Планэта матуль. Рыгор Барадулін
Ты прахукваеш у шыбіне сваё вакенца ў зімовы сьвет. А на плечы табе цёплай аблачынкай апускаецца апранашка, сагрэтая матчынымі плячыма.
Сьнег на шчацэ растане, і зашчыміць прытухлым болем трывога. Адчуеш адразу, як пачынае цяплець у цябе пад нагамі зямля, адтуль, з малых гадоў, з малечых сьлядоў.
I першы мароз запахне матчыным дыханьнем, халодным малаком і самым смачным у сьвеце, бо часцей яго не хапала, хлебам пасьля вайны...
Праталкі першыя, першыя прысмалкі на санным сьледзе – сьляды вясны.
Гэта матчыны вочы першыя выглядзелі здалёку вясну. На сакавіцкія кветкі зірнеш і сорамам зойдзешся. Некалі не прынёс іх маці, забыўся прынесьці, вырашыўшы, што гэта здасца занадта сантымэнтальным учынкам, не мужчынскім. Адно забыўшыся, пакуль жывая маці, ты ўсе роўна дзіця горкае і дужа безабароннае...
Лета на аграблях дасушвае на вятрах падвялае сена, на матчыных аграблях.
I навальніца летняя гразіцца зусім не грозна, ня злосна, яна спагадліва дакарае, як маці. Пазьней дойдзе да цябе сэнс прымаўкі: граза у лес ня йдзець...
Восень у матчыных даланях трымае важкія пахі з гароду і саду. Кожнаму каліўцу кланялася маці не адзін раз, з кожным яблыкам гаварыла, горам і радасьцю дзялілася.
Незабытна пахне варыва з маладых прыпасаў. Новая навіна на старое чэрава – усьміхаецца прыгавор разам з маці...
Увесь год усяго жывога і зялёнага пачаты і завершаны матчынымі клопатамі, матчыным стараньнем.
I год жыцьця нашага ад вясны да зазімка ці да глухой зімы – ён матчын, ён нам дадзены матуляй.
Памяць нашая пра сябе малых і веданьне сябе саміх – ад маці. Пакуль жыве маці, жыве нашая памяць жывая.
Толькі маці і зямля, яны ж абедзьве жанчыны, разумеюць сэнс жыцьця, нас, дзяцей сваіх.
Экзюпэры назваў зямлю нашую планэтай людзей. Я назваў бы – планэтай Матуль.