Крыніца натхнення — фальклор (Сачыненне-роздум)
3 чаго пачынаецца літаратура? Кожны чалавек адкажа на гэта пытанне па-свойму. Адзін адзначыць, што слоўнае мастацтва мае асновай рэальнае жыццё, спачатку абмяжоўвалася задавальненнем фізіялагічных патрэбаў, а затым, калі людзі пачалі ўсведамляць сябе «рэгуліроўшчыкамі жыццёвай каруселі» (гэтыя радкі Аркадзя Куляшова я пачула з вуснаў старэйшага брата), паўстала ў руху да прыгажосці і гармоніі. Другі яму запярэчыць, назаве асноўнай крыніцай літаратуры і іншых відаў мастацтва імкненне да выказвання сябе ў фарбах, малюнках (жывапіс), гуках (музыка), абрадах з выпадкаў палявання, сустрэчы вясны, пакланення сонцу і інш. Першыя наскальныя малюнкі пячорнага чалавека, першыя гукі з трыснягу, першыя аднаскладовыя, а затым ускладненыя выгукі, якія суправаджалі рытуальныя дзеі людзей... Так пачыналася мастацтва. Слоўнае ж мастацтва ў вуснай форме, а затым літаратура з’явіліся пазней, чым жывапіс і музыка. Такая мая першая думка-развага.
А цяпер некалькі слоў скажу пра розніцу вуснай і пісьмовай літаратуры. Што першая з’явілася раней — гэта бясспрэчна. Што фальклор стаў асновай пісьмовага мастацтва слова — таксама бясспрэчна. Але калі б не было народнага мудрага, светлага мастацтва, літаратура была б значна бяднейшая. Не было б у нашай мове выдатных прыказак «Жыццё пражыць — не поле перайсці», «Што пасееш — тое і пажнеш», не менш складных загадак, найцудоўнейшых казак пра цудадзейны дыван-самалёт, хітрунню Лісу і сквапнага Воўка. кемлівага селяніна і неразумнага пана. Помню, як мама чытала мне ў дзяцінстве казкі, як разам з такімі ж, як я, дзяўчатамі, мы прамаўлялі на вуліцы лічылкі.
Фальклор падарыў пісьмовай літаратуры шмат якія сюжэты. У 8-м класе мы вывучалі паэму Янкі Купалы «Магіла льва», дзе разгортваецца адзін з такіх сюжэтаў: народ рукамі прыгажуні Наталькі карае Машэку, які ператварыўся са звычайнага вясковага хлопца ў крывавага мсціўцу і карае смерцю вінаватых і невінаватых за нанесеную яму крыўду. Амаль усе байкі Кандрата Крапівы (а мы ў тым жа класе вывучалі твор «Ганарысты парсюк») напісаны паводле асэнсавання пісьменнікам народнай маралі, этыкі, людскіх поглядаў на свет. Галоўную сэнсавую нагрузку нясуць у іх прыказкі, прымаўкі, выслоўі, што спярша з’явіліся ў фальклоры, а іх героі даўно ўжо былі паказаны ў сатырычных творах, якія існавалі ў вуснай форме, былі выведзены ў жартоўных інтэрмедыях, лялечных спектаклях. Паводле народнай творчасці быў напісаны адзін з любімьіх маіх твораў пра прыгоды вынаходлівага Несцеркі...
Я некалі, у 8-м класе, вывучала камедыю «Несцерка», напісаную Віталем Вольскім, а цяпер вельмі радая, што зноў сам-насам сустрэла-ся з гэтым вынаходлівым, разумным героем-жартаўніком, з папом і па-паддзёй, якія страцілі чалавечае аблічча з-за сваёй непамернай хцівасці і сквапнасці. Чытаю радкі твора — і перада мною як жывыя паўстаюць адна за адной карціны: вось Несцерка снедае, абедае і вячэрае за сталом; вось пападдзя нясе яму ежу на поле, дзе ён арэ зямлю; вось ён адпачывае на печы... Усё, як у жыцці: дабро і зло, розум і дурнота змагаюцца, святло перамагае цемру.
Фальклор натхняе многіх пісьменнікаў на новыя і новыя творы, аберагае іх ад мудрагельства, вучыць пісаць проста, зразумела і роздумна.
Паводле народнага светапогляду нарадзіліся міфы пра паходжанне свету, язычніцкіх багоў ураджаю, сонца, ветру, пра асілкаў, якія перамаглі розных страшыдлаў: вадзянікоў, русалак, лесавікоў, ведзьмаў. Пра жывую і мёртвую ваду, Кашчэя Неўміручага. Дзякуючы фальклору ажылі дрэвы, рэчкі, ручаі, чалавечай мовай загаварылі звяры і птушкі. Ачалавечванне прыроды, стварэнне вечных сюжэтаў і не менш вечных вобразаў заклалі падмурак сапраўднага мастацтва — і фарбавага (жывапіс), і гукавога (музыка), і слоўнага (літаратура). Не люблю гучных слоў. Але хіба можна ўстрымацца ад іх, калі перад табой багатая ніва, якая каласавала, каласуе і будзе каласаваць. I імя гэтай ніве — фальклор...
Я не паэтэса. Проста падумалася ў рыфму, калі разважала на абра-ную тэму. Радкамі, што склаліся, і хачу завяршыць свой маналог:
Фальклор — цудоўная крыніца,
3 якой так хочацца напіцца
I прыгажосцю наталіцца.