Рамантызм і рэалізм у маім успрыманні
Паводле слоўнікаў літаратуразнаўчых тэрмінаў, рамантызм гэта мастацкі метад ці стыль, які арыентуецца на «падвышэнне», перастварэнне рэчаіснасці ў святле высокага ідэалу, на стварэнне вобразаў незвычайных па сіле духу герояў, якія часта аказваюцца адзінокімі і гінуць у змаганні са злом, уцякаюць ад грамадства на ўлонне першароднай (а часам і экзатычнай паўднёвай ці паўночнай, суровай) прыроды. Рамантычныя творы грунтуюцца на невырашальных, непрымірымых канфліктах асобы з грамадствам, на вострым сюжэце. У іх многа незвычайных, яскравых вобразаў-сімвалаў (ноч — сімвал цемры і зла, сонца — сімвал святла і праўды, вясна — сімвал адраджэння жыцця бура — сімвал сілы, што зыначыць жыццё, і г. д.), эмацыянальна насычаных тропаў. Жыццё паўстае ў рамантычных творах у нейкіх незвычайных фарбах. Вельмі часта рамантыкі выкарыстоўваюць міфы, паданні, як гэта рабіў Янка Купала, паэмы якога «Бандароўна» і «Магіла льва» выраслі з народнай песні і легенды.
Тэрмін «рамантызм» паходзіць ад слова «раман», якім у сваю чаргу называлі творы, напісаныя ў эпоху Сярэднявечча на адной з раманскіх (італьянскай, іспанскай і інш.) моў. Ад яго былога значэння нічога не засталося, ён пачаў азначаць у нашым штодзённым жыцці летуценнасць, узвышанасць, нават адарванасць ад жыцця, захопленасць незвычайным, патаемным. А ў літаратуры — назву мастацкага метаду ці напрамку і ўзнёслага стылю. Рамантыкамі ў сваёй творчасці ў XIX стагоддзі былі Адам Міцкевіч, Міхаіл Лермантаў, Васіль Жукоўскі, нашы майстры слова, што пісалі пераважна па-польску, У. Сыракомля, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч — аўтар паэмы «Гапон».
Янка Купала спалучаў рамантычныя і рэалістычныя пошукі. Рысы рамантызму можна знайсці ў творчасці іншых беларускіх пісьменнікаў. Пачатак XX стагоддзя ў нашай літаратуры прайшоў пад знакам узаемаўплыву і саперніцтва рамантызму і рэалізму.
Рэалізм — мастацкі метад і напрамак, які склаўся ў сусветнай і нашай літаратуры ў XIX стагоддзі. Яскравы яго прадстаўнік — Францішак Багушэвіч, у творах якога жыццё паўстае ва ўсёй шматграннасці, без прыхарошвання, аб’ектыўна. Асноўны прынцып рэалізму — праўдападобнасць у паказе абставін, герояў, у раскрыцці канфліктаў, перадачы мовы дзеючых асоб і г. д. У слоўніку В. П. Рагойшы даецца такое вызначэнне рэалізму: «Тыповасць, праўдзівасць, сацыяльны дэтэрмінізм, гістарызм — галоўныя ўласцівасці рэалізму. ...на месца выключнага (у рамантызме) рэалізм паставіў тыповае — як выражэнне заканамернага ў жыцці, дыялектычную еднасць абагуленага і індывідуальнага ў жыцці, праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці».
У рэалістычных творах дзейнічаюць тыповыя героі ў тыповых абставінах, у рамантычных, часцей за ўсё, — выключныя ў выключных абставінах. Стыль рэалістычных твораў спакойны, ураўнаважаны (дзейнічае прынцып «усё, як у рэальным жыцці»), героі гавораць мовай, якая адпавядае іх узросту, адукацыі, рысам характару і г. д.
У літаратуры XX стагоддзя рэалістычны метад (напрамак) быў і застаецца асноўным.