Белорусские сочинения - Іншае - Што такое сапраўднае шчасце?

Што такое сапраўднае шчасце?

Не шукай ты шчасця, долі
     на чужым, далёкім полі...
     Янка Купала
     
     Што такое сапраўднае шчасце? Немагчыма даць адназначны адказ на гэтае пытанне. Адно я ведаю ладна: толькі жывучы на радзіме, чалавек можа адчувадь сябе сапраўды шчаслівым. А радзіма для кожнага чалавека звязана з зямлёю, на якой ён жыве, з роднай моваю, з сімвалам Беларусі — журавамі.
     Здаецца, звычайныя словы... А колькі ў іх глыбокага сэнсу. Відаць, і мне ўласціва адчуванне «хоць маленькай еднасці» з радзімай.
     Зямля... Напэўна, непарыўнай сувяззю злучана я з ёй ад нараджэння, бо, як і тых журавоў у творы, не вабіць мяне «вырай» настолькі, каб затрымацца там назаўсёды. Таму не магу не пагадзіцца са словамі У. Саламахі, што «змрочна будзе кожнаму пры чужым сонцы без сваёй зямлі і неба».
     Мы ведаем, што асаблівую тугу па Радзіме адчуваеш на чужыне. Ты сумуеш па родных людзях, па роднай гаворцы. І менавіта тут пачынаеш разумець, як моцна твае карані ўраслі ў тую зямлю, дзе ты нарадзіўся, дзе першы раз пачуў родную мову з вуснаў маці. Я лічу, што ў свеце вельмі мала такіх людзей, якія апынуўшыся на чужыне, не сумавалі б па родным краі. «Матчынай зямлі карэнне ніколі не адпусціць нас». Так, яно будзе клікаць цябе да той пары, пакуль ты не вернешся і зноў не адчуеш пах роднага паветра, не пабачыш сваё неба і сонца, не пачуеш радасны клёкат журавоў, якія вяртаюцца на радзіму.
     Журавы... Для мяне гэта не толькі сімвал роднай зямлі, бо яшчэ ў дзяцінстве ад назірання за імі мне станавілася радасна-пяшчотна. І не толькі таму, што журавы былі надта блізка, але, мабыць, і таму, што гэтыя птушкі ўспрымаліся як часцінка роднай зямлі, як яе жыхары, якія, здаецца, нават размаўляюць на роднай мове. І таму ў сэрцы кожнага чалавека да самай старасці жывуць гэтыя тры рэчы: зямля, мова і журавы.
     Трымайся заўсёды сваёй роднай зямлі, і тады ты будзеш шчаслівы. І я ўпэўнена, што народ Беларусі нарэшце знойдзе сваё шчасце, і дапамогуць нам у гэтым чароўная моц роднай зямлі і роднае слова.
     Слова... Яно яднае мяне з зямлёй, бо гэта сувязь мая з далёкімі продкамі, што жылі на ёй і ўклалі ў слова сваю жыццёвую мудрасць.