Філасофская тэматыка вершаў Рыгора Барадуліна
У наш прагматычны і маланкава імклівы час, калі чалавеку дарагая кожная хвіліна, чытач прывык да такіх жа імклівых і нервовых вершаў - экспромтаў, вершаў - імпульсаў, у якія недзе ў падтексце ледзь улоўнымі штрышкамі пазначана думка, якая і здольна абудзіць, узрухаваць душу, прымусіць яе радавацца альбо засмучацца, пакутаваць над вечнай загадкай чалавечага быцця.
Мэтай наступнай курсавой працы з'яўляецца даследванне тэмы філасофскай лірыкі Рыгора Барадуліна. Даследванне праведзена па творах пісьменніка і крытычных матэрыялах знакамітых беларускіх крытыкаў і публіцыстаў, якія таксама закранаюць гэтую тэматыку: У.Гніламёдаў, А.Русецкі, В.Старычонак, А.Лойка, С.Законнікаў, Л.Гарэлік, А.Астраух, В.Макарэвіч.
Свет паэзіі Рыгора Барадуліна - асобны, шырокі і высокі, маляўнічы і шматгалосы. У яго ўваходзіш сёння, як ва ўжо знаёмы і блізкі сваімі ўрочышчамі палёў і пералескаў, рэк і азёр свет. Ты тут быў, ты прыйшоў зноў. Ты ўспамінаеш, што тут было, бачыш, што ёсць цяпер, пазнаючы і не пазнаючы знаёмыя мясціны, бо, як і ў прыродзе, тут пануе вечны закон абнаўлення. Дык, як і ў прыродзе, сённяшняе, якое буяе навіной, не можа стушаваць усіх слядоў учарашняга. Тым больш калі гэта ўчарашняе - яно і спаконвечнае: зялёныя аеры, белы снег, чырвонае сонейка, сіні блакіт над хатай.
Спектр філасофскай тэматыкі і праблематыкі ў творчасці Рыгора Барадуліна мае багатую палітру. Бадай што, любы са шматлікіх яго зборнікаў можа пацвердзіць гэтыя словы. Тым больш яны тычацца творчасці эпохі пераменаў, эпохі рознага роду трансармацый, эпохі з аморфнымі, астыгматычнымі, спашукаючымі чалавека каштоўнасцямі. Адчуць подых эпохі і разам з тым не збіцца на шлях да лжэідэалаў, не згубіць у сабе чалавечнасць дапамагае пранікнёнае спасціжэнне сталай мудрасці паэта ў яго творах.
Філасофскія лірычныя вершы Рыгора Барадуліна тужаць па гарманічнай душы, сапраўднаму інтлекту, пры судакрананні з якім багацее кожная душа. Аўтар прагне высокага неба ідэала, у якім можа шырока развінуць крылы неўтаймаваная фантазія і ўзнёсласць. Шукае ўсё гэта не ў завоблачных высях і абстрактных эмпірыях, а ў рэальным жыцці, сярод рэальных людзей і асоб.