Вайна і каханне: магчымасць немагчымага: пра баладу П. Броўкі «Надзя-Надзейка», і не толькі
Замест уступу, які патрабуюць настаўнікі даваць у самым пачатку творчай працы, скажу, што паняцці «вайна» і «каханне» — рэчы несумяшчальныя. Так, несумяшчальныя, розныя, антыподы. Вайна — гэта бяда, смерць, скруха, каханне — радасць, цеплыня і дабрыня, жыццё ў найвышэйшай сваёй праяве. Але ўся справа ў тым, што пісьменнікі ставяць іх вельмі часта побач... Настаўніца рускай літаратуры не апавядала падрабязна, а проста згадала, што Максім Горкі быў аўтарам ранняга рамантычнага твора «Дзяўчына і смерць», дзе сілай кахання гераіня прымусіла смерць адмяніць злавесны прысуд над маладымі людзьмі. Ведаю (не помню — ад каго), што Аляксей Талстой спачатку задумаў напісаць не эпапею «Блуканне па пакутах», а твор пра тое, як каханне перамагло ўсё: войны, разбурэнне і нават смерць. Каханне ратуе і аберагае людзей, робіць іх святлейшымі і чысцейшымі. Пра гэта многія творы беларускіх пісьменнікаў і найперш Янкі Купалы (паэма «Яна і я»), Якуба Коласа (трылогія «На ростанях»).
Пятрусь Броўка павярнуў тэму таксама ў падобны папрамак: ён супрацьпаставіў каханне і вайну, даў ім розныя імёны, паказаў, у тым ліку праз адносіны, нібы жывых, з’яў, прадметаў — той самай бярозы, што, якой бы пачварнай ні была вайна, якую б смерць ні сеяла, каханне застаецца і... перамагае. Пра гэтае пераможнае шэсце кахання па зняйвечанай вайной зямлі балада «Надзя-Надзейка».
Балада «Надзя-Надзейка» - пра каханне, загубленае вайной. У фальклорным стылі паэт параўноўвае лёс дзяўчыны і яе заступніцы і ахоўніцы бярозы — сведкі даваеннага, бесклапотнага і ваенага, трагічцага жыцця, якая не можа прымірыцца з тым, што яе выкарыстылі як вісельню чужынцы. У сваім маналогу-звароце да жывых, асабліва да каханага дзяўчыны, бяроза просіць адпомсціць ворагам за здзекі, зняць з яе віну:
3 лісцем пажоўклым горкія слёзы
Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:
— Добрыя людзі, жальбу здыміце,
Лепей мяне вы, бярозу, спіліце.
Гэтую дзеўчыну знала я дзіцём... —
Жоўты пясочак.
Зялёны вяночак.
Сінія вочкі
Што васілёчкі.
Балада гучыць як сумная песня, як галашэнне, што падкрэсліваецца ўстойлівымі фальклорнымі вобразамі-дэталямі, эпітэтамі: горачка-гора, горкія слёзы, сінія вочкі, добрыя людзі, чыстая сляза, песні-вяснянкі. Звяртаецца паэт яшчэ да аднаго вобраза, які ўзыходзіць да біблейскіх часоў, васілька. Вобраз дзяўчыны як бы асвятляецца узвышаецца параўнаннем яе вачэй з васількамі — неад’емнай прыкметай прыгажосці, сімвалам самой Беларусі. Гаротны лёс маладой дзяўчыны згадвае таксама жалейка, плачам якой пачынаецца балада. Менавіта жалейка стараецца «абудзіць» памяць і душу бярозы выклікае яе на сумны дыялог:
— Надзя-Надзейка!— плача жалейка. —
Болей рукам тваім
Жыта не жаці,
Жыта не жаці,
Снапоў не вязаці.
Сумныя гукі жалейкі падобныя на плач. Звернем увагу і на тое, што як у многіх фальклорных творах, маналог бярозы паўтараецца тройчы: яна адказвае спачатку на папрок жалейкі, што не ўратавала дзяўчыну, другі раз — на пытанне хлопца, чаму не схавала яго каханую Надзейку ў сваім голлі, а трэці раз скардзіцца на сваю вымушаную бяздзейнасць, калі адбывалася трагедыя Надзі-Надзейкі. У канцы балады паэт зноў у стылі фальклору паказвае ворагаў у абліччы чорнага дракона (змеі сімвалізавалі ў казках, легендах і іншых фальклорных творах чорныя сілы):
— Як наляцела цемра-навала,
Змеі напалі, джалілі джалам.
Дымам дыхнулі, — чорнай я стала,
3 крыкам і тлумам,
Гвалтам і глумам
Красу загубілі,
Дзяўчыну забілі.
Твор заканчваецца палымяным маналогам хлопца-партызана пра блізкую расплату з захопнікамі-катамі. Аднак постаць юнака не такая выразная, як постаць Надзі-Надзейкі: ён ходзіць па лесе, сумуе-гаруе, чуючы гукі жалейкі, дакарае сябе і прыроду за тое, што здарылася. Маналог юнака належыць адначасова і аўтару балады, вытрыманы ў рамантычным стылі, лірычны:
Грукнем маланкамі
Ды перунамі,
Выпечам змеяў жалезам калёным,
Неба ачысцім, хмары разгонім,
Дзеўчыну ўславім,
Голле расправім,
Травы абсыплем чыстай слязою,
Чыстай слязою,
Быццам расою.
Самы апошні радок балады — абрыўны і сумны гук жалейкі: «Надзя! Надзейка!.. — кліча жалейка».
Балада «Надзя-Надзейка» не столькі пра вайну, колькі пра неўміручае каханне. Бяроза ў ёй паказана такой, якімі бываюць маці: цешылася закаханымі, як сваімі дзецьмі, да вайны і ў вайну, яна і аплаквае сваю Надзейку, як родную дачушку. А юнак — не проста мсцівец-партызан, а сумны рыцар Дон Кіхот, які, няма сумнення, пераадолее жаль і смутак у душы, можа, загіне, барюнячы родны край, а можа, і дойдзе з перамогай да Берліна і адсвяткуе яе каля сцен рэйхстага. I ўсё гэта ёй будзе рабіць з растрывожаным сэрцам, з сэрцам, нязменна сагрэтым памяццю пра любую Надзю-Надзейку.