Яўгенія Янішчыц. Аналіз творчасці
Доля мая — нібы гронка любові
В'ецца над сцішанай голькай жыцця.
Я. Янішчыц
Я. Янішчыц (1948—1988) з'яўляецца аўтарам зборнікаў «Снежныя грамніцы», «Ясельда», «На беразе пляча», «Пара любові і жалю», «Каліна зімы», кнігі выбранай лірыкі «У шуме жытняга святла», якім уласцівы шчырасць, апавядальнасць, страснасць. Яна прыйшла ў паэзію ў пачатку 70-х гг., заявіўшы свету, што ў аснове ўсяго жывога на зямлі — любоў, што без яе не магчыма чалавечае існаванне:
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.
Прыручаюцца салаўі,
I змяняюцца краявіды.
Пачынаецца ўсё з любві —
Нават ненавісць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві,
А інакш і жыць немагчыма.
Скразной тэмай твораў Я. Янішчыц з'яўляецца Палессе, родная вёска, аднавяскоўцы. Невыпадкова Г. Бураўкін назваў паэтэсу «палескай ластаўкай». Каларыт родных палескіх мясцін адбіўся ў многіх вершах Я. Янішчыц. 3 іх можна ўявіць вёскі Велясніцы, Ягадны Хутар, рэкі Ясельду і Лану, землякоў — дзядзьку Арцёма, цётку Клаву, бабулю Паланею. Вершы, прысвечаныя маці, бацьку, сыну, вяскоўцам, —гэта старонка не толькі асабістай біяграфіі, але і лірычнай хронікі беларускай сям'і, гісторыі народа («Бацькава дарога», «Тут», «Прыедзь у край мой ціхі», «Добры вечар, землякі!», «Апавяданне пра жытнёвы сноп», «У бабулі Паланеі»). Яны напоўнены пачуццём вялікай чалавечай годнасці.
Сучаснай вёсцы, справам вясковых працаўнікоў прысвечаны «Зорная паэма» і «Ягадны Хутар». У іх уздымаюцца праблемы неперспектыўных вёсак, дзе засталіся дажываць свой век адны старыя. Моладзь жа, раз'ехаўшыся па свеце, адвучылася ад працы на зямлі, здрадзіла ёй. Паэма «Ягадны Хутар», спалучыўшы ў сабе верш і прозу, напісана ў выглядзе лістоў ад маці, дзядзькі Арцёма, стрыечнага брата і паэтычных каментарыяў да іх. Гэта паэма з'яўляецца як бы люстэркам вясковага жыцця, у ёй адчуваецца непарыўная сувязь паэтэсы з бацькоўскай зямлёй.
Ёсць у Я. Янішчыц і вершы пра вайну. Самая страшная навала XX ст. адгукнулася ў творах нашай сучасніцы, якая пра вайну ведае толькі з кніг і ўспамінаў старэйшых людзей. Паэтэса, ведучы дыялог з ветэранамі, люДзьмі, якія прайшлі праз полымя вайны, паказвае вялікую народную трагедыю («Салдаткі», «Абеліскі», «Сустрэча на пераправе», «Пасля вайны»).
Інтымная лірыка Я. Янішчыц з'яўляцца адной з лепшых у беларускай паэзіі. Не ўтойваючы ад чытачоў сваіх пачуццяў, паэтэса асабліва пранікнёна піша аб першым каханні, якое ўпрыгожвае і ўзвышае чалавека. «Мой боль — на вышыні святла, таму і ноччу мне світае», — сцвярджае паэтэса. Расстанне ж з каханым успрымаецца як наканаванае лёсам: «Ні на міг, ні на век — не твая. Так і трэба, відаць, так і трэба» Радкі інтымных твораў Я. Янішчыц выразна раскрываюць унутраны стан лірычнага героя, яго пошукі і страты, сустрэчы і расстанні, радасці і трывогі, зямную рэўнасць і высокую ўзнёсласць.
Паэзія Я. Янішчыц, выяўляючы жыццё чалавека ва ўсёй сукупнасці перажытага і адчутага, набывае філасофскае гучанне, сцвярджае высокачалавечыя адносіны паміж людзьмі.