Белорусские сочинения - Іншае - Праца - падмурак духоўнасці

Праца - падмурак духоўнасці

...Калі хто не хоча працаваць, той і не еш.
     З Другога паслання святога апостала Паўла да Фесалонікійцаў
     
     Скарпіён угаварыў Слана перавезці яго на сваёй спіне цераз бурную раку, але ўжо на самай сярэдзіне ракі ўпіўся джалам у цела свайго збавіцеля. «Ты што, не разумееш? - абурыўся Слон. - Мы ж абодва загінем!» - «Разумею. Але іначай я не магу: такі ў мяне характар».
     У рамане I. Мележа «Подых навальніцы» ёсць такі эпізод. На чыстцы начальнік міліцыі Харчаў апраўдваецца, што ён грубы з тымі, з кім трэба быць грубым, а п'е ў свабодны ад службы час і ніколі не прапівае памяць. На непераканальнасць і абсурднасць харчаўскіх довадаў Гайліс адказаў, што «чалавек, каторый п'ёт, не можэт не згубіць совесць». З гэтай высновай нельга не пагадзіцца. Можна толькі дадаць: і лянівы таксама не можа быць годным, самавітым чалавекам, вартым пашаны і даверу. I гора таму, каму наканавана будзе перавозіць на сваёй спіне лянівага цераз бурную раку.
     Часам пра кагосьці можна пачуць нешта падобнае: «Ён, вядома, кепска спрацаваў, бо работнік не вельмі, а пра прафесіяналізм у дачыненні да яго і гаварыць не даводзіцца. Але ж затое ён такі харошы чалавек...» Больш алагічнага, памылковага сцверджання цяжка і знайсці.
     Якімі б выдатнымі якасцямі ні валодаў чалавек, якія б высакародныя пачуцці і памкненні ні панавалі ў яго душы, але не рэалізаваныя ў справе яны - нішто, як усякая вера без справы - мёртвая. «Па веры вашай і справах вашых дадзена будзе», - сказана ў Евангеллі.
     Рана ці позна вынікне такая сітуацыя, што рэалізуе не лепшыя, а самыя горшыя якасці лянотніка. Быкаўскі Карніла Багацька, узрушаны даносам Каландзёнка, даводзіц Сцепанідзе, што «горай за суседзяў нікога няма: усё бачаці і заходзяцца ад зайздрасці. Асобенна яшчэ калі нягеглы які. Няўдака! Такі не тады рады будзе, калі сам каня купіць,; калі ў суседа конь здохне». I Мікіта Зыркаш, які быў зайздросным і нядобрым, сапсаваў усё жыццё Хведару Роўбу: напісаў скаргу на яго за малатарню, з якой усё і пачалося. Зміцер Цыпрукоў не знайшоў іншага спосабу аддаць пазычаную ў Хведара трыццатку, як пазбавіцца ад свайго крэдытора. На камбедзе Зміцер прапанаваў раскулачыць Хведара, а потым як лішэнца і цвёрдападатніка выслаць у Сыктыўкар.
     Скарпіёны-лянотнікі, нават ратуючыся ад пагібелі, едучы на спінах сланоў-збавіцеляў, усё роўна джаляць іх, сякуць сук, на якім сядзяць. Іначай яны не могуць - такая іх натура. Калі б лянотнікі толькі нічога не рабілі! Спіны сланоў вытрымалі б іх, але, паводле слоў апостала Паўла, такія «нічога не робяць, а мітусяцца». I тая іх мітусня часам згубная нават для сланоў. У ахамелым на таталітарнай ураўнілаўцы грамадстве мітусня скарпіёнаў-лайдакоў зрабілася нормай, стварыла ўмовы, пры якіх «стала баба памагаць, седзячы на возе», а «памагатыя» ўсім запраўляць і перайначваць спрадвечныя ўсталяваныя нормы жыцця.
     Адвеку народ ведаў і тымі ведамі кіраваўся, што нельга, да прыкладу, каб сляпы вёў відушчых; нельга даручыць умацаванне сям'і таму, хто ўласную разбурыў. Нельга даверыць агульную справу, агульную гаспадарку, якога б маштабу яна ні была (ад калгаса да дзяржавы), таму, хто нядбалы і няздатны на ўласнай гаспадарцы.
     Мележаўскі герой Нібыто-Ігнат узрушана даводзіў Башлыкову пра згубнасць, злачыннасць і асуджанасць новай улады. I самы галоўны довад Ігната супраць савецкай улады той, што ёю парушана спрадвечная мерка чалавечай каштоўнасці - справа, здольнасць быць гаспадаром. Ігнат заўпарціўся ісці ў такі калгас, на чале якога стаіць Міканор. А які з Міканора гаспадар? I для пераканальнасці выкарыстаў грубаватае, але трапнае народнае параўнанне. Довад Андрэя Рудога, што «Міканор - чалавек сазнацельны, ідзейны» раззлаваў Ігната яшчэ больш. Ён, як піша аўтар, перакрывіў Андрэя Рудога дзіўна зларадна і зноў пайшоў у наступ: «Гаспадар ён які, пытаю! Ён і ў сваёй гаспадарцы не быў ніколі гаспадаром. Поля сам, можно сказаць, не абрабіў адзін. Бацько ўсё. ...А цяпер яму - усе гаспадаркі!» У пазіцыі Нібыто-Ігната ўвасоблена народнае разуменне годнасці і самавітасці чалавека. Меркай значнасці чалавека ў людской супольнасці адвеку лічыліся справа і ўчынкі, а не «сазнацельнасць, ідзейнасць».
     Не страшна, што ў свеце ёсць лайдакі, абібокі; яны былі, як свет стаіць, толькі не на іх ён трымаецца. Калі лайдакі на свеце ёсць, значыць, яны таксама маюць права на існаванне. Але ж свет перавернецца (як ужо ледзь не перавярнуўся ў час перавароту, названага «карэнным пераломам»), калі лайдакам будзе дадзена права на кіраванне светам. Болын за ўсё быкаўскага героя Хведара Роўбу здзівіла тое, што самы няўклюдны гаспадар Зміцер Цыпрукоў, у якога некалі здохла кабыла ад бяскорміцы, бо з'ела страху за зіму і гэтага не хапіла, стаў у Нядолішчы брыгадзірам. Той Зміцер, які за жыццё не навучыўся плесці лапцей (заўжды пляла яму жонка), цяпер гэты недалэнга робіць брыгадзірам! «'Праўда, горла меў добрае, мог накрычаць на каго хочаш, што цяпер, мабыць, самае важнае. Як там, у ссылцы, так і тут у калгасах. Мабыць, аднолькава...»
     Так, сапраўды, новы час абвясціў «прыход героя», меркай якога стала не справа, як раней, а гатоўнасць дзеля ідэі і партыі пераступіць цераз каго заўгодна. I. Мележам у рамане «Завеі, снежань» пераканальна паказаны «пераварот» спрадвечных каштоўнасных арыенціраў, які адбыўся з прыходам новай улады. Башлыкоў вострыць меч над галавою інтэлігентнага, чалавечнага і працавітага Апейкі, ужо рыхтуе яму замену. Грубы, нахабны, вечна п'яны, неадукаваны і пагарджаны ў народзе Дубадзел-Крывароты хутчэй за ўсё і прыйдзе на змену Апейку, бо «гэты - цвёрды, гэты - крэмень. Барацьбіт. Гэта - галоўнае. ...Неабходны цвёрдыя, жалезныя! Здольныя крышыць ворага, рушыць усё, што на шляху замінае. ...А галоўнае - адданасць якая і рашучасць. Гэты цацкацца з кулаччом не будзе».
     Вар'яцкая сіла і небяспечнасць ахамелай таталітарнай сістэмы ў тым, што яна надзяліла ўладай зло. Такой уладай, што, як заявіў Сырадоеў, герой трагікамедыі А. Макаёнка «Трыбунал», «нікому і не снілася: цару такой улады не давалі!» А Гуж з аповесці В. Быкава «Знак бяды» цынічна прызнаецца Сцепанідзе, што дадзеная фашыстамі ўлада патрэбна яму не дзеля таго, каб зямлёй завалодаць (ён зямлю, паводле яго прызнання, «з дзецкіх лет узненавідзеў»), а каб мець уладу над людзьмі і «ў парашок сцерці» тых, каго ненавідзіць. Крываротыя, сырадоевы, цыпруковы, каландзёнкі ненавідзяць і вынішчаюць найперш тых, хто зямлю любіць і на ёй шчыруе, тых, на чыёй спіне яны і едуць.
     Толькі праца і справа ставяць жыццё на трывалы маральны падмурак. Лепшыя творы нашай нацыянальнай літаратуры сцвярджаюць закон вечнасці: жыццё без працы не можа быць сумленным і рана ці позна стане злачынным. I тады праблематычным стане жыццё наогул. Добрыя кнігі пра справу, працу - гэта кнігі пра галоўнае ў нашым жыцці.