Белорусские сочинения - Максім Багдановіч - Мой любімы твор Максіма Багдановіча

Мой любімы твор Максіма Багдановіча

Вы калі-небудзь спрабавалі ўгледзецца ў начное зорнае неба? Калі хоць раз вы гэта рабілі, то, мабыць, заўважылі, што яно проста заварожвае, ад яго так і вее таямнічасцю, прыгажосцю. Некалі раней, яшчэ ў дзяцінстве, мне расказалі, што зоркі — гэта застылыя слёзы каханых, якім не суджана быць разам. Мабыць пагэтаму заўсёды, калі я гляджу на неба, адчуваю незразумелы смутак, і сэрца нібы замірае і перастае бідца ў гэты момант. І па гэтай жа прычыне маім самым любімым вершам Максіма Багдад-ювіча з’яўляецца «Раманс» («ЗоркаВенера...»).
     Мне ўяўляецца, як паэт разам са сваёй каханай углядаюцца ў начное неба ў час спаткання і шукаюць сімвал свайго кахання — зорку Венеру. Аб гэтым і сведчаць радкі верша:
     
     Помніш, калі я спаткаўся з табою,
     Зорка Венера ўзышла.
     З гэтай пары я пачаў углядацца
     Ў неба начное і зорку шукаў.
     Ціхім каханнем к табе разгарацца
     З гэтай пары я пачаў.

     
     Але нават у гэтых, здаецца, светлых і радасных па змесце радках адчуваюцца туга і боль, бо паэт ужо прадчувае разлуку са сваёй каханай. Аднак і ў далёкім краю паэт застаецца не адзін. З ім разам, у якім бы месцы на планеце ён ні быў, знаходзіцца сімвал яго кахання — зорка Венера. У ёй Максім Багдановіч бачыць душу сваёй каханай, якая сваёй любоўю, сваім святлом саграе сэрца паэта, напаўняе яго радасцю пяшчотай. І гэта любоў, гэтае святло будуць з каханымі заўсёды, як кожную ноч будзе з імі зорка Венера.
     Апошнія радкі верша гучаць як гімн каханню, і перад нашымі вачыма паўстае легендарная зорка, дзе зліваюцца пагляды ўсіх закаханых свету, якія зараз знаходзяцца ў расстанні:
     
     Глянь іншы раз на яе, — у расстанні
     Там з ёй зліём мы пагляды свае...
     Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
     Глянь іншы раз на яе...

     
     Я ўпэўнена, што колькі гадоў (ды што гадоў — стагоддзяў!) яшчэ ні прайшло б, усё новыя і новыя пакаленні будуць, як і мы зараз, з заміраннем і хваляваннем чытаць вечныя радкі:
     
     Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
     Светлыя згадкі з сабой прывяла...

     
     У гэтым вершы, як і многіх іншых сваіх творах М. Багдановіч здолеў перадаць не толькі пачуцці і духоўны свет паэта, але і паказаў усяму свету вялікія магчымасці нашай роднай мовы. Ён працаваў у той час, калі многія лічылі, што на беларускай мове нельга стварыць высокамастацкія творы. М. Багдановіч даказаў іншае. Прачытаўшы «Зорку Венеру...», ужо ніхто не мог сказаць, што беларуская мова — толькі «мужыцкая». Увесь свет зразумеў, што наша мова — адна з самых мілагучных моў свету.