Барадулін і “Напалеон”
Сёння Рыгора Барадуліна можна назваць адным з самых цвярозых паэтаў. “Людзі столькі не жывуць, колькі я не п’ю”, — прызнаўся ён неяк у інтэрв’ю “Комсомольской правде в Белоруссии”. Аднак так было не заўсёды: у бурлівай маладосці пра разгульнае жыццё Барадуліна хадзілі цэлыя легенды. Частымі ягонымі сябрамі па гэтай справе былі Уладзімір Караткевіч і Анатоль Вялюгін. Прычым, як успамінае паэт, пілі тады “да покату” і ўсё, што толькі п’ецца. А вось смак французскага каньяку “Напалеон” так і застаўся для Барадуліна загадкай.
“Самае крыўднае, што за ўсё п’янае жыццё не запомніў смак каньяку “Напалеон”, паколькі звычайна пілі яго пасля ўсяго — гарэлкі, спірту, самагонкі, моцнага віна, — успамінаў у інтэрв’ю газеце паэт. — І вось я ведаю, што піў “Напалеон”, але які ён на смак — хоць забі не памятаю!..”
Гэта не адзіны “Напалеон”, які прайшоў міма паэта.
“Мы тады жылі ў “хрушчоўцы”, і я вырашыла спячы торт “Напалеон”,— успамінае жонка Барадуліна Валянціна. — Рыгора дома не было. А паколькі кухня маленькая, лісты для торту паклала на канапе ў пакоі. Зразумела, завазілася. Раптам званок у дзверы — заходзяць два невядомыя чалавекі, уносяць майго мужа і ўкладваюць прама на гэтыя лісты!
Карацей, не давялося Барадуліну паспытаць смак і гэтага “Напалеона”.