Максім Багдановіч: аналіз твораў, або Я разумею гэта так. Верш «Песняру»
Максіма Багдановіча нельга не любіць хоць бы таму, што, адарваны ад краіны-браначкі, хворы на сухоты, адчуваючы нявер’е бацькі ў сынавы здольнасці, ён не забыўся на свой край і свой народ і прысвяціў кароткае, як імгненне, жыццё ім, нам — яго нашчадкам. Нам бы сёння яго мужнасці, смеласці, веры ў тое, што наша крэўнае, спрадвечнае застанецца з намі і надалей.
Паэзія Страціма-лебедзя (а мевавіта так яго можна назваць) вывела нашу літаратуру на абсягі сусветнай, надала ёй культуру верша, і жанравую разнастайнасць, і далучанасць да дасягненняў сусветнай культуры. Паэт даказаў, што на нашай мове выдатна гучаць урыўкі з «Іліяды», творы Пушкіна, Міцкевіча, Верхарна і многіх іншых аўтараў.
Не люблю словы «аналіз твора». Яны стасуюцца да хіміі, да іншых дакладных навук, а яшчэ да філасофіі. Аналізаваць творы мастацтва - няплённы занятак. Лепш сказаць — асэнсоўваць, пераказваць, успрымаць. Гэтае ўспрыманне можа быць поўным і няпоўным, «выбарачным». Пры першым — твор трэба ацаніць усебакова: не толькі пра што ён (якая тэма ў ім закранута), але і як яна раскрываецца (ідэя), і якая форма спатрэбілася для яе ўвасаблення (кароткая — доўгая; вершаваная — празаічная і г. д.). У другім выпадку я стараюся заўсёды адзначаць тое, што найперш кінулася ў вочы, запала ў памяць. Часам сумяшчаю два віды ўспрымання твораў у адно цэлае (сінтэз).
Верш «Песняру» пра вечнае, пра тое, што заўсёды хвалявала мастакоў - і не толькі слова, але і фарбы, гуку, мармуру(маецца на ўвазе скульптура), сцэны. Паэт задае пытанне
сабе і іншым, маладзейшым за яго, аўтарам: што рабіць, каб слова дайшло да чытача, да людзей, якім адрасавана? Такім чынам, верш пра сутнаець мастацтва, яго вартасць і значнасць. Ужо ў самым пачатку паэт падкрэслівае, што сапраўднаму мастацтву дасягнуць мэты вельмі цяжка, і выкарыстоўвае яскравы эпітэт і параўнанне для характарыстыкі тых, хто ўспрымае прыгожае: у людзёй «сэрцы цвёрдыя, быццам з камення». Аб гэтыя сэрцы, дадае ён, слабы верш разаб’ецца, «не збудзіўшы святога сумлення». Для мяне важная і гэтая частка тэксту з першай страфы, якая сведчыць, што паэт прымае (і стварае!) толькі такое мастацтва, якое абуджае святое сумленне. Тут варта звярнуць увагу на экспрэсіўнасць, павышаную эмацыянальнасць і сэнсавую значнасць эпітэта святое (сумленне): не простае, а святое сумленне павінна выклікаць мастацтва ў свядомасці чытача. Адразу напрошваецца паралель з пушкінскім «Прарокам»: там пасланец Бога асвечвае і скіроўвае паэта да выканання місіі мастака. У Багдановіча гэтая ідэя паказана не так велічна, сімвалічна, як у рускага паэта. Але ў абодвух класікаў выказана адна і тая ж думка: паэзія — святая справа. Як для аўтара, так і для чытача.
У другой страфе Багдановіч паказвае сабе і іншым, якія вершшы з якога матэрыялу трэба рабіць, каб разбіць каменны холад чалавечых душ. Гэтым матэрыялам павінна быць сталь — яна, як звон, зазвініць, аформленая ў радкі твораў, і «брызнуць іскры з халодных каменняў» (чытайма — з каменных сэрцаў людзей).
Мяне ўразіла наступнае: аўтар, як мала хто з іншых паэтаў нашых і іншаземных, паставіў побач два вобразы — камень і сталь, раскрываючы праблемы ўспрымання літаратуры. Здзіўляе, што ён змог у сваім вершы раскрыць лабараторыю творчасці, падобную да філіграннай дзейнасці каваля. Нарэшце, паэт заклікае творцаў не спяшацца, цярпліва працаваць над матэрыялам. Што ён сам і рабіў, не шкадуючы сіл і здароўя.
Перад намі васьмірадковы шэдэўр. Скажаце, што на такую ацэнку не выцягвае верш «Песняру»? Выцягвае, і яшчэ як. Як філасофскім зместам (пра што ўжо напісана мною), так і формай.
Роля эпітэтаў параўнанняў ужо адзначана. Не адзначана выдатная гукавая інструментоўка... Услухаемся ў апошнюю страфу. Яна літаральна ўзрываецца знутры алітарыруючым гукам р. Гэта голас аўтара ўзнімаецца на агромністую вышыню. Гэта ён і здзіўляецца і ганарыцца, што менавіта такім — велічным і гучным — можа быць сапраўднае мастацтва. У творы ўдала спалучаюцца чатырох і трохстопныя радкі анапеста: спачатку размова вядзецца крыху запаволена, а затым (у карацейшых радках) паскараецца, набывае значэнне катэгарычнасці.
Твор напісаны ў форме звароту да «таварышаў па пяру». Па жанры, як мне думаецца, гэта ўрачыстая ода, гімн сапраўднай паэзіі.
Вось, бадай, што мне хацелася сказаць пра гэты твор. Самае галоўнае, што мне ў ім спадабалася, — скіраванасць думак паэта да народа, да людзей якім паэзія, літаратура павінна служыць (а не слугаваць, не дагаджаць, не плесціся ў хвасце людскіх запытаў і інтарэсаў). Пушкін зноў згадваецца ў канцы працы: ён мог назваць народ і натоўпам («Паэт і натоўп»), мог у найгоршы і самы балючы момант выказаць такую пякучую фразу: «Поэт, не дорожи любовию народной!» Максім Багдановіч гэтага не рабіў і не зрабіў бы, калі б працягвалася яго такое кароткае жыццё. Будзем помніць яго лаканічны, афарыстычны, нібы адточаны са сталі запавет:
Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба з цярпеннем.
Як ударыш ты ім, — ён, як звон, зазвініць,
Брызнуць іскры з халодных каменняў.