Белорусские сочинения - Максім Гарэцкі - За што рэпрэсіравалі аповесць Максіма Гарэцкага "Дзве душы"?

За што рэпрэсіравалі аповесць Максіма Гарэцкага "Дзве душы"?

Аповесць «Дзве душы» была выдадзена ў Вільні асобным выданнем у 1919 г. Да гэтага друкавалася ў газеце «Беларуская думка» (чэрвень — ліпень 1919 г.). Пазней твор не перадрукоўваўся па ідэалагічных прычынах, а таксама па той прычыне, што аўтар яе быў у 1930 г. абвінавачаны ў нацыяналізме, высланы ў Вяцкі край і затым расстраляны. Прозвішча пісьменніка, як і яго творы, было надоўга выкраслена з літаратурнага працэсу. Толькі ў 60-я і пазнейшыя гады праўда перамагла, з'явілася першая невялікая манаграфія Д.Бугаева пра таленавітага пісьменніка. Хораша і грунтоўна расказаў пра спадчыну мастака раскрыў яе ўплыў на літаратуру Алесь Адамовіч у артыкуле «Браму скарбаў сваіх адчыняю ...». Перадрукаваны твор быў толькі ў 1990 г. ў пятым, дадатковым зборы твораў Гарэцкага, у перыяд дэмакратызацыі жыцця і развалу камуністычнай чыноўна-бюракратычнай сістэмы.
     Думаецца, што самая галоўная віна аўтара заключалася ў тым, што ён няправільна паказаў камуністаў-кіраўнікоў, вывеў вобраз не ідэальнага станоўчага героя, а героя адмоўнага. У цэнтры аповесці не толькі інтэлігентны чалавек, афіцэр былой царскай арміі Ігнат Абдзіраловіч, што хоча самастойна разабрацца ў трагедыйных падзеях, без навязвання яму звонку чужой волі, але і Іван Карпавіч Гаршчок. Пра гэтага героя «Дзвюх душ» можна сказаць лаканічна — гэта прайдзісвет, якіх мала на зямлі. Былы селянін, ён уцякае ў горад, становіцца спачатку рабочым, затым царкоўным вартаўніком. I тут ён не сцерпеў, паквапіўся на царкоўную маёмасць, быў выгнаны з божага храма. Пасля Гаршчок апынаецца на дне жыцця, дэкласаваным элементам, прапойцам, чалавечым пазаддзем. Гэтага чалавека без каранёў Кастрычнік узняў на грэбень хвалі: Карпавіч становіцца кіраўніком, лідэрам рэвалюцыйнага рухў раённага маштабу, едзе ўціхамірваць сялян, учыняе крывавую бойню. Лёс складваецца так, што і гіне ён не па-чалавечы, ад рук свайго хаўрусніка-белагвардзейца Гарэшкі. Астатнія персанажы аповесці (Абдзіраловіч, яго «малочны брат» рабочы піцерскага завода Васіль) адносяцца да «генератара» рэвалюцыйных ідэй вельмі непрыхільна, распазнаюць за рэвалюцыйнымі лозунгамі чалавеканенавісніка: «Яны, гэтакія, нейкім дзівам сумяшчаюць у душы сваёй найлепшы, здаецца, гуманізм і найгоршае, акажацца, чалавеканялюбства, хімію і алхімію, марксізм і хірамантыю і з аднолькавай шчырасцю вераць у тое і другое». Максім Гарэцкі падае ў аповесці сімвалічны фінал: за галодных дзяцей бежанкі-палячкі клапоцяцца і Ігнат Абдзіраловіч, і Васіль, а непадалёку, побач, хаваюць Гаршчка пад «цяжкае» вухканне бубна, пры лозунгах «з грознымі напісамі». Так і пражыў жыццё гэты чалавек не з народам, не ў яго гушчыні, а недзе побач, каля яго, не прынёсшы абсалютна ніякай карысці.
     Аповесць не прызнавалася (а некаторымі даследчыкамі савецкай літаратуры не прызнаецца і зараз) па некалькіх прычынах. Прычына першая: аўтар пайшоў нетрадыцыйным шляхам адлюстравання рэвалюцыйных падзей — адмовіўся ад спрошчанага, схематычнага адлюстравання таго, што дзеялася ў свеце, па прынцыпе «хто не з намі — той наш вораг», і тым самым вызначыў у многім напрамак, якім пойдуць пазней у рускай літаратуры Міхаіл Булгакаў, Андрэй Платонаў, Яўгеній Замяцін, Барыс Пастарнак, часткова Міхаіл Зошчанка, у беларускай — Андрэй Мрый, Лукаш Калюга, часткова Кандрат Крапіва і Змітрок Бядуля ў незакончаных раманах «Мядзведзічы» і «Язэп Крушынскі», Язэп Пушча ў паэме «Цень консула» і вершах з кнігі «Песні на руінах» і інш. Гэтыя пісьменнікі стварылі антыутопіі, папярэдзілі чалавецтва, што яно займаецца небяспечнымі эксперыментамі.
     Па-другое, як мне думаецца, Гарэцкі змог паказаць не толькі станоўчыя рысы характеру кіраўнікоў новага тыпу, якія прайшлі праз выпрабаванне франтамі грамадзянскай вайны, а і адмоўныя, што засведчылі антыгуманізм іх учынкаў, паступовы адрыў ад народа, маральную дэградацыю (падзенне). Пазнейшая літаратура прадоўжыць галерэю тыпаў, падобных Гаршчку і Жабіну (з апавядання таго ж Гарэцкага «Апостал»), пакажа сапраўдных пярэваратняў, людзей карыслівых і няшчырых, гатовых у імя кар'еры і самазахавання адмовіцца ад прозвішча бацькоў, прадаць іх, як некалі Юда прадаў Хрыста. Да такіх тыпаў можна аднесці і Віктара Лагізу з аповесці К.Чорнага «Смага», і актывістку, аратаршу на сходках Фаіну Кешнік з той самай аповесці, якая шкадуе, што дзеці сталі перашкодай у дасягненні высокага месца ў паслякастрычніцкай рэчаіснасці. Самымі страшнымі нават сярод падобных хрыстапрадаўцаў аказваюцца Міколка Роўба — раённы партыйны начальнік, які наладжвае, нібы на ваўка, аблаву ў родных мясцінах, куды ўцёк высланец-бацька Хведар паміраць, на таго, хто падараваў яму жыццё, і Ягор Азёмаў, які едзе ў былую сваю вёску як партыйны актывіст і на вачах у маці і сястры разбівае жорны, праводзіць партыйную лінію ў жыццё (аповесці Быкава «Аблава» і «Сцюжа»). Чытаю трагедыйныя творы. Знаёмлюся з героямі, якія за ідэю могуць здрадзіць гуманістычным прынцыпам, усё літаральна прадаць, і думаю: якую ж смеласць павінен быў мець пісьменнік, каб заўважыць такіх герояў на пачатку сацыялістычнага будаўніцтва ў савецкай краіне! Якім празорлівым, дальнабачным быў пісьменнік, калі папярэджваў людзей, што з імі жывуць чалавеканенавіснікі Гаршчок і яго хаўруснікі! Вядома, і з-за гэтай смеласці ды празорлівасці аповесць таксама магла быць забароненая.
     Аповесць маглі забараніць і за нетрадыцыйны сюжэт і канфлікт, пакладзены ў яе аснову. Справа ў тым, што аўтар адмовіўся ад стварэння чарговай эпапеі пра гераізм народа і яго кіраўнікоў у гады грамадзянскай вайны, а напісаў псіхалагічную аповесць, у цэнтры якой — герой-праўдашукальнік, сапраўдны інтэлігент, якому не па дарозе са злодзеямі і ашуканцамі, якія высокія пасады яны б ні займалі. Ігнат Абдзіраловіч, як і Коласаў Лабановіч, колькі жыве, усё спрабуе знайсці адказ на пытанне пра сэнс жыцця і сваю ўласную дарогу, свой адметны шлях.
     Як мне здаецца, вось гэтыя асноўныя прычыны прывялі да забароны няўгоднага сталінскім уладам твора выдатнага беларускага пісьменніка.