Белорусские сочинения - Іншае - З чаго пачынаецца Радзіма?

З чаго пачынаецца Радзіма?

“Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!

Якуб Колас.


У свеце шмат розных краін, розных нацыянальнасцей, і кожная адрозніваецца сваёй культурай, а найбольш - мовай. Калі ты ўпершыню сустракаеш чалавека, ты па знешнім выглядзе адразу і не вызначыш, хто ён па нацыянальнасці. Але як толькі ты пачуеш яго гаворку, тую мову, на якой ён размаўляе, ты адразу зразумееш, адкуль ён. Мова - асноўная прыкмета, па якой можна вызначыць нацыянальную прыналежнасць чалавека. І вельмі шкада, што людзі з іншых краін не адразу вызначаюць беларусаў, таму што толькі некаторыя людзі ў нашай краіне размаўляюць на беларускай мове.

Увогуле, першае, што пачынае рабіць малое дзіця - гэта не хадзіць, не пісаць, а размауляць. Таму я лічу, што, па-першае, Радзіма пачынаецца з роднай мовы.

Моўная культура надзвычай багатая і самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у міфічных легендах, паданнях і мудрых прыказках, у загадках і магічна-таямнічых змовах, у выслоўях і казках, у творах мастацкай, навуковай літаратуры. Гэтыя моўныя скарбы вяртаюць нам гісторыю народа, сведчачь пра яго сацыяльны ітэлект, далучаюць нас да маральных, эстэтычных каштоўнасцей, створаных народам за стагоддзі, дапамагаюць зразумець яго філасофію, мастацкія вобразы, авалодаць сакрэтамі яго мовы. Захоўваючы духоўную спадчыну народа, замацоўваючы ў слове ўсе тое, што прынята называць культурай, мова звязвае мінулае з сучасным і будучым.

Але Радзіма - гэта не толькі мова, гэта яшчэ і хараство родных мясцін. Беларусь багата не проста прыгожымі, а вельмі прыгожымі, чароўнымі мясцінамі. Беларусь – гэта край блакітных азер. І гэта не проста словы. Калі мы паглядзім на карту нашай краіны, мы ўбачым, якімі чароўнымі блактінымі “вачыма” яна пазірае на нас. На Беларусі шмат цудоўных краявідаў, шкада толькі, што не кожны заўважае гэтае хараство. Я, напрыклад, магу гадзінамі ўглядацца ў блакіт неба і зеляніну пушчы. А колькі прыгожых рознакаляровых кветак вясной у полі! Увогуле, усе гэта хараство немагчыма апісаць, яго можна толькі бачыць. Усе блізкія і знаемыя з маленства мясціны, дзе мы выраслі і жывем, і есць часцінка таго вялікага і святога, што мы называем дарагім словам Айчына, таму любоў да іх – гэта любоў да Радзімы.

Што ж яшчэ значыць для мяне слова “Радзіма”? А гэта, канечне, мой родны кут, тая старонка, дзе я нарадзілася і жыву. Яна для мяне вельмі дарагая і блізкая. Ніколі я б не змагла паехаць адсюль на доўгі час. Ад’язджаю ненадоўга, але ўсе роўна сумую, а калі вяртаюся, то на душы становіцца вельмі спакойна, ціха і лёгка. Трэба аберагаць і шанаваць тое месца ці куточак, дзе ты адчуваеш сябе так, як птушка ў родным гняздзе. Не ад’язджайце далека ад саёй Радзімы, падтрымлівайце і дапамагайце ёй, чым зможаце!

Але і гэта яшчэ не ўсе, яшчэ шмат з чаго пачынаецца мая Радзіма...