Белорусские сочинения - Іншае - «Дзеці рэвалюцыі...»: кароткі агляд паэзіі 1920-х гадоў

«Дзеці рэвалюцыі...»: кароткі агляд паэзіі 1920-х гадоў

Тэма сачынення выспела ў маёй свядомасці пасля аглядных заняткаў па літаратуры першай трэці XX стагоддзя. Настаўніца называла нам актыўных у гэты час Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулю. Гэта прадстаўнікі старэйшага пакалення, «нашаніўцы». Усе яны ўжо склаліся як мастакі слова да 1917 года, да рэвалюцыйных падзей, прайшлі школу далучэння да мастацтва ў газеце «Наша ніва» і дзецьмі рэвалюцыі сябе не лічылі. Затое такімі лічылі сябе майстры мастацкага слова, якія ішлі за імі, — Міхась Чарот, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча ў пачатку дарогі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар і многія іншыя, пераважна члены масавай літаратурнай арганізацыі «Маладняк», якая ўзнікла ў 1923 годзе, мела свой аднайменны часопіс, свае філіялы (тады называліся філіямі) ва ўсіх буйных гарадах Беларусі і нават у Маскве і Празе. Тэмы адданасці рэвалюцыі, Радзіме, народу-працаўніку былі галоўнымі ў творчасці сыноў рабочых і сялян, якія, па словах Станіслава Шушкевіча — дзіцячага пісьменніка, аўтара цікавай кнігі ўспамінаў «Вяртанне ў маладосць», уваходзілі ў літаратуру ў вясковай вопратцы, з палатнянымі торбамі за плячыма і стваралі пафаснае, гучнае спачатку мастацтва. Лёс многіх з іх склаўся трагічна: яны падпалі пад сталінскія рэпрэсіі, былі ці закатаваныя, як Міхась Чарот, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Тодар Кляшторны, Валерый Маракоў і інш., ці прайшлі выпрабаванне сталінскімі ГУЛАГамі, як названы Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Грахоўскі, Мікола Хведаровіч і інш., каб данесці да нас суровую даваенную праўду.

Вызначэнне «Мы — дзеці рэвалюцыі, Кастрычніка сыны» належыць маладнякоўцу Алесю Дудару (у сапраўднасці Аляксандр Дайлідовіч), які выступаў і як крытык пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі. Пра яго лёс я і хачу некалькі слоў сказаць.

Бацькі пісьменніка пераехалі з Мазырскага раёна бліжэй да Мінска, у Мар’іну Горку (станцыя Пухавічы). Вучыўся будучы пісьменнік ва універсітэце, які не закончыў. Быў адным з арганізатараў « Маладняка». Талерантны да новай улады, як і яго «таварышы па пяру», захапляўся пераменамі ў жыцці горада і вёскі, радаваўся, што тэхніка мяняе аблічча зямлі. Сваю нястрымную радасць выказаў загалоўкам другой кнігі — «I залацісцей, і сталёвей». Многія вершы з’яўляюцца одамі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як, напрыклад, вось гэты — «Навальніца», радкі з якога хочацца прывесці:

I гараць навальніцы агні.

Свет стары да астатку згніў.

I вякі з верхавін пірамід паглядаюць на нашы дні.

Сацыялістычнае будаўніцтва паэт ухваляе і ў паэме «Слуцак», і ў многіх іншых творах. Пра гэта сведчаць наступныя радкі з верша «3 вёскі»:
Вёска!

ПІто ёй? Што ёй дзеецца?

Вёска рушыць у новы век.

Бач

заместа лучыны ірдззе

радыё - сонца свет.

Сваю адданасць ідэалам рэвалюцыі Алесь Дудар засведчыў і як крытык пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі. Менавіта ён рэзка выказаў пра творчасць Язэпа Пушчы і Уладзіміра Дубоўкі, абвінаваціў іх у здрадзе сацыялістычным ідэалам і тым самым вынес суровы прысуд як «не нашым». А пасля напісання верша «Пасеклі наш край напалам...», які перапісваўся ад рукі і распаўсюджваўся як лістоўка сам трапіў у няміласць, быў арыштаваны і расстраляны. Доўгі час лічылася, што яго не стала ў 1946 годзе, і толькі пазнейшымі высілкамі літаратуразнаўцаў і гісторыкаў прызнаны праўдзівым год 1937.

Так трагічна склаўся лёс сына Кастрычніка, песняра рэвалюцыі Алеся Дудара. Але засталіся таленавіта напісаныя, прачулыя радкі:

Вось вышэй бы за ўсіх узняцца,

я увесь- непакорны шквал.

Што ж рабіць, калі дух юнацкі

агарнуў ваяўнічы запал;

што ж рабіць, калі фарбы раніцы

у грудзёх завялі карагод;

што рабіць, калі кроў барабаніць -

заклікае ісці ў паход?

Пры ўсіх нашых скептычных адносінах да літаратуры, «народжанай Кастрычнікам», будзем помніць, што і яна магла быць гуманнай, што і ў ёй высвечваўся гуманістычны змест. Будзем таксама помніць што стваралі яе сыны і дочкі з вёскі і горада, якія марылі пра шчасце роднай краіны, верылі ў яе светлую будучыню. I, нарэшце, не будзем адкідаць і тое, што лёс многіх «дзяцей рэвалюцыі» склаўся трагічна...