Творчыя працы і вусныя выказванні на вольную тэму
Не скуеш толькі дум ланцугамі.
Янка Купала
Зараз склалася такая сітуацыя, калі вольнымі называюць тыя самыя звычайна літаратурныя тэмы, толькі па творах, якія не вывучаюцца ў школе. Так, вам могуць прапанаваць выказацца на нібыта вольную тэму пра калектывізацыю ў беларускай даваеннай літаратуры. I ваша свабода будзе заключацца толькі ў выбары твораў. Добра, што прачытаныя аповесць П. Галавача «Спалох на загонах», раман С. Баранавых «Межы», што ў полі вашага зроку аказаліся апавяданні М. Гарэцкага з кнігі «Люстрадзён», якая так і не выйшла ў свет, што школьны настаўнік прыгадаў вершы Уладзіміра Хадыкі, рэпрэсіраванага беларускага паэта, пра пачатак калектывізацыі і даволі няўдалую аповесць Якуба Коласа «Адшчапенец», ад якой ён «адхрышчваўся», калі сустракаўся з сябрамі, калегамі, бо лічыў слабай і кан’юнктурнай. А калі ні пра што не згадвалася, не думалася, ніякай інфармацыі няма? Можна выказацца пра прыроду, яе вызначальнасць у лёсе чалавечым, ведаючы лірыку Аркадзя Моркаўкі, Алеся Вечара, Віктара Казлоўскага, Алега Мінкіна і многіх іншых беларускіх паэтаў. Але для гэтага трэба з ёю пазнаёміцца, перапрацаваць вялікую інфармацыю, перачытаць не адзін зборнік і крытычную літаратуру. Ці можа дазволіць сучасны чалавек сабе такую раскошу? Лепш ён зоймецца перакупкай, перапродажам рэчаў. Прыкладна так разважаеце і вы, мае дарагія юныя сябры. Ну што ж, Бог вам суддзя. Для эрудзіраванага ж, захопленага чалавека вольная тэма — акенца ў іншы, больш згарманізаваны і вольны свет, у іншае, хоць крышачку непрымусовае, незапраграмаванае жыццёвае вымярэнне.
Раскрыццё вольнай тэмы мае сваю «жанравую спецыфіку»: тут ужо, не баючыся непрыхільнага стаўлення настаўнікаў, экзаменатараў, можна выказаць свае думкі і назіранні ў форме вуснага разважання, рэцэнзіі, эсэ (свабоднае філасофскае разважанне, роздум, вольнае карыстанне фактамі, суаднясенне розных з’яў). Мабыць, гэта адзінае, што можна выкарыстаць поўнай мерай, нічога і нікога не баючыся, давяраючы толькі ўласнай інтуіцыі, асабістаму пачуццю меры.
Помні, мой юны сябра, што гаварыць і пісаць на вольную тэму вельмі цяжка па многіх прычынах. Першая — тут няма ніякіх правілаў, стандартаў. А раз няма стандартаў, значыцца, настаўнік і экзаменатар можа вынесці адмоўнае рашэнне па самым таленавітым адказе і таленавіта напісанай працы толькі таму, што «недастаткова выкарыстаны літаратурны матэрыял». I сам сабе ты задаеш пытанні: «А як выкарыстаць матэрыял у дастатковай ступені? Колькі разоў трэба спаслацца на літаратурныя творы? Ці хопіць аднаго літаратурнага твора, каб сачыненне было прызнанае?» Бывае, што вучань і абітурыент адразу кідаецца на вольную тэму, спяшаецца выказвацца ці пісаць, а затым выяўляёцца, што яму проста не хапіла жыццёвага вопыту, каб больш-менш прыстойна разабрацца ў пытанні, вынесеным у загаловак працы («Трэба дома бываць часцей», «Мой родны кут! Як ты мне мілы», «Чалавеку патрэбна не слава» і інш.). Можа, лепш узяцца за пытанні на літаратурную, праграмную тэму. Тут усё вядома — і якія патрыёты савецкія людзі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і як нялёгка жылося народу пры цару і царанятах, і як любіў родны край Максім Багдановіч — «чалавек напрадвесні», паводле трапнага вызначэння Рыгора Бярозкіна, і як ненавідзеў бюракратызм, «прайдзісветаў і тарбахватаў», якія карысталіся і карыстаюцца нашай дабратой, Пімен Панчанка, і якую глыбокую павагу да жанчыны-маці выказваў у многіх сваіх творах выдатны беларускі паэт, класік нашай нацыянальнай літаратуры Максім Танк, і, нарэшце, як шукаў сцежак да людскіх сэрцаў і спрабаваў пераадолець уплыў «балота», дрыгвы маладзенькі настаўнік Люсінскай школы на Піншчыне Якуб Колас. Многае ў адказах і працах на літаратурную, праграмную тэму вядомае, закладзена ў палажэннях і вывадах школьнага падручніка, якія, думаецца, не будуць аспрэчваць настаўнік і экзаменатар. Свае думкі і назіранні можна аформіць як нарыс, нататкі, «думкі» пра таго ці іншага пісьменніка, той ці іншы твор, эсэ, крытычныя нататкі, палемічныя роздумы і г. д.
Запомні, дарагі мой чытач, што выказванне пра тую ці іншую кнігу, )экранізацыю літаратурнага твора вымагае ад цябе напісання рэцэнзіі: якой як літаратурнаму жанру ўласцівы свае асаблівасці: дакладная падача назвы кнігі, веданне раней напісанага аўтарам, уменне убачыць і адкрыць чытачу новае, не ўласцівае ранейшым творам аўтара. Калі ж прапануецца напісаць працу ці выказацца пра ваша асабістае разуменне вечных катэгорый чалавечых паводзін, узаемаадносін, маральных прынцыпаў, пра вашы адносіны да тых ці іншых жыццёвых з'яў і фактаў, адлюстраваных літаратурай, дык вы павінны і паведаміць пра адносіны да прадмета выказвання, і паразважаць аб прынцыцах нармальнага і нялюдскага існавання. Разважанні і назіранні падобнага характару ў рэшце рэшт выліваюцца ў шырокую плынь апавядання і набываюць форму эсэ. Можна пісаць працы на вольную тэму і ў форме нарыса, калі вы валодаеце дарам творцы, можаце асэнсаваць фактычны матэрыял, прывесці яго ў сістэму, вылучыць галоўнае. Чаму б, напрыклад, не напісаць пра тое, што гераіні мастацкіх твораў як бы сходзяць з іх старонак у абліччах звычайных людзей працы — тваёй маці, дарагі мой апанент, што з раніцы да вечара бавіць час на ферме, клапоціцца пра дзяцей, якіх трэба стаўляць на ногі, апранаць, карміць і ў наш скрутны час; бацькі, які не атрымаў узнагарод ад ранейшых і цяперашніх уладаў, пражыў усё жыццё сумленна, не стаў прадпрымальнікам, бізнесменам, а піша дапаможнікі для вучняў, студэнтаў, рупіцца, каб не згасла беларускае слова, каб цягнуліся дзіцячыя сэрцы да кніжак пра край і народ беларускі. Не бярыся, дарагі мой, за надта агульныя, стэрэатыпныя, пісаныя-перапісаныя тэмы тыпу: «Мае думкі пра шчасце», «Якую сцежку мы выбіраем», «Ніколі праўда не ўмірае», «Патрэбен чалавеку чалавек». Не хопіць табе жыццёвага вопыту, каб раскрыць гэтыя тэмы самастойна, пераканаць настаўніка і экзаменатара, што гэта — твае асабістыя думкі, тваё крэда.