Маці

Незабыўнае імя Маці,
     Як гаючы глыток жыцця:
     На пачатку — вуснах дзіцяці...
     Мікола Федзюковіч
     
     Для кожнага чалавека маці — самы дарагі і блізкі чалавек. Хто лепш за ўсіх цябе зразумее, пашкадуе, дапаможа ў цяжкія хвіліны? Канешне, дарагая матуля! Кожная маці хоча бачыць сваіх дзяцей здаровымі, разумнымі, шчаслівымі. Ад самай калыскі мы адчуваем на сабе клопат родных матуль, якія разам з намі і радуюцца, і перажываюць.
     Я думаю, менавіта таму вобраз маці так часта сустракаецца ў літаратурных творах. Пісьменнікі прысвяцілі безліч твораў матулям. Можна прыгадаць вершы С.Грахоўскага «Мама», Л.Пранчака «Мамін голас», В.Аколавай «Свецяць маміны вочы ў акне», Л.Якубовіча «Жаданне», В.Шыханцова «Матчыны словы», Г.Бураўкіна «Песня пра маці». Пісьменнікі падбіраюць самыя ласкавыя і дакладныя словы, каб апісаць сваіх матуль. 3 гэтых твораў перад намі паўстаюць добрыя, уважлівыя, пяшчотныя жанчыны. Генадзь Бураўкін у вершы «Песня пра маці» сцвярджае, што толькі маці можа ўратаваць сваё дзіця ад няшчасця, «скажа праўду святую», «шчырай ласкай атуліць». Паэт заклікае памятаць «родныя вочы», «цёплыя рукі», «над калыскай усмешку».
     Я таксама вельмі люблю сваю маці. Стараюся не крыўдзіць яе сваімі адзнакамі і паводзінамі. Сваёй вучобай, паводзінамі, іншымі дасягненнямі, будучай прафесіяй я пастараюся спраўдзіць яе надзеі.