Раман Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні», яго асноўныя праблемы.
Чалавек — гэта цэлы свет. К. Чорны
Цэнтральнай праблемай філасофскага рамана Кузьмы Чорнага, якая вызначае і многія іншыя (духоўнага і матэрыяльнага, вечнага і марнага, любові і нянавісці, праблемы бацькоў і дзяцей, шлюбу і сям'і), з'яўляецца праблема шчасця.
Усе героі рамана апантаны прагай шчасця, настойліва ідуць да яго, толькі кожны разумее шчасце па-свойму. Усё «золата свету» і магчымасць валадарыць усім светам, усю славу свету аддаў бы Нявада і стаў бы «прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць». Удзельнік імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў, вязень канцлагера і ваеннапалонны, які даўным-даўно пакінуў дачушку Волечку і родныя Сумлічы, марыць пра шчасце хлебароба і сейбіта на роднай зямлі. Радзіма для яго — Волечка і шыпшына. «Без Волечкі і шыпшыны няма для мяне і роднай бацькаўшчыны. Як жа гэта так жыць, каб чалавеку на све-це не было за што душой зачапіцца».
I Сымон Ракуцька, як і Нявада, бачыць сэнс жыцця ў сям'і, яе дабрабыце, забяспечанай будучыні дзяцей. Трагічны, пранізлівы і шчымлівы гэты вобраз. Заслуга К.Чорнага ў тым, што ён стварыў пераканаўчы псіхалагічны партрэт беларуса з яго адметнай нацыянальнай рысай — любоўю да радзімы, роднага гнязда, клопатам пра дзяцей, сям'ю. «Чалавек гэты быў дзіўны. Як ніхто іншы, ён пільнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць і марудна, складаў саломіна за саломінай». Гэта ў ментальнасці беларуса — пільнавацца свайго гнязда, ратаваць яго ад каршуноў і наперакор усяму зноў віць, калі разбурыць віхурай...
Прагай менавіта таго, ад чаго без вагання адмовіўся б Нявада, апантаны і Шрэдэры, старэйшы і малодшы, — прагай золата, з якім яны звязваюць усе свае думкі пра будучыню. Дзеля золата яны пусціліся ў небяспечнае падарожжа, каб выправіць ранейшую «памылку», знайсці і забраць падараванае некалі Волечцы за выратаванне золата. Гэтыя людзі дзеля абагачэння гатовы на ўсё: на рабунак, марадзёрства. Жонка Шрэдэра Гертруда, жывучы ў маёнтку, падараваным ёй акупантамі, думае, што дасягну-ла шчасця, што сын-заваёўнік і войска фюрэра забяспечаць ёй багатае жыццё. Яе ніколькі не мучыць сумленне і думка, што адабранае, нарабаванае шчасця не прынясе, што за ўсё трэба будзе заплаціць. I расплата чакала іх на гэтай зямлі: жанчына гіне, а муж не мае сіл нават пахаваць яе. Не вярнуў назад золата і Шрэдэр-старэйшы, што двойчы прыходзіў на нашу зямлю: у першую імперыялістыч-ную вайну — з мячом, у другую — пад аховай мечаносцаў. Загінуў ад куль партызана Кастуся Лукашэвіча, мужа Волечкі Нявады. Так і не паспеў разабрацца ні ў сабе, ні ў тым, ці прынесла яго золата шчасце і карысць каму-не-будзь іншаму. «Хто з мячом да нас прыйдзе...»
Філасофскія праблемы вырашаюцца ў рамане ў характэрнай для стылю Чорнага манеры. I гэты твор, як многія іншыя (раман «Трэцяе пакаленне», аповесць «Насцечка»), напісаны ў лепшых традыцыях і па законах псіхалагічнага дэтэктыва. Найболыпую ролю ў выражэнні ідэі твора і вырашэнні праблем адыгрывае сюжэт, у якім мноства невыпадковых выпадковасцей, таемнага і загадкавага. Усе героі — у пошуку будучыні: усе іх мары аб шчасці звязаны з будучыняй, дзеля якой яны гатовы пакутаваць, трываць, а некаторыя, як Шрэдэры, нават «пераступіць». Іх шляхі да будучыні (а яна ў кожнага, як і разуменне шчасця, свая, ім самім абмаляваная і ў марах пабудаваная) перакрыжоўваюцца, бо перакрыжоўваюцца і іх інтарэсы. Разуменне шчасця і сродкі для дасягнення мэты падзяляюць іх на «пра-веднікаў» і «зладзеяў». Твор цэментуе думка, што нічога выпадковага на свеце не бывае, што ў жыцці і выпадковасці не выпадковыя, што за ўсё на свеце трэба плаціць. Герояў (і «праведнікаў», і «зладзеяў») аб'ядноўвае тое, што ўсе яны — натуры моцныя, настойлівыя ў дасягненні сваіх мэтаў, і ў гэтай настойлівасці выключныя, здольныя на выбар: «Лепш грызці зямлю ў родным кутку, чым каб цябе ліхім ветрам кідала па чужым свеце». Так думае Нявада. Іншыя героі вырашаюць, што для іх «лепш», што важней, і ад гэтага рашэння залежаць і іх шляхі, і лёсы.
Выбарам вызначаецца і выпрабоўваецца і другое пакаленне ў рамане — Волечка Нявада і Кастусь Лукашэвіч. У гэтых вобразах увасоблена аўтарскае ўсведамленне кахання і сям'і як найвялікшай каштоўнасці чалавека. Каханне і ёсць тое золата, якое адно і варта Чалавека, якім і ўзнагароджвае яго лёс за духоўнае багацце, цярпенне...
У літаратуры няшмат твораў, дзе б з такой мастацкай сілай было засведчана, як двое людзей, што сышліся спа-чатку толькі з-за спагады адзін да другога, сышліся, каб выжыць у гэтым бязлітасным свеце, змаглі дажыць да ка-хання. Старонкі, прысвечаныя нараджэнню гэтага кахан ня, самыя светлыя і лірычныя ў рамане. I што ім багацце! Што ім тое золата, якое яны трымаюць у шуфлядцы стала, як нейкі клубок нітак, калі багацце і золата ў іх душах! У абмалёўцы гэтых вобразаў і апісанні нараджэння кахання мастак-псіхолаг па-майстэрску карыстаецца дэталлю, за-паволенымі бытавымі замалёўкамі, быццам вучыць і нас бачыць узвышанае ў зямным, паэзію — у прозе. Прыгадаем сцэну, як Волечка і Кастусь выпрабоўваюцца «спакусай» спажыць кавалак цудам знойдзенай пад страхой каўбасы. Кастусь, намалаціўшыся да стомы, ідзе ў хату і бачыць на стале спакуслівую каўбасу, якую яму перад гэтым прапаноўвала Волечка з'есці. Зіркне ў акно — адарве маленькі драбок і смакуе. Але сорам за сябе стрымлівае яго. Тое ж самае перажыла пасля Кастуся і Волечка і таксама здолела перамагчы сябе. Назаўтра «яны з'елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць». Майстэрства пісьменніка ў стварэнні такіх псіхалагічных сцэн можна параўнаць са здольнасцю ў кроплі ўбачыць цэлы свет.
Сінтэз рэалістычных і сімволіка-алегарычных вобразаў у рамане (Крыжа як сімвала пакут і ачышчэння; Вялікага і Малога скрыжаванняў як сімвалаў вечнага жыцця і руху; Будучыні, якая схавана ад пакаленняў і да якой яны нястомна ідуць; Часу — выдатнага лекара людскіх ран і шрамаў на целе Радзімы) забяспечвае значнасць і маштабнасць твора і тых агульначалавечых праблем, што ў ім вырашаюцца. Такім гарманічным спалучэннем рэальнага і ўмоўнага дасягаецца мастацкая вартасць твора, чым і тлумачыцца яго ўздзеянне на розумы і душы людзей.