Белорусские сочинения
-
Яўгенія Янішчыц
-
Народ у паэзіі Яўгеніі Янішчыц
Народ у паэзіі Яўгеніі Янішчыц
Адзін з духоўных настаўнікаў паэткі дакладна адзначыў: «З глыбінь народнага жыцця // Увысь ірвалася Янішчыц...» (Н. Гілевіч). Галоўнае для яе — «душу... народную адчуць» («На тралёўцы лесу»), увабраць у сябе каштоўны вопыт людскога жыцця. Слова «народ» не было ва ўяўленні Я. Янішчыц чымсьці абстрактным, яна ўсведамляла сябе часткай вясковага люду, «зямлі ўдоў і сірат», ёй былі ўнутрана блізкія палескія жанчыны, старыя людзі — носьбіты духоўнага багацця краю. Паэтка прызнавалася: «Калодзеж памяці дзядоў // Быў самы найсалодкі» («Вясло і перавясла»). Яна добра ведала, што «паляшук — народ рахманы» («На тралёўцы лесу»), адчувала «сваю духоўную радню» («Жывём!»). Народ для Я. Янішчыц — не толькі вяскова-сялянская супольнасць, але і значна большае — людская грамада, з'яднаная адзінай гераічнай і трагічнай гісторыяй, спрадвечнымі культурнымі і маральнымі каштоўнасцямі. Яна ўдзячная продкам за тое, што тыя данеслі да нас «родную, цёплую, жывую і непаўторную» мову, услаўляе легендарную веліч беларусаў, іх моц і загартаванасць, гаворыць пра неабходнасць мець пачуццё духоўнай еднасці праз прыналежнасць да агульных традыцый і ідэалаў:
На паверцы стаім, на паверцы, Растапляючы камень і лёд. I прасвечваюць нашыя сэрцы Каліноўскі. Купала. Народ. «...I прасвечваюць нашыя сэрцы»Вера ў свой народ і яго лепшы лёс ніколі не пакідала паэтку. Яна з упэўненасцю сцвярджала непарушнасць духоўных асноў: «Тут, дзе не скончыцца песня ніколі // I не ўпадзе на калені народ!» («Тут»). Гісторыю роднага краю Я. Янішчыц успрымала як драматычную, суровую, бо чалавек, народ у цэлым вельмі часта рабіліся закладнікамі часу, не мелі ўмоў для нармальнага існавання. Калі ў 80-я гг. прыйшла грамадская перабудова і зноў загаварылі пра сталінскі перыяд, паэтка была ўзрушана праўдай пра «здзекаў жах» і расправу з таленавітымі сынамі свайго народа. З журбой і гаркотай яна выказалася ў вершы «Над хронікай 30-х гадоў», у той самы час з гневам асуджала людскую подласць, хлусню, гвалт і жорсткасць. Я. Янішчыц разумела, што абдзеленым і пакрыўжаным народ стаўся не толькі праз неспрыяльныя гістарычныя абставіны. У вершы «Аб масе» яна папярэджвае пра страту нацыянальна-духоўнага і маральнага імунітэту:
Якая ж ты народнасць а ці раса, Што ўжо ідзеш сама сабе на звод? Мяне само трывожыць слова «маса», Якое замяняе ўжо — народ!Сваю паэзію Я. Янішчыц не ўяўляла адарванай, безадноснай да сучаснага жыцця, людскіх радасцей і трывог, рэальных праблем часу, таму і жыла думкай народнай. Яна прытрымлівалася традыцыйнага, але эстэтычна сутнаснага погляду на паэта, абавязак якога — даражыць бацькоўскай зямлёй і быць неадлучным ад народнага лёсу:
I пакуль дыхае планета, Не вынішчаецца датла Душа народа і паэта У шуме жытняга святла. «У шуме жытняга святла»