«Я, Пшанічны, віны не прызнаю за сабою...» (Маналог)
Я, Пшанічны, воін Чырвонай Арміі, не прызнаю за сабой віны перад Радзімай і таму адмаўляюся ёй служыць. Радзіма воляю кіраўнікоў стала для мяне не маці, а мачыхай. Гэта яна выслала маіх бацькоў — заможных гаспадароў з абжытага месца, з роднага гнязда ў чужы халодны край. Якая была віна перад уладай тых, хто не дасыпаў начэй, рупіўся пра памнажэнне набыткаў, пра родны кавалак зямлі, не дазваляў адпачынаць сабе і нам, дзецям, ні на хвіліну? Тое, што яны забагацелі працай і з працы? Якая была мая віна перад савецкай уладай, што яна не дала мне магчымасці вучыцца, быць такім самым, як мае равеснікі?
Савецкая ўлада адабрала ад нас нажытае працай і нічога не дала ўзамен. Яна прыніжала маіх бацькоў, мяне, тысячы такіх самых адлучамных і гнаных з родных гнёздаў людзей. Кіраўнікі з нас здзекаваліся як маглі, і мы цяпер павінны бараніць іх ад ворага, каб пазней, пасля перамогі, яны зноў працягвалі з нас здзекавацца? Не, лепш здацца ворагу ў палон. Гэта адзінае выйсце для мяне. Адзінае выйсце... Але чаму так горка на сэрцы? Чаму другі голас падказвае мне: «Радзіма — гэта не адны кіраўнікі.Падумай пра гэта. Барані яе! Барані той кут, дзе парадзіўся, той край суровы, куды быў высланы разам з бацькамі! Радзіма ж для ўсіх адна: для правадыроў і для простых людзей, для крыўдзіцеляў і пакрыўджаных!»
Я чую цябе, Радзіма. Можа, там, у палоне, пры зручным выпадку, калі выжыву, я вярнуся да цябе, каб бараніць твае рэкі і азёры, палі і лясы ад ворага. Даруй, але зараз не магу. Выбачай, што назваў цябе чужою, што для мяне ты сталася мачыхай. Не па сваёй віне, а па віне тых, для каго няма нічога святога, хто шануе толькі сябе і ганарыцца толькі сваёю ўладай. Даруй, Радзіма! Я здаюся ворагу ў палон. А там — што будзе, тое будзе.
К а м е н т а р ы й. Радзіма, асабліва ў час небяснекі, адна для ўсіх. Пшанічны не разумее гэтага. Ці не хоча зразумець? Ён заблытаўся ў абставінах. Яго зрабілі злосным на ўвесь свет кіраўнікі вялікай краіны, якія сілай «заганялі» людзей у новае жыццё, не адчувалі іх праўды, іх болю.
Але... Радзіма для ўсіх нас адна. Асабліва калі яна ў небяспецы.