўвабрала ў сябе разнастайныя мастацкія прыёмы і сродкі народнай вуснапаэтычнай творчасці. Тропы вывераны жыццёвай логікай і нясуць на сабе адбітак неардынарнасці паэтычнага мышлення.
Вобразы каліны, шыпшыны і іншых пераўтвараюцца, у розных варыяцыях выяўляючы тонкія адценні душэўнага стану гераіні.
Сэрца жанчыны мела патрэбу ў дыялогу з іншымі людзьмі, яна імкнулася ўшанаваць годных майстроў сваёй прафесіі. З гэтай прычыны пісаліся вершы-прысвячэнні, адрасаваныя сябрам, калегам па літаратуры, наогул людзям, блізкім па духу і светаадчуванні. Яна ведала, як гэта важна — «прыйсці да таварыша ў горасны міг» («Прыйсці да таварыша»). А яшчэ смуткавала і тужыла па тых, хто так неспадзявана, у маладым веку пайшоў з жыцця: са скрухай яна гаварыла пра смерць крытыка Варлена Бечыка, паэтаў Леаніда Якубовіча і Рыгора Семашкевіча.
У жаночай існасці Я. Янішчыц быў закладзены глыбінны гуманістычны пачатак: дабрыня, чуласць, шкадаванне, міласэрнасць, спагада... Непадробнай мацярынскай трывогай адгукнулася сэрца паэткі, калі тая пабачыла юнакоў-навабранцаў у цырульні. (У Афганістане тады гінулі маладыя бязвусыя беларускія хлопцы.) «Смех... безаглядна-малады» спарадзіў словы засцярогі-просьбы:
...Радзімыя, шчымлівыя жаўронкі, Дай Бог сустрэць мне вас праз два гады! Шчаслівае дарогі вам і пошты, Хай вас цяпло радзімы саграе. ...Ад першай кулі гінуць. Ад апошняй. Не па-мі-рай-це!.. хлопчыкі мае.
Пра «Верш, напісаны ў цырульні» крытык Дз. Бугаёў піша: «Чытаючы такія радкі, дзівішся, як многа можа ўмясціць у сябе паэтычнае слова, калі яно выспела ў чулай і спагадлівай душы таленавітага майстра...»