Чужыя “чувіхі” класікаў
Многія выдатна ведаюць песню Зміцера Вайцюшкевіча “Чувіха”, якую некалькі дзесяцігоддзяў таму прыдумалі Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін. Аднак для многіх так і застаецца загадкай, пра якую ж “чувіху” пісалі класікі. — У той час мы з Рыгорам Барадуліным выпускалі перадачу на радыё, якая называлася “На калючай хвалі”, — успамінае Генадзь Бураўкін. — Вечарамі, нават начамі сядзелі і прыдумвалі розныя хохмы. Вось так адной ноччу мы і напісалі “Чувіху клёвую”, якую зараз спявае Зміцер Вайцюшкевіч. Вядома, пісалі жартам, на хаду, і нават не думалі, што верш дажыве да нашага часу і сённяшняя моладзь будзе так добра яго прымаць. Якраз тады толькі паявілася такое слова – “чувіха” і мода гуляць “па Брадвеі” – па цэнтральных вуліцах. Пачалі з’яўляцца нейкія такія хлопцы і дзяўчаты, якія не ўпісваліся ў прывычныя камсамольскія рамкі. Вось і пісалі мы пра гэтых чужых “чувіх”. У мяне ж была жонка, а ў Рыгора Валя, таксама будучая жонка. Так што сваімі чувіхамі мы не паспелі абзавесціся.