Творчасць. На таку майго веку. Рыгор Барадулін
Помніць сябе пачынаю пад галасы жніўнае песні. Хутар Верасовачка. Песня тужлівая, здаецца, колецца неўсвядомленай яшчэ самотай, як іржэўе.
Заходзіць сонца. Мама кажа страшную казку.
Калі бацька прыходзіў з працы ці прыязджаў з руму, я любіў расперазаць яго, каб з запазухі выпаў ці абаранак, ці акрайчык, што перадаў зайчык.
Недалёка ад нашага хутара жыў Максім. У яго была дачка Маня. Мне яна прыносіла суніцы, забаўляла мяне. Тады я палюбіў слова "гарнушак". І, каб укласці мяне спаць, маме даводзілася спяваць песню з адным словам - "Маня, Маня, Маня".
Стрыглі мяне за некалькі начэй, соннага. Бо не даваўся, заходзіўся ад плачу. І мама і бацька не спалі, каб зрабіць адзін стрыг.
Пераезд у Вушачу помню дужа смутна. На кані паклажа і я. Чамусьць цяжка было перавезці з хутара ката. Яго, як ваўка таго, у лес, у хмыз цягнула.
У Вушачы, нешта ўроілася мне, сядзеў на бальшаку і еў кашу. Нейкая цётка папрасіла пакаштаваць, плакаў, не хацеў даць. Зверху мама дадала жалю розгай за скупасць.
Бацька мяне не біў. Толькі калі я пачынаў хадзіць на галаве, пытаўся: "А дзе мой чорненькі?" Гэта значыць, раменьчык. І гэтага запытання хапала.
Галоўная вуліца Вушачы была забудавана акуратнымі мураванкамі. Такія вуліцы захаваліся там-сям у мястэчках былой Заходняй Беларусі, у Балтыі. Ад іх веяла хатняй утульнасцю, спакоем, парадкам. Гэта пазней з'явіліся камунальныя, ці, як іх называлі, казённыя дамы, бо не свае. Халодныя.
У хаце насупраць нашай, цераз дарогу, жылі Латышы. За Латышавай хатай было заліўное балотца. Нашая маленькая мора. У канцы балотца бацька майстраваў нешта накшталт застаўкі. Бегаў да яго. Бацька даваў мне капейкі, і я купляў нейкае ўзорчатае печыва. Пасля вайны я даведаўся, што гэта былі вафлі.
Пачыналася вайна. Савецкая ўлада ўцякала. Безуладдзе. Вусціш.
Чуў, як пошаптам мама з бацькам казалі: у ляску пры дарозе на Арэхаўна расстрэльвалі палякаў. Мужчын, жанчын, старых, дзяцей. (Гэта рука дапамогі прасавечаных братоў паняволеным братам Заходняй Беларусі. Ачышчалі турмы сталінскія малойчыкі).
Пачатак вайны запомніўся так. Наляцеў самалёт. Мы з бацькам беглі па жыце, жыта нават мяне не магло схаваць. Дабеглі да зямлянкі.
Партыйцы, уцякаючы, загадалі вывернуць у ямы ўчыненую рашчыну з хлебапякарні (каб ворагу не дастаўся хлеб!). Местачкоўцы, хто чым мог, чарэпалі, насілі дамоў. Пяклі. Хлеб еўся смачна, хоць і на зубах хрумсцеў пясок.
Пасля, калі гналі калону ваеннапалонных, кідалі і жанчыны, і мы, дзеці, гэтыя праснакі, як тыя, што елі яўрэі, выходзячы з егіпецкага палону.
Яўрэям нашывалі жоўтыя лапікі. Зганялі ў адно месца, агароджвалі дротам. Забаранялася яўрэям хадзіць па Вушачы. Калі па ходніку ішоў немец, яўрэй мусіў сысці на дарогу. Мама ішла са сваёй даўняй знаёмай. Тут патруль. Пытаецца ў яўрэйкі: "Юдэ?" Тая анямела. Мама кажа, што не. І хрысціцца. І за сябе, і за сяброўку. Хмару пранесла.
Немцы любілі дакладнасць. Гналі палонных і, колькі недалічыліся, столькі забралі ў Вушачы мужчын. Лагер быў у Лепелі. Ушацкія жанчыны, узяўшы апошняе з запасаў, ішлі па сваіх мужыкоў. Пільнавалі, калі адвернецца вартавы, тады хуценька выпіхвалі тутэйшага пад дрот. Жанчыны тут жа давалі яму на рукі дзіця, яшчэ якія граблі, і жонка, так бы мовіць, ішла са сваім гаспадаром некуды ў поле на працу.
Дзве цагляныя будыніны школы былі каля нашае хаты. Немцы абклалі з усіх бакоў школу штабялямі дроў, каб лес бараніў ад ляснога войска, якое ўжо пачало набіраць сілу. Закідваліся з Масквы чэкісты, палітработнікі.
Пачаліся налёты партызан на Вушачу. Колькі разоў сцены нашае хаты прашывалі кулі.
Партызаны перамаглі. Немцы і паліцаі адступілі ў Лепель. Там быў умацаваны гарнізон.
З аэрадрома ў Вуле штодня налятаў самалёт і скідваў бомбы на Вушачу. Цэліў па царкве, а ўся Вушача якраз хавалася ў царкве.
...Пачыналася блакада. Узялі з сабой што можна было панесці, карову за рогі і рушылі з усімі пад Лявонаўскую пушчу. Блакада не ведала літасці ні да кога. Партызаны адыходзілі, пакідалі ўсіх, і старых і малых.
У лесе быў згубіўся. Крычаў-крычаў: "Мама!" - нікога. Закрычаў: "Куліна!" Мама знайшлася. З аўчаркамі выгналі нас у вёску Пліна. Пагналі назад у Вушачу.
З Вушачы пагналі нас у вёску Качаны. Пустыя хаты. Тыфус. Я захварэў. Мама баялася, што немцы агледзяць, могуць застрэліць. З Качаноў вярнуліся ў Вушачу.
Па начах усё гучней і гучней чулася кананада.
Аднойчы на шарэнніку, пасля густой страляніны, настала такая цішыня, што чуваць было, як трава пад расой гнецца. Імгненне. Гул матораў. Танкі. Чые? Усе суцішыліся, стаіліся. І тут раптам чуем: "Мать-перемать". Нашы!
Прыйшлі на галавешкі. На пагарэлішчы мама стаўляла хату. І колькі жыла мама, усё дарабляла хату. Для ўдавы ўсё было дорага і недаступна.
Першую сваю настаўніцу не магу ўспомніць добрым словам, як ні крыўдна. Крычала. Пускала ў ход рукі.
Затое прыйшла да нас другая - станістая, чарнавокая, з цяжкімі косамі Ефрасіння Міхайлаўна. Я быў закаханы ў яе. Стараўся з ўсяе сілы звярнуць на сябе ўвагу - круціўся, парушаў дысціпліну.
А муж маёй любімай настаўніцы быў пазней дырэктарам школы. Ад яго я ўпершыню пачуў літаратурна правільную, пявучую, сакавітую беларускую мову. Алесь Антонавіч Карабань. Ён і з трыбуны падчас прастольных савецкіх святаў гаварыў па-беларуску. Я толькі чакаў, калі аб'явяць: Алесь Антонавіч Карабань. Якраз Алесь. Дужа цёпла, дужа сардэчна гучала нават адно імя.
Баба Малання, маміна мама, была уніяткай, малілася па-беларуску.
Мама дужа добра шыла. Прапаноўвалі ісці ў арцель. Не пайшла. Гаспадарка, хай і невялікая, патрабавала шмат увагі. Дый за сынам трэба было прыглядаць, каб ад рук не адбіўся. Калі яна спала, пачынаю ўспамінаць і не прыпомню. Да апошняга была мама рупніцай. Па-латышску rupnica - фабрыка, завод. Чаму латышскую мову згадаў? Бацька мамін быў латыш. Рыжанін Галвіньш - механік па млынах.
Мама чакала да канца дзён свайго Івана, бацьку майго. Пыталася ва ўсіх, ці бачылі, ці чулі, ці помняць партызана Івана Барадуліна. Адны казалі, што нібыта паранены сам сябе падарваў, другія, што загінуў у вёсцы Белае каля возера. Ні ліста ад жывога, ні пахавальнага ліста. А непахаванага чакаюць, пакуль жывуць.
І ў рэдкія светлыя часіны, і ў даўгія чорныя звярталася мама да Бога са шчырай малітвай. Як стаў сябе помніць, заўсёды ксціўся, паўтараў за мамай "Ойча наш". У хаце на куце жыў Бог. Усе святы шанаваліся, святкаваліся. Асабліва любіў я Каляды і Вялікадне, Вялічка.
У мяне быў свой інтарэс, каб не супалі праваслаўнае і каталіцкае Вялікадні. Бо калі мяне трэба было хрысціць - ішла "культурная рэвалюцыя". Святарам падпальвалі бароды, трактарамі сцягвалі крыжы з храмаў, абразамі палілі печкі. Асабліва перажывала бабуля Малання, што ўнук расце нехрысцем. Праездам быў ксёндз. Вырашылі ахрысціць хоць у ксяндза. Маткай хроснай была Феліцыя Антонаўна Міклашэўская, хросным бацькам - Качан. Потым, калі прыязджаў праваслаўны святар, бабуля хацела, каб перахрысцілі. Мама не згадзілася. Так і святакаваў я два Вялікадні.
Мама, што называецца, дыхала на мяне. Але не дазваляла, каб пайшоў паверх папараці. І рос я мамнікам. У нас пра малога, які дужа гнаўся за маці, казалі - мамнік.
Усё ад маці. Толькі з малаком маці перадаецца натуральная, родная мова. Парашковае малако - парашковая мова. Вера ў Бога - ад матчынай душы, малітва - з вуснаў маці.
...У школе былі настаўнікі розныя. Адны ведалі тое, што выкладалі, другія не ведалі. Адных мы любілі, другіх не любілі. Нямецкую мову мы вывучалі з трэцяга класа. Першая настаўніца няйначай па начах сама вучыла літары лацінкі, бо слова Deutsch чытала як деутш. На шчасце, неўзабаве прыйшла Пелагея Філімонаўна Харчанка, якая ў свой час скончыла гімназію.
Наш новы настаўнік, Канстанцін Паўлавіч Баразна, наладзіў выпуск школьнага літаратурнага альманаха "Першыя крокі". Мы з Алесем Лобкісам былі першымі паэтамі вушацкай школы. У выпускным класе мы надрукавалі аж у "Віцебскім рабочым" допіс за двума подпісамі пра свята песні ў Вушачы. Абодва наважыліся паступаць ва універсітэт. Аднакласнік даў мне нумар "Звязды", дзе аб'яўляўся прыём ва універсітэт. У заяве сваёй напісаў я, каб дапусцілі мяне да ўступных экзаменаў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры або журналістыкі.
У касаваротцы мамінай работы, з драўляным чамаданчыкам рушыў я ў Мінск. У Мінску нідзе не чую беларускай мовы. Расійска-мінская трасянка ў лепшым выпадку. Я ашукаўся ў беларускасці Мінска і універсітэта.
Здаў экзамены. Дома чакаў выкліку. Нешта затрымлівалася паперка, ад якой шмат чаго залежала. Ужо хацелі забраць у салдаты. Бацькаў пляменнік Пятрок, былы партызан і салдат, угаварыў камісію ў ваенкамаце, каб пачакалі. І ўрэшце выклік прыйшоў. Я - студэнт універсітэта!
Першая нарада маладых. Першая для мяне. Шчасліўчыкаў сабралі ў Саюзе пісьменнікаў. Чакаем, павінен прыехаць Якуб Колас. Але нешта жывы сапраўдны класік бавіцца. Прыязджае. Не дужа здаровы. Яго садзяць, каб не было скразнякоў. Фатаграфуемся на памяць. На адным з групавых здымкаў і мой нос недзе ў самым апошнім шэрагу.
У Доме творчасці ў Каралішчавічах нас вучылі, настаўлялі на дарогу сацыялістычнага рэалізму.
Перад тым як нашыя творы разбіралі афіцыйныя свяцілы, мы самі чыталі адзін аднаму свае вершы, знаёміліся, прывыкалі да саміх сябе ў новых абставінах. Неяк хутчэй за ўсё сышоўся я з універсітэцкімі паэтамі Генадзем Бураўкіным, Юрасём Цвіркам. Усіх здзівіў сваёй адукаванасцю і разам з тым непасрэднасцю і шчырасцю Уладзімір Караткевіч.
Літаб'яднанне пры "Чырвонай змене" было тым асяродкам, які гуртаваў пачаткоўцаў. Тут вучыліся самі пісаць вершы і іншых вучылі. Літкасультантам пры "Чырвонцы" быў Іван Калеснік, ён жа фактычна быў і кіраўніком літаб'яднання. Гэта ад яго я атрымаў адказ, які падбадзёрыў мяне, зацепліў нейкую іскрынку надзеі.
Студэнтам прынялі мяне ў Саюз пісьменнікаў. Запомніўся дзень таму, што атрымаў двойку па спецпадрыхтоўцы, а ў абед прынялі ў Саюз.
Пасля універсітэта я павіс паміж небам і зямлёй. У беларускіх часопісах і газетах былі месцы, але, як у анекдоце гаворыцца, у генералаў свае ўнукі. Выпадкова сустрэў мяне Уладзімір Мацвееў, які працаваў тады ў "Знамени юности", і пасватаў у газету "Советская Белоруссия". Рэдактар газеты Здаравенін быў тым расіянінам, што любіў і паважаў усё беларускае. Пры агульным манкурцкім духу беларусаў, супрацоўнікаў рэдакцыі, Здаравенін казаў мне, каб я гаварыў па-беларуску, каб рыхтаваў штомесячна літаратурную старонку, дзе б змяшчаліся творы беларускіх аўтараў у перакладзе на рускую мову.
Ад імя здаравенінскай газеты ездзіў я ў Гродна да свайго земляка Васіля Быкава па апавяданне. Бачыў, як Васіль удзень ходзіць у рэдакцыю абласной газеты, а ўночы працуе. Ад ураджэнца вескі Бычкі, што на Вушаччыне, чуў я тады, на пачатку 60-х гадоў, тое, пра што прывыкаюць не баяцца казаць сёння.
Працаваць у "Советской Белоруссии" давялося мне нядоўга.
Прынёс вершы ў часопіс "Беларусь". Заходзіць у кабінет невысокі ростам, нецярплівы, нервовы, крыху грэбліва-пыхлівы, з быстрымі цёмна-маладымі вачыма, з амаль жаночымі рысамі твару мужчына. Знаёмімся. Усевалад Краўчанка. Адразу сказаў, што яму патрэбны чалавек у рэдакцыю. І стаў я аж рэдактарам аддзела ў часопісе "Бярозка", вёў паэзію, прозу, спорт, шахматы, красворды, раздзел "Гэта ваша творчасць."
Працаваў трохі ў часопісе "Беларусь".
У "Полымі" пры Паўлу Кавалёве можна было працаваць. У аддзел паэзіі ён не ўмешваўся. Там упершыню даў я вершы Уладзіміра Лісіцына, Уладзіміра Някляева, Леаніда Дайнекі. Калі прысылаў падборку Аляксей Пысін, здаваў адразу ў нумар, нягледзечы на абавязковыя тады планы.
Выдавецкі лёс звёў мяне з Уладзімірам Міхайлавічам Шахаўцом, празаікам, паэтам, перакладчыкам, чалавекам унікальнай памяці і працаздольнасці. Працаваць пад ягоным кіраўніцтвам у выдавецтве "Мастацкая літаратура" было і павучальна, і прыемна.
Своеасаблівым відовішчам быў прыход кожнага аўтара ў выдавецтва. Само афармленне рукапісу. У Броўкі ў звышдабротных, спецыяльна зробленых папках з акуратнымі белымі завязачкамі. У Анатоля Вялюгіна надрукавана на лашчонай паперы. Па-палеску надзвычай уважлівы да свае асобы быў Іван Мележ.
Сапраўдным святам быў любы прыход у выдавецтва Уладзіміра Караткевіча. Збягаліся паслухаць ягоныя распавяданні, неадрэгаваныя жарты, неверагодныя выдумкі, на якія ён быў спец непераўзыдзены.
Мікола Ткачоў, а пасля Міхал Дубянецкі годна і рупліва дырэктаравалі ў выдавецтве, стараючыся хоць як вырвацца з-пад нядрэмнага кантролю ЦК.
На барацьбе з рознымі камітэтамі і ЦК (маскоўскім і мясцовым) і згарэў заўчасна Міхал Дубянецкі, адстойваючы праўду і беларускасць, адстойваючы, у прыватнасці, лепшых нашых пісьменнікаў, у першую чаргу Васіля Быкава.
...Успамінаць можна шмат чаго. Але большае забылася, а меншае засталося.
Большая частка жыцця пражыта. Засталася меншая. А над малым дзіцем болей дрыжаць. Але як ні дрыжы, колькі Бог дасць яшчэ пражыць, столькі і пражывеш. Бог - бацька.
Пішу гэтыя радкі ў мамінай хаце 30 жніўня. Здаецца, у гэты ж дзень у 1954 годзе ехаў я ў Мінск па веды. І даведаўся, што толькі дома я дома.
На таку майго веку зярняты дзён былі добрыя. Самым чыстым зернем, самым адборным засталіся маміны словы. З іх хлеб для душы мае...