Белорусские сочинения - Іншае - "Родная мова, цудоўная мова..."

"Родная мова, цудоўная мова..."

Родная мова, цудоўная мова!
     Ты нашых думак уток і аснова.
     Матчын дарунак ад самай калыскі, —
     Ты самацветаў яскравая нізка.
     Уладзімір Дубоўка
     
     Мова... Мова родная... Матчына мова... Так ласкава называем мы свой духоўны набытак. Родная мова ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Блізкія і дарагія словы злучаюць нас з продкамі, з нашай гісторыяй. Мова ўвабрала ў сябе ўсе акалічнасці нашага жыцця. У сувязі з гэтым і гучаць так пранікнёна радкі з верша «Родная мова» П. Панчанкі:
     
     Як ты дорага мне, мая родная мова!
     Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
     Ты калісьці з калыскі мяне падымала
     I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
     У жыцці маім слова найпершае «мама»
     I цяпер для мяне сама міла гучыць.

     
     Цяжкі і складаны шлях прайшла беларуская мова, пакуль «выйшла на волю, як кветка красы». Бурны росквіт яе пачаўся ў скарынаўскі час, калі загучалі родныя словы ў Бібліі, у працах В. Цяпінскага, С. Буднага. Але ў канцы XVI стагоддзя настаў час заняпаду: мова страціла статус дзяржаўнай, а кнігі, напісаныя на ей, знішчаліся. I ўсё ж народ любіў сваю мову, не здрадзіў ей. Яна гучала ў полі, у лузе, пад стрэхамі сялянскіх хат. А колькі паэтаў у той час звярталіся да свайго народа з надзеяй абудзіць яго гістарычную памяць. Першым гэта зрабіў Ф. Багупіэвіч у сваей прадмове да зборніка «Дудка беларуская». Мужна адстойвалі права беларусаў карыстацца роднай мовай А. Гурыновіч, Цётка, Янка Купала і іншыя. Але сталася так, што час адраджэння быў кароткі. Дзяржаўная палітыка зліцця нацый і моў прывяла да заняпаду беларускай мовы. Перыяд тэты быў працяглы. I вось 1991 год прынёс чарговую хвалю адраджэння. З новай сілай загучала роднае слова, ажыло ўсюды. Яно ўводзіць нас у навакольны свет, адкрывае таямніцы. I тут прыгадваюцца радкі верша А. Канапелькі:
     
     I я шчаслівы,
     Што жыву з табою,
     Што ты са мною, мудрая, ідзеш.
     Ты часам плачаш ад людскога болю,
     Смяешся ты ад радасці людзей.

     
     Цяпер у нашым жыцці адбываюцца вялікія перамены. Мы павінны быць не маўклівымі сведкамі часу, не суддзямі яго, а актыўнымі ўдзельнікамі тых змен, што адбываюцца ў рэспубліцы. Хочацца, каб кожны помніў словы А. Гаруна:
     
     Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
     Роднай мовы сваей не цурайся;
     Як не зрокся яе пад прымусам,
     Так і вольны цяпер не зракайся.

     
     Мы сустракаемся з родным словам на старонках кніг, мы падарожнічаем, а перад намі паўстае наша вялікая краіна з цікавай гісторыяй, своеасаблівай культурай. Пры гэтым прыемна чуць пяшчотныя, мілагучныя словы роднай мовы. Тады ўспамінаецца кожны куток роднай зямлі, яе людзі, і асабліва мілагучнай становіцца мова.
     
     Мова продкаў нашых і нашчадкаў —
     Шэпт дубровы і пчаліны звон, —
     Нам цябе ласкава і ашчадна
     Спазнаваць ажно да скону дзён.
     Па чужых краях не пабірацца,
     Не аддаць цябе на забыццё,
     Наша невычэрпнае багацце,
     Наша несмяротнае жыццё.