Як Барадулін маскоўскую кар’еру Някляева “загубіў”
Палову са сваіх 75 гадоў Рыгор Барадулін сябруе з паэтам Уладзімірам Някляевым. І, як аказалася, менавіта ён і адыграў найвялікшую ролю ў лёсе свайго маладзейшага калегі.
— У 1969 годзе я адправіў рукапіс сваёй першай кнігі ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”, якое тады вельмі ўдала размяшчалася насупраць уваходу ў рэстаран "Мінск", — расказаў “Салідарнасці” Уладзімір Някляеў. — Гады праз тры, калі рукапіс памурыжылі і засяклі, я вырашыў з’ехаць у Маскву, дзе рыхтавалася да выдання мая кніга на рускай мове (там яе ніхто не сек). Я вучыўся ў Маскве ў Літаратурным інстытуце, мяне бралі на працу на цэнтральнае тэлебачанне — карацей, у Маскве ў мяне усё было добра.
У дзень ад’езду малады паэт прыйшоў забраць рукапіс з “Мастацкай літаратуры” і нечакана сутыкнуўся з Барадуліным.
— Ён, сустрэўшы мяне на вузкай нейтральнай паласе паміж выдавецтвам і рэстаранам, сказаў, што, калі ўжо я назаўжды з’язджаю, дык трэба і развітацца па-чалавечы, — успамінае паэт. — Сам жа Барадулін тады ўжо не піў, таму прыйшлося мне развітвацца за дваіх — і ў выніку не змог я адужаць зусім недалёкі шлях ад рэстарана да вакзалу, у іншую будучыню.
Так лёс з лёгкай рукі Барадуліна і пакінуў Някляева на Беларусі. Барадулін жа аддаў рукапіс маладога паэта на паўторную рэцэнзію. У выніку на тытульным лісце рукапісу з’явіўся надпіс: "Калі выдаваць першыя кнігі вершаў, дык такія". І подпіс: Пімен Панчанка, народны паэт Беларусі.
— У тыя часы вярнуць рукапіс да жыцця мог толькі той, чый аўтарытэт быў вышэй за аўтарытэт рэцэнзента, што “зарубіў” кнігу, а такім аўтарытэтам валодалі толькі народныя паэты, — адзначае Уладзімір Някляеў. — Барадулін хацеў аддаць рукапіс яшчэ і Аркадзю Куляшову, але вырашылі, што двух народных паэтаў на аднаго ненароднага рэцэнзента будзе залішне. Тым больш што да рэцэнзента я добра ставіўся, і яго рэцэнзія на адносіны не паўплывала. Можа, толькі крыху, калі ён прызнаўся, што яму сказалі, якую напісаць рэцэнзію. Маўляў, раз здабываецца Някляеў у Маскве, дык няхай у маскалёў і выдаецца.
Усё скончылася тым, што забраў паэт з маскоўскага выдавецтва рукапіс. Неўзабаве стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, затым яго старшынёй.
— Вось і думаю зараз: хто ж у маім лёсе Рыгор Барадулін?!