Белорусские сочинения - Іншае - "Мудрыя ўсіх вякоў лічылі, што ў кожнай дзяржаве пачціваму чалавеку няма нічога даражэйшага за свабоду" (Леў Сапега)

"Мудрыя ўсіх вякоў лічылі, што ў кожнай дзяржаве пачціваму чалавеку няма нічога даражэйшага за свабоду" (Леў Сапега)

Чалавек стварэнне божае і нараджаецца свабодным.
     Васіль Быкаў
     У гісторыі заўсёды і непазбежна наступае такі час, калі таго, хто асмельваецца сказаць, што двойчы два - чатыры, караюць смерцю. I пытанне не ў тым, каб ведаць, якую кару ці якую ўзнагароду пацягне за сабой гэтае разважанне. Праблема ў тым, каб ведаць, складаюць ці не двойчы два чатыры.
     Альбер Камю
     
     Свет паразумеўся на яснай, як «двойчы два - чатыры», ісціне, што найвялікшай для кожнай нацыі каштоўнасцю з'яўляецца воля і незалежнасць. Яны - самая першая ўмова годнага жыцця і росквіту дзяржавы.
     Падканцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега ў прадмове да Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. пісаў, што прыстойнаму, пачціваму чалавеку «няволя павінна быць такой агіднай, што не толькі скарбамі, але і смерцю яе ад сябе адганяць павінен. А таму прыстойныя людзі не толькі маёмасць, але і жыцця... не шкадуюць», каб не трапіць пад жорсткую ўладу ворага. Гэтая бясспрэчная ісціна - правіла для ўсяго свету. Аднак у кожным правіле ёсць выключэнні.
     М. Ермаловіч са скрухай і абурэннем піша, што стала хадзячаю думка, быццам Беларусь ніколі не была і не можа быць самастойнаю, што яна абавязкова павінна быць часткай іншых дзяржаў і, само сабой зразумела, займаць у іх падначаленае месца. Такое забыццё «дзедавай славы» даследчык даўніны лічыць вялікай ганьбай. I як вынік гэтай ганьбы яшчэ большая ганьба - засмечванне нашай свядомасці, бесперашкоднае пашырэнне ў нас такога ідэйнага пустазелля, якое ў кожнай самавітай дзяржаве лічыцца абразлівым і нават злачынным.
     Мовай дакументаў «Старажытнай Беларусі» і мовай, што ідзе ад сэрца, гісторык і пісьменнік даводзіць нам, што наша Беларусь ужо ў першапачатковы, полацкі, перыяд сваёй гісторыі першаю адваявала ў Кіеўскай імперыі сваю незалежнасць і жыла вольнай дзяржавай. М. Ермаловіч піша: «Нягледзячы на скупыя звесткі пра Рагвалода, мы можам з упэўненасцю сказаць, што ён быў мудрым дзеячам... спакваля пашыраў Полаччыну і здабываў для яе незалежнасць, а для сябе гонар вольнага князя». Ворагі-суседзі раптам са здзіўленнем і страхам убачылі новую дзяржаву, якая ляжала на скрыжаванні важнейшых шляхоў і якая ў любы момант магла замкнуць іх. Не могучы змірыцца з гэтым, яны не марудзілі з расправай. У 980 г. кіеўскі князь Уладзімір робіць знішчальны паход на Полаччыну. Юная краіна не вытрымала шалёнага націску і гераічна пала, а яе тварэц - Рагвалод - разам з жонкай і двума сынамі быў па-зверску забіты. Пралітая кроў Рагвалода і яго сыноў стала барвовай зарой Беларусі.
     Але на гэтай крывавай зары ўзышла наша першая зорка - Рагнеда. Калі яе бацька Рагвалод і яе браты былі першымі ахвярамі Беларусі, то Рагнеда з'явілася нашым першым героем. З яе імем звязана цудоўнае ўваскрэсенне Полаччыны, бязлітасна вынішчанай Уладзімірам. Подзвіг Рагнеды ў імя Радзімы - яркае пацвярджэнне таму, што галоўнае не самавольства тыранаў, а гераічнае супраціўленне ім і непакорнасць. Якой бы ні была вялікай і жорсткай сіла і ўлада самадзяржаўных дэспатаў, але любоў да волі і Радзімы і нянавісць да прыгнёту заўсёды будуць мацнейшымі і ўрэшце перамогуць.
     У пачатку сваёй гісторыі Беларусь атрымала ў асобе Рагнеды найвыдатнейшы ўзор нязломнасці духу і прыклад барацьбы за волю і Радзіму. Подзвіг Рагнеды быў настолькі незвычайны, што праўдзівая гісторыя яе жыцця ўспрымалася наступнымі пакаленнямі як легенда.
     У гутарцы «Рагвалод і Рагнеда» М. Ермаловіч пафасна, страсна выяўляе сваё захапленне беларускай гераіняй і сваю веру ў тое, што яе прыклад паўплывае на фарміраванне каштоўнасных арыенціраў нашых сучаснікаў: «Няхай жа заўсёды ў нашых жылах цячэ яе палымяная кроў, няхай жа ў нашых грудзях заўсёды жыве яе непакорная душа, няхай жа ў нашых сэрцах заўсёды гарыць жыватворная яе любоў да Радзімы...»
     Даўно ўжо знікла ў Мінску рэчка Няміга, але ёсць вуліца Няміга. «I больш няма для нашай сталіцы даражэйшага, як гэтыя святыні», - піша М. Ермаловіч. У сувязі з бітвай на рацэ Нямізе з'явіўся ўпершыню на старонках летапісу Менск. Цяжка пераацаніць значэнне гэтай падзеі ў гісторыі Беларусі. Адна з самых крывавых у нашай старажытнасці, бітва на Нямізе ўразіла не толькі сучаснікаў. Рэха яе цераз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігаравы» самымі натхнёнымі паэтычнымі радкамі. «I хаця гэта бітва прынесла страшэннае паражэнне нашай прарадзіме - Полаччыне - і яе слаўнейшаму правадыру - князю Усяславу Чарадзею, - яна была яскравейшым сведчаннем нашай слаўнай хмінуўшчыны, поўнай няспыннай барацьбы з нашым першым па часе ворагам - Кіеўскай імперыяй» - так усведамляецца даследчыкам даўніны М. Ермаловічам значэнне гэтай падзеі ў нацыянальнай гісторыі. Ён піша, што, на вялікі гонар Полаччыне, яна была першай, якая пачала развал гэтай, паводле К. Маркса, «недарэчнай і няскладнай, скараспелай і шматковай дзяржавы». Палачане не хацелі несці ахвяры ў імя ажыццяўлення заваёўніцкіх мэт кіеўскіх князёў і рашуча распачалі барацьбу з імі.
     Бітва на Нямізе сведчыць і пра тое, што ў далёкім мінулым Менск быў самай важнай і надзейнай крэпасцю Полаччыны для абароны ад Кіева. Жыхары Менска, самаахвярныя грамадзяне і свайго горада, і сваёй радзімы, мужна бараніліся ад ворага. Нездарма ж кіеўскія князі так па-варварску помсцілі Менску. Узяўшы яго ў 1067 г., яны «иссекоша мужей, а жёны и детей взяша на щиты». Крыху пазней Уладзімір Манамах выхваляўся тым, што, захапіўшы Менск, «не оставихом у него ни челядина, ни скотины».
     Хто болей, як прабацькаўшчына наша - Полаччына, змагаўся за сваю незалежнасць і адстаяў яе! Але гэта ніколькі не вычарпала яе ўласных духоўных магчымасцей. Варта прыгадаць толькі імёны Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча. Створаная ў гэты час культура наша была настолькі багатай і моцнай, што на працягу наступных чатырох стагоддзяў змагла ўсебакова абслугоўваць буйнейшую тагачасную дзяржаву ў Еўропе - Вялікае княства Літоўскае. У XVI ст. культура ў асобе Францыска Скарыны паднялася да сусветных вяршыняў, а на працягу наступных двух стагоддзяў была сцягам барацьбы нашага народа за сваю самабытнасць.
     Самастойнай і пануючай Беларусь была і ў Вялікім княстве Літоўскім, якое найперш было беларускай дзяржавай, і мужна адстойвала сваю незалежнасць не толькі да 1569 г., але і пасля. Канчаткова Беларусь страціла сваю незалежнасць толькі ў канцы XVIII ст. М. Ермаловіч фактамі даводзіць, што, хоць войны прыносілі Беларусі найвялікшыя страты, - не яны былі галоўнай прычынай яе заняпаду: «Многія еўрапейскія дзяржавы не менш цярпелі ад войнаў, але, нягледзячы на гэта, дасягнулі побач з найвялікшым эканамічным развіццём не меншага палітычнага і культурнага росту. Гэта з'явілася вынікам таго, што яны былі незалежнымі краінамі, самі вырашалі свой лёс, самі па свайму гледжанню і патрэбах будавалі сваю культуру. Але ўсяго гэтага была пазбаўлена Беларусь».
     Вялікім рэвалюцыйным адкрыццём Беларусі стала паўстанне 1863 г., правадыром якога быў Кастусь Каліноўскі. Значэнне Кастуся Каліноўскага як нацыянальнага героя Беларусі найперш і заключалася ў тым, што ён вывеў свой народ з цемры нацыянальнай невядомасці і гэтым самым паказаў свету новую карціну - сваю родную Беларусь. Беларускі народ меў слаўную тысячагадовую гісторыю. Ён жыў у цэнтры Еўропы. Але акружаныя з усіх бакоў і здушаныя бязлітаснымі ворагамі, якія рабавалі іх багацці, аплёўвалі іх культуру і абкрадалі іх мінулае, беларусы да Кастуся Каліноўскага былі малавядомым народам. Яго ідэалам была дэмакратычная Беларусь.
     М. Ермаловіч піша, што ў Кастусю Каліноўскім «як бы абудзілася даўно драмаўшая энергія нашых славутых продкаў» - мужных палачанаў. Пасля легендарнага полацкага князя Усяслава Чарадзея Кастусь Каліноўскі быў самым выдатным правадыром на Беларусі. Ён глыбока разумеў, што беларускаму народу як самаму забітаму, самаму заняволенаму ў Расійскай імперыі больш, чым якому іншаму, патрэбна была незалежнасць. Кастусь Каліноўскі быў першым, хто пачаў будаваць самастойную Беларускую рэспубліку. Ужо з-пад шыбеніцы вялікі сын напомніў свайму народу, што «як дзень з ноччу не сходзіць разам, так і навука праўдзіва не йдзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе... тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе».
     Кат узвёў Кастуся Каліноўскага на эшафот. Гісторыя паставіла яго на высокі п'едэстал нацыянальнага героя Беларусі.
     У часы, калі Беларусь была забраным краем царскай Расіі, рука расійскіх самадзержцаў душыла беларусаў рознымі спосабамі: турмой і пятлёй, катаргай і цемрай. Спрабавала яна прыкончыць беларусаў і «культурай чорнаю раз'юшаных баяр». Патопам разлілася яна па нашай зямлі пасля бурнага 1863 г. Усё ж, нягледзячы на гэта, Беларусь хоць і павольна, але няўхільна выбіралася з цемры нацыянальнага нябыту на светлую дарогу нацыянальнага адраджэння. I наша праўдзівая навука зрывала покрыва хлусні, накінутае ворагамі на нашу выдатную мінуўшчыну, збірала нашы песні і прыказкі, легенды і казкі і паказвала іх непаўторнае хараство, даследавала нашу чароўную мову і даказвала яе самабытнасць. Менавіта з часу развіцця сапраўднай аб'ектыўнай навукі пра Беларусь (а гэты час, як сведчыць М. Ермаловіч, прыпадае на 80-90-я гг. XIX ст.) пачынаецца бурны рост нацыянальнага руху. I ён хутка набраў такую сілу, што выдатны беларускі этнограф М. Нікіфароўскі змог з упэўненасцю заявіць: «Калі нас дасюль не з'елі, то і зараз не з'ядуць».
     Усведамленне ролі праўдзівай навукі ў духоўным адраджэнні беларускага народа было ўласціва і У. Караткевічу. Тое ж самае, што сцвярджаў вучоны-этнограф М. Нікіфароўскі, сцвердзіць і У. Караткевіч мовай мастацкага твора, пастаўленага на трывалы падмурак гістарычнай навукі. Караткевічаўскі герой Алесь Загорскі едзе вучыцца ў Пецярбург і робіць выбар на карысць філалогіі і гісторыі, а не натуралагічных навук з тым, каб вярнуць народу гісторыю і памяць пра свае вытокі. Вельмі надзённа гучаць сёння словы Алеся, што «лінгвістыка - гэта значна больш палітыка, чым усё натуразнаўства». Менавіта гісторыя і лінгвістыка сёння адстойваюць наша права «людзьмі звацца», звацца нацыяй і народам па імені «беларусы», і першы доказ таму, што мы ёсць, былі і будзем, - наша мова.
     Сцяганосцы народа, верныя сыны Беларусі на ўвесь голас гавораць, што яна «не змарнела ў прымусе, што к волі прагаю гарыць» (М. Ермаловіч), што зло асабліва лютуе перад сваім канцом. З вераю і любоўю трэба ісці да Беларусі!