Белорусские сочинения
-
Яўгенія Янішчыц
-
Вясковы свет у паэзіі Яўгеніі Янішчыц
Вясковы свет у паэзіі Яўгеніі Янішчыц
Яўгенія Янішчыц адчувала сябе неад'емнай часцінкай палескага люду і не ўяўляла свайго існавання без каштоўнасцей і маральных ідэалаў народнага жыцця. Пра сябе яна сказала: «Я — поле, я сціхлая ў горадзе вёска...» («Наконт гарадскога мыслення»). Вясковы свет у адрозненне ад мітуслівага гарадскога жыцця вабіў яе сваёй прытульнасцю, непаспешлівасцю, супольным бытаваннем, цяплом людской увагі і пародненасці. У гэтым асяродку паэтку па-ранейшаму лічылі сваёй, і яна даражыла прыналежнасцю да бацькоўскай зямлі, шанавала землякоў: «...Якое ж гэта ўсё-такі багацце: // Палескі край, дзе ў сутнасці людской // Мая зямля...» («Усё маё, як і заўжды, на месцы...»). Горад не выклікаў у яе столькі радасных эмоцый, колькі палеская вёска: «Там, ля роднай Велясніцы, // Ля палян зялёных і лясоў // Наталю ў апошні раз з крыніцы // Гарадскую смагу і любоў» («Мы сустрэчы выдумалі самі...»). Я. Янішчыц цяжка было звыкнуцца з думкай, што яна адарвалася ад роднай зямлі і ўрастае ў бетон. Яе можна параўнаць з «...той вечнаю бярозкаю, // Што ніхто не змог перасадзіць» («Вёска»). Паэтка імкнулася прымірыцьу сваім сэрцы вёску і горад: «Я вас люблю, лясы і сенажаць, // Старая вёска, новая сталіца» («Я вас люблю»).
Героі паэтычных кніг Я. Янішчыц — землякі, працавітыя людзі Палесся. Яна стварыла цэлую галерэю сялянскіх партрэтаў: «Дзед Сымон», «Зінька», «Усціння», «Насця», «Дзед», «Павел і Нікан», «Марыя», «Ахрымчыха», «Дуня», «Сава і Марыя», «Дурная Ганна» і інш. Кожны вобраз псіхалагічна праўдзівы, індывідуальна адметны, запамінаецца сваёй жыццёвай паўнакроўнасцю. Паэтка піша пра аднавяскоўцаў з чулай спагадай, шкадаваннем, бо шмат бяды і гора ім давялося перажыць, асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яна блізка да сэрца прымае драматычны лёс палескіх жанчын, спачувае салдацкім удовам, якія рана засталіся ў самоце, засталіся абдзеленыя звычайным чалавечым шчасцем (вершы «У бабулі Паланеі», «Сустрэча», «Марыля», «Удовін дождж», «Салдаткі» і інш.). Іх жыцці — своеасаблівы ўрок душэўнай трываласці, вышэйшы суд сумлення, перад якім яна трымае шчырую споведзь:
У працу акапалася, нібыта Увайшла у старажытную зямлю. ...Світаюць ў садзе яблыкі налітыя, I цяжка ад пладоў звісаць галлю. З галлём, з раллёй душа яе сплялася, Дзе ўкленчана над кожнай лебядой. Мне трыццаць тры. А я ўжо — набылася. Мне страшна й грэшна, цётка, прад табой. «Ахрымчыха»Унутраная цэласнасць, духоўнае багацце вясковых людзей уражвае і натхняе Яўгенію Янішчыц. Яна ўслаўляе іх працавітасць, прыродную таленавітасць, жыццёвую моц, бескарыслівасць, мудрасць, дабрыню і іншыя лепшыя чалавечыя якасці. Яна бачыць у звычайных сялянах паэтаў, інтэлігентаў, святых людзей, ставіцца да іх з вялікім піетэтам: «Інтэлігенты ад зямлі — // Мае вясковыя Сцяпаны» («Інтэлігенты ад зямлі»); «...Памагаюць матулі маёй // Два апосталы — Павел і Нікан» («Павел і Нікан») і інш. Для Я. Янішчыц вельмі важным быў духоўна-жыццёвы вопыт папярэднікаў: «Старэйшыя мае, // Мне з вамі добра»; «Але пакуль вы ёсць — // Пульсуе мова» («Старэйшыя мае...»). Паэтка бачыла, як вайна трагічна адбілася на людскіх лёсах. «Попел і чорныя цені» ваеннага мінулага трывожаць памяць, змушаюць несці крыж душэўных пакут тых, хто назаўсёды страціў родных і блізкіх людзей. Знакі і сімвалы народнай бяды глыбока краналі паэтычную душу: «Тут на траншэях і прыгорках // Расце трагічная трава» («Трава»). Аднавяскоўцы Я. Янішчыц — ахвяры часу, пакутнікі, людзі трагічнай эпохі. Паэтка ўсёй сваёй чалавечай сутнасцю не прымала вайны, якая прыносіць смерць, гора і няшчасце, пазбаўляе жанчыну радасці кахання, мацярынства, сямейнага шчасця, і таму яна з грамадзянскай трывогай рэагавала на пагрозу новай катастрофы («Зорная паэма», вершы «Адносна культу», «Ружовы цвет і хараство садоў...» і інш.).