Пра Страціма-лебедзя...
Усё жыццё Максім Кніжнік адчуваў сваё адзіноцтва... Смерць маці і за ёю — ласкавай і добрай мачыхі. Непаразуменне з разумным бацькам, даследчыкам беларускай міфалогіі, нашых звычаяў, асветнікам, які катэгарычна забараніў сыну паступаць у Пецярбургскі ўніверсітэт.
Няпоўнае прыняцце нашаніўскім акружэннем... Расчараванне ў каханні... Пра хваробу ўжо і гаварыць не даводзіцца... Трывогі, суму, роспачы хопіць не на аднаго чалавека.
Вось адсюль, з фактаў асабістай біяграфіі і вырас твор-паданне, легенда, запавет «Страцім-лебедзь». Пра гэта ўсхвалявана напісаў Змітрок Бядуля, ў якога на працягу шасці месяцаў да ад’езду ў Ялту жыў вялікі майстар: «А ёсць такія песняры, у якіх паэтычныя творы гарманіруюць з іх уласным жыццём. Яны з’яўляюцца паэтамі ў звычайным жыцці» («Мае ўспаміны», 1923). Падобную гармонію напісанага з перажытым у асабістым жыцці адзначае Бядуля і ў апавяданні пра М. Багдановіча (такі падзагаловак дадзены твору) пад невыпадковай назвай «Страцім-лебедзь». Літаратар з’яднаў у адзін тугі вузел лёс біблейскай істоты - магутнай птушкі, што не захацела ратавацца ў Ноевым каўчэгу і загінула ў час сусветнага патопу пад цяжарам дробнага птаства, і адзінокага, самотнага беларускага песняра. Ды і сам пясняр засведчыў гэтае адзінства, калі чытаў Бядулю канцоўку твора: «Канцоўку ён прагаварыў падломаным тонам:
Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных — Максімавых.
Ён запнуўся і тут жа паправіўся:
Ды няма адных — Страцімавых.
Усхваляваны, я выйшаў на ганак пакурыць. Узрушыў маё сэрца сумны канец “Страцім - лебедзя”. Я адчуў, што Максім Багдановіч інакш пісаць не мог» Значыцца, у творы паяднаныя дакументальны і біблейскі пачаткі, Першы мае «ўнутраны», зместавы характар, другі мае большае дачыненне да выказвання гэтага пачатку, да формы (узвышанай міфалагізаванай, звышэмацыянальнай, як часта бывае ў фальклоры). Абодва яны - непадзельныя, вынікаюць адзін з аднаго. Паэт ганарыцца гордай, незалежнай птушкай, трагічна перажывае яе канец. Відаць, прадчувае такую ж сваю горкую долю. «Страцім-лебедзь» - балада, твор з напружаным дзеяннем, вострым канфліктам, трагедыйнай развязкай. Але ў баладзе выбруйваецца напружаным струменем лірычны пачатак, які ідзе ў многім ад захаплення магутнай птушкай:
Ды не плыў к яму з мора сіняга
Страцім-лебедзь - горды, моцны птах ,
Яго звычаі — арліныя,
Яго ўцехі — сакаліныя;
Пер’і-пер’ечкі бялеюцца Ды на золку агнявеюцца.
Колькі моцы ў працытаваных радках! Гэтая моц абумоўлена зваротам да фальклорных вобразаў-тропаў, удалы выбар якіх і пастаноўка побач даюць адметную характарыстыку герою бадады: Страцім-лебедзь - горды і моцны, падобны да арла, радасны, знаходлівы, як сокал, і ўвесь — бялюткі-бялюткі, што сімвалізуе яго чысціню і прыгажосць; толькі на золку «агнявеюцца» яго «пер’і-пер’ечкі». Паэту нестае звычайных слоў для выказвання сваёй радасці, боскай удзячнасці птушцы — сімвалу сілы, прыгажосці, непакоры, а таму ён і выкарыстоўвае неалагізмы - бялеюцца, агнявеюцца.
Многія выразы з балады маюць фальклорнае паходжанне, хоць, падобна Купалу і Коласу, паэт не захапляўся вуснай народнай творчасцю на поўную моц, стараўся паяднаць яе з кніжнымі традыцыямі. У дадзеным выпадку — з біблейскімі, міфалагічнымі. Несумненна фальклорны пачатак маюць сталыя эпітэты, выкарыстаныя паэтам для больш адметнай і выразнай характарыстыкі з’яў: белы - вольны свет; мора сіняе; моцны, горды птах. Тое ж самае можна сказаць пра параўнанні, прычым гіпербалічныя (такія параўнанні часта сустракаюцца ў казках і былінах): «узмахне крылом — быццам бор шуміць, // Узмахне другім — што мяцедь гудзіпь». Гэтыя параўнанні паўтараюцца двойчы і сведчаць пра веліч і сілу «гордага, моцнага птаха». У стылі фальклору і падвойнае выкарыстанне сэнсава блізкіх слоў («лугі — лагі», «лясы — бары», «другі — трэці дзень», «белы — вольны свет»), Твор напісаны каламыйкавым (разнавіднасць народнага) безрыфменным вершам. Кожны радок падзяляецца на дзве рытміка-інтанацыйныя долі. Тму яшчэ можна сказаць, што напісаны ён двухдольнікам:
Яго звычаі — // арліныя,
Яго ўцехі- // сакаліныя;
Пер’і-пер’ечкі // бялеюцца Ды на золку// агнявеюцца.
Максім Багдановіч — Страцім-лебедзь, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля таго, каб жыла і квітнела краіна-браначка Беларусь!