Як пісаць сачыненне,творчую працу
Асноўныя патрабаванні: пункт гледжання выкладчыка
ПРАВІЛА ПЕРШАЕ: АДЧУВАННЕ ЎНУТРАНАЙ СВАБОДЫ, ПОЎНАЯ АДСУТНАСЦЬ ПАЧУЦЦЯ ЖАХУ, САМАЗАСЯРОДЖАНАСЦЬ.
Як гэтай унутранай свабоды і разняволенасці не хапае вучням і абітурыентам! Заціснутыя ў чатыры сцяны часам вялікіх паточных аўдыторый (не тое, што класы — светлыя, утульныя, максімум на сорак чалавек), рассаджаныя «квадратна-гнездавым спосабам», як жартавалі мы, вашы старэйшыя бацькі-таварышы, напалоханыя (перад гэтым была строгая праверка экзаменацыйных лістоў і пашпартоў), яны, маладыя і прыгожыя, нібы чакаюць прысуду. А нехта думае, ці ўсе шпаргалкі прыхапіў і ці правільна пранумараваў іх. Другі перажывае, што спазніўся і сядзіць наперадзе: нічога не падгледзіш, «труба!». Ёсць і такія, што спадзяюцца на міласэрнасць экзаменатараў (выкладчыкі таксама людзі, сэрцы і ў іх не каменныя). Ёсць няўдачнікі: сяброўкі паселі побач, пачалі перамаўляцца надта актыўна, а таму гаспадары аўдыторыі развялі іх па розных кутках. У кожнага — сваё. А маё вока часцей за ўсё чаплялася за другіх — адразу засяроджаных, паглыбленых у сябе, настроеных на працу яшчэ да абвяшчэння тэм. Я верыў у іх. I рэдка памыляўся. Пазней бачыў іх на занятках — такіх самых спакойных, упэўненых у сабе.
Распрыгоньцеся, маладыя людзі, ужо перад самім працэсам напісання сачынення ці творчай працы. Адкіньце крыўду бязлітаснай праверкі дакументаў, нязручнасць занятай пазіцыі, страту на чатыры гадзіны сяброўкі. Усё вернецца на свае месцы. Усё гарманізуецца, калі вы, сябры мае дарагія, адчуеце сябе гаспадарамі тэмы, фактычнага матэрыялу, вольнымі «сачыніцелямі», якія будуць пісаць, нават калі абрынецца на іх галовы столь, разбурацца сцены. Зараз назавуць тэмы. Зараз пачнецца цудадзейства. Зараз... Вось нехта нешта прашаптаў-запытаў побач. — Не звяртайце ўвагі. Выкладчык перагарнуў ваш экзаменацыйны ліст. — Гэта ён проста так, ад няма чаго рабіць. За спінай рыпіць лаўка. — Няхай рыпіць! Няма больш важнага зараз, чым пісаць, пісаць, пісаць. Падобная настроенасць, такі стан душы і ёсць яскравае выражэнне ўнутранай свабоды. Яно дасць табе магчымасць, дружа, не быць прывязаным ні да чога, вольна распараджацца часам, не траціць яго на непатрэбшчыну. Дзве гадзіны, прыкшадна, ты затраціш на чарнавік, дзве — на чыставік, адну, а пры ўмове ўважлівых адносін да таго, што пішаш, паўгадзіны — на праверку напісанага. Так не хацелася б бачыць цябе ў становішчы тых, хто позніцца (іх бывае пяць-шэсць у аўдыторыі), каго тузаюць экзаменатары: «Здавайце!», «Мы выходзім!» Ці тых, хто тры гадзіны сядзіць, думу думае або шукае зручнага выпадку каб перахітрыць экзаменатара, дастаць шпаргалку і «скатаць» з яе слова ў слова часам элементарна непісьменны, бездапаможны тэкст.
ПРАВІЛА ДРУГОЕ: ДУМКА - АСНОВА ЎСЯГО.
Так прыкладна можна сфармуляваць правіла, якое дапаможа табе напісаць доказнае, лагічна-паслядоўнае, завершанае ў кампазіцыйных адносінах і бездакорнае ў цэлым сачыненне. Думка заўсёды дысцыплінуе чалавека, арганізуе яго працоўную дзейнасць, дапамагае знайсці правільны выхад з крызісных сітуацый. Праца над сачыненнямі не выключэнне. Давялося прачытаць сотні, тысячы шэрых, аднолькавых пісанняў пра любоў да Радзімы (а раней і партыі), да роднага краю, маці. След у памяці пакінулі нямногія. Доказныя. Адкрывальніцкія. 3 нетрадыцыйным пачаткам. Палемічныя. Нават уімежах праграмных твораў. Такія, у якіх пераважала «жалезная логіка» пры ўсёй магчымай страснасці і высокай эмацыянальнасці. Помню, як нетрадыцыйна пачала некалі абітурыентка сачыненне на тэму «Віна і бяда Васіля Дзятла»...
«А ў чым, уласна, яго трэба вінаваціць? У тым, што працаваў з відна да відна, толькі-толькі пасталеўшы? Сэрца ж баліць, разрываецца, калі глядзіць на яго няроўныя пракосы маці, што, так рана выправіла сына ў доўгую працоўную дарогу! У тым, што не меў кавалка нармальнай ураджайнай зямлі, каб пракарміцца, каб не хадзідь з працягнутай рукой па багатых суседзях? У чым віна яго перад народам, такім, як ён, гаротнікам, што скідаў камяні з дрымучых зарослых палян, выкарчоўваў у векавечных пушчах ляды і так і не займеў у дастатку сваёй зямлі? У тым, урэшце, што родная савецкая ўлада, якая з самага пачатку абвясціла сябе народнай, дала зямлю і назад яе забірае? Дзе, на якіх палетках, палітых роснымі слязамі беларускага селяніна, расце яго віна перад грамадствам і самім сабой? Каля Сумлічаў, на няроўных барознах пятнаццацігадовай Волечкі Нявады? У Сівалапах, дзе калектывізатары-інквізітары пацяробы крышылі ўсё на шляху сваім і абагульвалі, абагульвалі?.. Ніякай віны "грамадскай" няма ў Васіля Дзятла. Як і ў Міхала Тварыцкага — пакутніка-беззямельніка на нашай зямлі. Віна яго і да яго падобных — маральная, этычная. Гэта віна нежадання пакінуць Маню — таўстуху, у якой такія блізкія слёзы, дзеля вялікай, светлай, смелай Ганны Чарнушкі, дзеля Кахання. Гэтае слова я пішу спецыяльна з вялікай літары, хоць экзаменатары, магчыма, мяне паправяць, палічаць такое напісанне памылкай. А я заўсёды пісала б і вучыла другіх пісаць такія вызначальныя для паводзін чалавека словы, як Праўда, Свабода, Жыццё, Каханне з вялікіх літар. У залежнасці ад сэнсу, заключанага ў словах, якія яны пачынаюць». Прыкладна так пісала абітурыентка. Логіка, доказнасць яе мыслення здзіўляла. Здаецца, і сам выкладчык некалі стараўся пісаць самастойна, умеў мысліць, стрымліваў разліўнасць пачуццяў дакладнасцю, неабвержнасцю фактаў. Але каб так рашуча, смела і верна — і да канца — і ў яго самога атрымлівалася рэдка.
Збяры ўсе думкі. Мабілізуй волю. Расстаў вешкі ад тэзіса да тэзіса. Не забудзься, каб кожны наступны «вязаўся» з папярэднім, стыкаваўся з ім. I яшчэ: над кожным тэзісам — толькі не перагружай імі працу, хай іх будзе не больш за пяць, бо ў адваротным выпадку сачыненне атрымаецца стракатае, легкаважкае — пастаў вызначальную тэзу-думку, па-навуковаму (прызвычайвайся да мудронай тэрміналогіі!) — канцэпцыю. Абітурыентка 3., пачатак сачынення якой я вышэй цытаваў, паставіла перед сабой задачу — рэабілітаваць у большай ступені, чым абвінаваціць, Васіля Дзятла. I такая задача сталася яе канцэпцыяй, агульным разуменнем трагічнага вобраза. Падобная канцэпцыя дапамагла ёй часткова рэабілітаваць Васіля нават за тое, што ён не адгукнуўся на заклік Ганны Чарнушкі кінуць усё, але захаваць светлае пачуццё: «Як мог ён, беззямельнік, малазямельнік, кінуць так цяжка набыты кавалак зямлі? Для яго ж аддаць зямлю — гэта тое самае, што аддаць жыццё, усё. Вось і круціцца, бядак, у коле трагедыйных абставін. Думае адно, а робіць другое. Можна яго зразумець у яго пакутах, што ён — не пустадомак, як некаторыя людзі, не перакаці-поле, як Крэмзафіл з рамана Івана Пташнікава "Мсціжы". Для яго няма даражэй роднага поля. Ён і каханнем можа ахвяраваць, каб толькі цягнуліся да сонца каласы на ніве, каб наліваліся ў іх сокам-сілай мапенькія зярняткі», Вось так лагічна, строга і стройна разгортваецца думка абітурыенткі. I гэта вынік мабілізацыі мыслёвай энергіі і адчування абсалютнай свабоды і разняволення духу, перажыванняў, мар.
Асабліва вялікая мабілізацыя духоўных сіл патрабуецца ў канцы сачынення. Тады, калі павінен з усяго папярэдняга апавядання нарадзіцца эфект заслоны, трапнай канцоўкі. Яна не можа быць разгорнутай, часцей — лаканічная, трапная. Добра ўпісваюцца ў яе вершаваныя радкі, што тлумачыцца і павышанай эмацыянальнасцю, і сцісласцю, ушчыльненасцю думкі і перажывання ў лірыцы. Так, сачыненне пра віну і бяду Васіля Дзятла можна закончыць вось такімі нетрафарэтнымі, незацягненымі радкамі: «Кожны чалавек сам выбірае свой лёс. Заслуга Васіля Дзятла заключаецца ў тым, што ён выбраў лёс трагічны, не паддаўся змрочным сілам, захаваўся як асоба і як гаспадар сваёй зямлі. Ён даў бой ва ўсіх чатырох кнігах (чацвёртая павінна была называцца "За асакою бераг") неўтаймоўным калектывізатарам, адміністратарам і толькі ў пятай — "Праўдзе вясны' — пайшоў араць калгасную зямлю. Самы трагічны вобраз у беларускай літаратуры пра калектывізацыю. Самы складаны, заблытаны характар. Заблытаны ў сіле маральных пралікаў і памылак, асабістай нерашучасці і слабасці. Ну што ж, мы прымаем яго такім, які ён ёсць.
Спачывае зямля пад гусцеючым ценем,
Мірна нюхае горкі пах травяны,
Як аратай, што звесіў рукі з каленяў
I бяздумна сядзіць у канцы баразны.
«(Уладзімір Караткевіч)»
Колькі разоў чуў, седзячы з калегамі ў аўдыторыі, дзе правяраліся пісьмовыя працы абітурыентаў, кепікі: «Няма логікі. Думкі ўроскідку. I хто іх толькі так вучыў думаць і разважаць!» Чуў, перажываў, хваляваўся. I не выходзіў з галавы трапны вобраз-дэталь, выкарыстаны рускім пісьменнікам Леанідам Лявонавым у адным з ранніх раманаў. Помню, размова ішла пра купецкае Зараддзе ў Маскве, пра рытм і спосаб жыцця многіх і многіх людзей у ім і жыццё ў цэлым. Сэнс вобраза зводзіўся да філасофскага назірання, што жывое жыве, неяк рухаецца наперад, але так, нібы кола, у якім «все спицы порознь». Таленавіта сказана. Нешта падобнае назіраецца і ў сачыненнях абітурыентаў, у якіх адсутнічае думка, што звязвае, аб'ядноўвае матэрыял. Пішацца пра ўсё разам. Нагрувашчаны шматлікія, здаецца, правільныя факты. Але іх належнага асэнсавання няма. Напрыклад, сачыненне на тэму «Лірыка Максіма Багдановіча» можна пісаць захоплена, страсна, ведаючы фактычны матэрыял, I абсалютна непераканальна, няправільна: «Максім Багдановіч — выдатны беларускі паэт, які доўгі час жыў у Расіі, далёка ад роднага краю, дарагога яго сэрцу. Гэтая любоў шукала выйсця ў радках: "Беларусь, твой народ дачакаецца "Залацістага, светлага дня". Ён любіў таксама краявіды беларускай прыроды, зіму і лета, вясну і залатую восень і прысвяціў ім шматлікія радкі: "У бубны дахаў вецер б'е", "Здароў, марозны, звонкі вечар!" Каханне Багдановіча таксама было светлым і шчырым, пра што сведчыць яго "Раманс" ("Зорка Венера ўзышла над зямлёю..."). Мог паэт і "мысліць вершамі", некалькімі радкамі раскрыць дыялектыку жыцця, высокую духоўнасць асобы ("Жыві і цэльнасці шукай. "Аб шыраце духоўнай дбай".)». Што дасць такі пералік хай і асноўных, цэнтральных тэм і матываў паэзіі Багдановіча? Як ацэніць падобнае пісьмо нават малады экзаменатар? Здаецца, усё правільна, разумна, а асноўнай думкі няма, думкі пра тое, што лірыка паэта — гэта выяўленне яго вальналюбства і трагедыйнага настрою, веры і расчаравання, надзеі і ўпадку сіл. Што гэта лірыка спадзявання на лепшы лёс роднага краю (помнім прарочае — «дачакаецца» лепшага дня народ!) і прадчування хуткага асабістага канца (у паэме-легендзе «Страцім-лебедзь» — «Ды няма адных — Страцімавых», сябрам чытаў услых іначай — «Максімавых»). Урэшце, правільная логіка мыслення магла вывесці абітурыента і на чатыры знакамітыя Багдановічавы радкі, што пісаліся ў трывожныя мінуты (а можа, і секунды!) страты надзеі на выздараўленне, на тое, што ўсё наладзіцца, што да яго, «маладога вераб'я», наведаецца ў госці «стары верабей» — бацька. Не наладзіцца! Не наведае! I застанецца на століку, побач з недапісаным лістом, сумны-сумны, пякуча-шчыры і даверлівы паэтаў запавет з чатырох празрыстых, шчымлівых радкоў:
Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, Я кнігу маю
3 друкарні пана Марціна Кухты.
«Не самотны»! — А больш самотныя радкі мала хто напісаў з беларускіх паэтаў. Хіба толькі Пысін, які гэтак жа сцішана прасіўся-маліўся не шукаць яго пасля смерці, верыць, што ён «у сваю дывізію пайшоў», ды Аркадзь Куляшоў у элегіях з «Новай кнігі» і зборніка «Хуткасць». А колькі пякучага болю ў мужным Багдановічавым прызнанні — «Ў краіне светлай, дзе я ўміраю»! Умірае паэт. I не крычыць, не галосіць пра гэта, не просіць спачування ні ў кога. Проста сведчыць блізкі і хуткі канец. Сведчыць спакойна-разважліва, як летапісец. Як чалавек старонні. Нібыта гэта не ён сам, а нехта іншы. Як страшна чытаць такое! Дык пішыце, дарагія мае сябры, пра такую паэзію Багдановіча, пра такога мастака, філосафа, ваяра з трагедыйнымі абставінамі. Перачытайце яго «Вянок» і творы, што не ўвайшлі ў адзіны прыжыццёвы зборнік, і вы ўбачыце, што радасці і святла ў Багдановічавай паэзіі мала. Бо яна трагедыйная і драматычная. Бо гэта паэзія вечных тэм — пра хуткаплыннасць жыцця і немінучую смерць, зняслаўленую і пакрыўджаную праўду, творчасць як пакутлівы акт на фоне раўнадушша і сытасці («Яны ж мне каменне давалі, "I тыя каменні між імі і мной" Сця-ною высокаю ўсталі».) Яе вялікасць думка арганізуе ў сістэму твае назіранні, дарагі дружа. Давярай ёй «душы цудоўныя памкненні». О так, цудоўныя памкненні душы — яшчэ адзін фактар, які ў многім вызначае поспех справы. Дык звернемся і да яго ацэнкі. Як жа ўздзейнічае ён і на цябе, пачынаючы творца, і на экзаменатараў, якія не надта любяць халодныя, бясстрасныя, раўнадушныя сачыненні?
* * *
Правядзём своеасаблівы эксперымент. Напішам два сачыненні на адну і тую ж тэму і пастараемся высветліць, якая розніца паміж імі і якое з іх лепшае. За працу!
Тэма сачынення — «Нам засталася спадчына...». Паводле Купалавага радка з верша, датаванага 1918 годам.