Аналіз верша “Нагбом”
Верш “Нагбом” адносіцца да цыклу вершаў, прысвечанных Вялікай Айчыннай вайне, з’яўляецца ўспамінам Барадуліна аб страшэнных, лютых гадах вайны, у якія загінуў яго бацька. Верш вельмі насычаны перажываннямі, ён выглядае як абагульненыя ўражані “дзяцей вайны” пра тыя жудасныя часіны. Апошнія радкі яго абагульняюць ідэйны змест усяго твора: роздум паэта аб сваім пакаленні і сэнсе яго жыцця, сэнсе жыцця ўвогуле кожнага чалавека:
… і сонца смех,
і аблачынак апошні снег
п’ю з неба,
як з поўнага кубка,
нагбом,
бо сувязны не дапіў…
Паэт вельмі добра захаваў у памяці момант са свайго дзяцінства: ідзе “трэцяя партызанская вясна”, партызанская зона, малады партызан-сувязны п’е нагбом з вядра ваду каля старога калодзежа, які цудам пражыў тры ваенныя вясны. Адно імгненне сустрэчы ў вядры з вадой, якое дастаў малады партызан, сонейка і ільдзінак, на мой погляд, і стала асноўным штуршком для паэтычнага адлюстравання гэтай сцэны, бо гэтая сустрэча нібы сустрэча цеплыні і холада, дабрыні і зла, нямецкай і савецкай моцы, яна нібы прадвяшчала сустрэчу нямецкай кулі з жыццём маладога ваеннага, пасля чаго гэтае жыццё прыпынілася. Жудасная сцэна забойства, асабліва жудасная для опзіоку маленькага хлопчыка, для якога свет яшчэ павінны быць светлым і добрым.
У вершы арыгінальна і пераканаўча перададзена жыццялюбства сувязнога і лірычнага героя. Гэта найбольш добра ўвасоблена сімвалічным вобразам поўнага вядра вады, якое з’яўляецца нібы поўным кубкам жыцця і ў якім сустрэліся сонца і ільдзшнкі:
Паветра ўдыхнуўшы,
хлопец дзьме
на ільдзінкі –
б’юцца ў клёпкі са звонам,
яшчэ адзін уздых ягоны -
сонца, як перагрэтая медзь,
у сценку драўляную стукае мякка.
Нагбом
з поўнага
п’е партызан са смакам –
толькі ходзіць кадык.
З вялікай узрушанасцю гучаць апошнія радкі верша, бо хлопец- сувязны не сустрэў перамогу над немцамі. Жыццялюб і абаронца, ён загінуў у поўным расцвеце моцы, поўны жадання мірна, добра, шчасліва жыць пасля перамогі. Паэт падкрэслівае, што за здзяйсненне мары не аднаго салдата, а цэлага народа, для мірнага і паўнацэннага жыцця будучых пакаленняў заплачана дарагой цаной. Заключныя радкі перадаюць урачыстасць і драматызм лірычнага перажывання, у іх спалучаюцца трагзм і жыццясцвярджальны пафас.
Ад імя ўсіх уратаваных ад гібелі пакаленняў паэт і яго лірычны герой схіляюць у самоце і пашане галаву. Чырвонай ніццю праз увесь твор праходзіць тэма бясконцай удзячнасці ўсім загінуўшым дзеля будучых.
У вершы прысутнічаюць дзве ключавыя постаці, два героі. Першы – малады, прыгожы, жыццярадасны, не паспеўшы пражыць поўнае змястоўнае жыццё, сувязны. Другі – лірычны герой, праз прызму якога мы бачым падзеі, разам з якім перажываем, разам з якім аддаем даніну памяці. Ідэйны змест гэтага верша заключаецца ў няспыннасці, пераемнасці жыцця ад пакалення да пакалення, бясконцай удзячнасці жывых перад светлай памяццю загінуўшых.