Водгук на раман Кузьмы Чорнага "Пошукі будучыні"
Раман «Пошукі будучыні» ўпершыню надрукаваны ў часопісе «Полымя» за 1950 год.
Можна з упэўненасцю сказаць, што Кузьма Чорны — летапісец свайго часу. Грандыёзную задуму паставіў перад сабой пісьменнік: паказаць жыццё беларускага сялянства ад часоў прыгону да сучаснасці. Пісьменнік імкнуўся прасачыць асноўныя тэндэнцыі развіцця грамадства, выступаў як філосаф і мастак.
Асноўная праблематыка рамана «Пошукі будучыні» непасрэдна выцякае з задумы твора: вытлумачыць, дзе і як знайсці шчаслівую будучыню для шматпакутнага беларускага народа і радзімы. Натуральна, аўтар не дае гатовых рэцэптаў, ён разважае і прапануе чытачу паразважаць разам з ім.
Дзея ў рамане распачынаецца ў час першай сусветнай вайны 1914—1918 гг. і завяршаецца ў час другой сусветнай вайны. Такім чынам, адрэзак часу вызначаны. Зразумела, што за гэты перыяд адбылося шмат эпахальных падзей.
Места дзеяння — беларускае мястэчка Сумлічы, дзе аднойчы спыняліся хворы палонны немец і канвойны рускі салдат. Ужо ў пачатку рамана аўтар знаёміць чытача з Вольгай Нявадай, у той час дзяўчынкай Волечкай, Кастусём Лукашэвічам, яшчэ хлопчыкам, і немцам Густавам Шрэдэрам. Пройдзе час, і на гэтым самым месцы зноў сустрэнуцца героі. Густаў Шрэдэр жахнецца: «Божа! Ён ужо два разы бачыў яго! Ці гэта сон, ці гэта страшная сапраўднасць?! Калісьці ён упаў тут хворы, і канвойны рускі салдат узяў яго над руку і павёў далей, дзе иры да розе стаяла ў полі адзінокая хвоя». Ідзе другая сусветная вайна, немцы зноў на беларускай зямлі. Што шукаюць і што знаходзяць яны тут? Шукаюць, пэўна, будучыню на чужой зямлі, а знаходзяць толькі смерць.
Густаў Шрэдэр узгадаў дом Вольгі Нявады і Кастуся Лукашэвіча. Аднак сардэчнай сустрэчы не атрымалася:
¦ — Стой, фашыст, — сказаў чалавек.
Шрэдэр стаў і штосьці шпарка пачаў гаварыць, перамешваючы нямецкія словы з рускімі. Чалавек не слухаў, прыцэліўся і стрэліў. Шрэдэр упаў і сканаў, лежачы, праз хвілін паўтары».
А як жа тыя, хто нарадзіўся і вырас на гэтай шматпакутнай зямлі? Як і дзе яны шукаюць будучыню? Яны жывуць надзеяй. Скончылася крывавая імперыялістычная вайна і адбылася рэвалюцыя. 3 нямецкага палону вярнуўся на радзіму бацька Волечкі. Шмат зменаў адбылося ў Сумлічах, якія ўвасабляюць у творы Беларусь. Вельмі паказальны расказ пра пана Паліводскага і яго збавіцеля. Ролі памяняліся: гаспадаром стаў той, каго лічылі хамам. Жыццё наладжвалася: раслі дзеці, будаваліся дамы. Сымон Ракуцька таксама паверыў у шчасце на роднай зямлі, але зямля, дзе стаяла яго хата, «падпала пад Полыігчу», і зноў пачалася трывога за будучыню. Хутка з'явіўся разгневаны Паліводскі, які выгнаў Ракуцьку з яго хаты. Цяпер Сымон ні ў якую будучыню для сябе і сваіх дзяцей больш не верыў: «Лягчэй памерці, чым астацца навек без надзеі і веры!»
Нарэшце прыйшоў 1939 год. Выраслі дзеці, Сымон Ракуцька сустрэўся з сынам Тамашом. Але радасці ад гэтай сустрэчы мала: перад Сымонам стаяў чужы салдат чужой арміі: «Абкрадзены, ён стаяў перад салдатам чужога яму войска і сумаваў па худым хлопчыку Тамашу, маленства якога ўкраў страшны злодзей».
Беларусь... Вялікае скрыжаванне дарог, па якім бясконца ішлі заваёўнікі. А як жыць паабапал гэтых дарог? Пэўна, надзеяй. Спадзяецца на лепшую будучыню Сымон Ракуцька, спадзяецца стары Нявада. Але толькі ў чарговы раз пачынае наладжвацца жыццё, як зноў вайна, зноў чужынцы ходзяць і гаспадараць на зямлі. А людзі, што нарадзіліся тут, жывуць толькі марай аб шчасці.
Такім чынам, праблематыка рамана К. Чорнага «Пошукі будучыні» шматгранная. Праблема пошуку Бацькаўшчыны з'яднана ў творы з праблемай пошуку шчасця. Узнікае пытанне: чаму так і ходзяць па крузе ў пошуках будучыні для сябе і сваіх дзяцей героі твора? Чаму так і не знаходзяць шчасце і долю?
Адказ ёсць у рамане: Беларусь раз'яднана, раз'яднанынават бацькі і дзеці, якія могуць быць грамадзянамі розных дзяржаў. А значыць, будучыня народа і Радзімы ў яднанні, у адзінстве, без якога ніколі не будзе шчасця на гэтай шматпакутнай зямлі.