Белорусские сочинения
-
Яўгенія Янішчыц
-
Вобразы ў паэзіі Яўгеніі Янішчыц
Вобразы ў паэзіі Яўгеніі Янішчыц
Многія вобразы ў паэзіі Я. Янішчыц — дарогі, вясны, зімы, яблыні, бярозы, вішні, каліны, цішыні, травы, зоркі і іншыя — набываюць інтымна-псіхалагічную напоўненасць. Сімвалічная семантыка гэтых вобразаў звязана з пэўным характарам унутранага пачуцця. У паэзіі Я. Янішчыц напрыклад выразна кантрастуюць вясна і зіма. У кожную пару года ўзнікае адпаведны настрой. «А я люблю вясну»; «Я не люблю слаты», — прызнаецца паэтка («Я пачакаю»). Вясна — гэта час, калі ў белым вэлюме сад, цвітуць пралескі, пяшчотна свеціць сонейка, калі душа напаўняецца радаснымі, светлымі, чыстымі пачуццямі. Зіма ж увасабляе холад, спустошанасць, выстыласць свету, таму яна палохае сэрца лірычнай гераіні: «Мінае лета. Коціцца зіма»; «Чакае шлях... Чакае золак дальні» («Пярсцёнак»). Зімовы холад — сімвал ростані і адчужанасці: «Каторы год між нас — зіма, // Ляцяць гады, як завірухі» («Да Вас»). Ці возьмем вобраз каліны, які асацыіруецца з доляй і лёсам жанчыны: «Я так цябе чакала, што ў каліне // Адбілася уся мая душа!» («Нясуджаны, я так скажу аднойчы...»). Гэты вобраз мае традыцыйнае сэнсавае напаўненне (такое ж, як і ў вуснай народнай паэзіі), з ім звязаны матывы гаркоты, смутку, тугіі. Разам з тым каліна і яе зыркае полымя для паэткі — «як надзея жыцця» («Каліна зімы»). Лірычная гераіня, нягледзячы на расчараванні, крыўды і нараканні на лёс, імкнецца знайсці ўнутраную падтрымку і моц у дрэў, кветак, «Цвету белага» («Над арабінамі і вязамі...»). У вершах часта гучыць горка-аптымістычная, сумна-радасная інтанацыя:
З жаўталістым ветрам заручоная, Цеплячы гаючы успамін, Да-га-рай, мая зара вячэрняя, — Хай пасвеціць полымя калін! «Менее святла на схіле восені...»Жыццё Яўгеніі Янішчыц ускладнялася, набывала новыя драматычныя адценні. Яе балюча раніла «пазёрства, двухсэнсоўцасць, каламуць», недружалюбнасць, зайздрасць, абыякавасць, зласлівасць, адсутнасць чалавечага разумення і спагады: «Не-не ды вострым слоўкам упякуць!» («Недалюбіла? Не, не палюбіла..»). Яна нагадвала параненую і безабаронную птушку. Пра драматызм свайго існавання паэтэса ў алегарычнай форме выказалася ў вершы «Маналог вавёркі»: «Вось і мяне, як іншых, прыручылі...»; «...Бо нехта ж ладзіў кола // Не для зязюлі, мілае суседкі, // Не для савы, прыяцелькі мауклівай, // А для мяне — і толькі для мяне!!!» Як прагнула яна вырвацца з гэтага зачараванага кола балючых перажыванняў і пакут! А. Лойка, думаючы пра трагічны лёс паэткі, пісаў пра сваю былую студэнтку: «...Былі ва ўцёках Жэці Янішчыц ад жыцця і лермантаўскія ўцёкі. Былі і ўцёкі ад адзіноцтва, ад непрымання таго, што ейная эпоха ёй навязвала, а душа яе з тым не мірылася, свядома і падсвядома, напэўна, не зміралася, паглыбляла душэўны разлад, душэўны крызіс». «У самы смутны час, у час трывожны // Узыдзі, любоў!» — на пранізлівай лірычнай ноце выгукнула паэтка (верш «I тчэ жыццё гады, нібы палотны...»). Ратавалася жанчына-маці да пэўнага часу думкаю пра сына: «...Думаю пра сына, // Пра сэрцайка чуллівае яго» («Недалюбіла? Не, не палюбіла...»); «Нікуды мне не падзецца // Без цябе, мой мілы сын!» («Андрэю»). «Слова чуйнае ў мальбе» прамаўляла яна, спявала прачулую калыханку: «Спі, мой сыне, спі, мой болю, // Спі, крыло майго жыцця...» («Калыханка»). Асабістая бяда-няшчасце падштурхоўвала да філасофскага роздуму пра сэнс жыцця:
Пакуль яшчэ зялёная зямля Трымае нас па міласці закона, Сынок і Маці — зерне і ралля. Сынок і Маці — мудрая ікона. «Сынок і Маці»