Белорусские сочинения - Іншае - "Самы светлы талент - дабрата" (Сяргей Грахоўскі)

"Самы светлы талент - дабрата" (Сяргей Грахоўскі)

Ва ўсім, як хочаце, каб вам рабілі людзі, так і вы рабіце ім, бо ў гэтым закон і прарокі.
     З Евангелля
     
     Ні ў чым наш Ф. Скарына не быў такім паслядоўным і настойлівым, як у сцвярджэнні самага галоўнага закону вечнасці. У прадмовах да кожнай кнігі Бібліі ён рабіў акцэнт менавіта на гэта: «Закон прирожений в том наболей соблюдаем бывает: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных всех...» Дабрата - гэта здольнасць чалавека «то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех».
     Ф. Скарына, пераказваючы фабулу кнігі «Эсфір», акцэнтуе ўвагу чытача на матывах подзвігу Эсфір, жонкі персідскага цара і пляменніцы пабожнага іудзея Мардахея. Рызыкуючы сваім жыццём, яна выратавала ад вынішчэння сваіх суайчыннікаў, якое рыхтаваў ім хітры царадворац Аман. У гэтым пераказе Скарына падымаецца да філасофскага абагульнення, выяўляючы яго вершам:
     
     Не копай под другом своим ямы,
     Сам ввалишся в ню,
     Не став, Амане, Мардохею шибенице,
     Сам повиснеш на ней.

     
     Дабрата - вышэйшае праяўленне духоўнасці, сапраўды «самы светлы талент», бо дабрата ёсць любоў у дзеянні, а любоў, як даводзіць Ф. Скарына, самая дасканалая з усіх людскіх даброт і каштоўнасцей: «Без нея же ничто поспешно ест». Якой бы сілай і багаццем чалавек ці народ ні валодаў - без любові і яе канкрэтнага выяўлення ўсё будзе марным, усё рана ці позна пойдзе прахам.
     Фантастычнымі сродкамі славіць П. Панчанка ў вершы «Сэрца і крыж» не толькі лекарскі дар, але і талент чалавечнасці свайго героя, мёртвае сэрца якога «людзей, як жывое, любіла; агонь на сябе выклікала, маланкі ў магілу лавіла».
     Паэтава выслоўе, што дабрата - талент, - гэта не мастацкі прыём. Дабрата - сапраўды талент, прычым, на жаль, рэдкі сярод людзей. Прыгадаем біблейскі сюжэт пра тое, што толькі трое з такім талентам здольны былі б уратаваць гарады Садом і Гамору, але нават траіх не знайшлося сярод тысяч, апантаных зайздрасцю, прагай да нажывы, помсты, блуду, раскошы...
     Талент чалавечнасці, як і любы іншы, - дар Усявышняга дзеля ўратавання ўсіх астатніх. Талент чалавечнасці - гэта здольнасць чуць «звон пад зямлёй» і гатоўнасць выратаваць з-пад зямлі тых, хто звоніць аб ратунку. Гэта - уменне выклікаць на сябе агонь і лавіць маланкі, пасланыя ў іншых. Гэта - нясцерпны, пякучы сорам за грахоўнасць іншых і боль за пакуты іншых. Гэтым рэдкім дарам валодалі быкаўскія Багацькі - Пятрок і Сцепаніда, герой аповесці М. Гарэцкага «Ціхая плынь» Хомачка, сямігадовы Іванка, герой аповесці М. Стральцова «Адзін лапаць, адзін чунь»... Усіх і не пералічыць, бо тут, дзе мы жывём, - зямля такая. Зямля талентаў. Можа, толькі таму, наперакор усім выпрабаванням, што выпалі на долю нашага народа, «жыў беларус - і будзе жыць!»
     Але і доля таленавітых - нялёгкая, пакутніцкая доля, «бо не можа схавацца горад, што стаіць на вяршыні гары». Таленавітых ніколі не разумелі, заўсёды гналі і нават вынішчалі: «Колькі талентаў звялося!..» Пятрок, гледзячы, як высільваецца Сцепаніда, каб выратаваць Лявона Багацьку, трывожыцца, «хаця каб не забралі і Сцепаніду». I трывогі тыя былі небеспадстаўныя. Заўсёды, ва ўсе часы, нелюдзі знаходзілі і вынішчалі тых, хто асмельваўся падняць свой голас за праўду, заступіцца за няшчаснага, пасылалі стрэлы ў таленавітых, багатых на чалавечнасць. Таму і «не ўсе хочуць быць добрымі», як сцвярджае А. Вярцінскі ў вершы «Медсястры», «ды хочуць усе дабраты». Асабліва тады, калі «жывое ўсё ахопіць страх знікнення - і «SOS» нясецца па усёй зямлі».
     «Не ўсе хочуць быць добрымі», а з тых, хто і хацеў бы, не кожны можа, бо дабрата - гэта «горад, што стаіць на вяршыні гары», гэта магутная сіла, якая толькі і здольна ўратаваць свет. А не кожны валодае такой сілай, каб і хацеў. Не кожны здольны падняцца на вяршыню гары з такой круцізной і вышынёй. I нельга ад кожнага патрабаваць таго, што дадзена не многім: «кесараві - кесарава».
     I ўсё ж гісторыя чалавецтва і таленавітыя творы мастацкай літаратуры даюць адказ на самае важнае пытанне быцця: што могуць тыя, хто абдзелены талентам і сілай падняцца на Галгофу за ўсіх ці хаця б толькі за аднаго свайго бліжняга? Вельмі многае. I нават пасільнае для кожнага, хто жыве клопатам выключна толькі пра сябе самога. Першае і самае простае: не патрабаваць «Распні яго! Распні!», калі на Галгофу ўздымаецца не такі, як усе астатнія. Сёння мы ведаем, што шанс выратавання чалавецтва быў яшчэ два тысячагодцзі таму. Быў шанс! Бо не ад лічаных носьбітаў зла, не ад садукеяў і фарысеяў залежала, быць ці не быць самаму вялікаму злачынству на гэтай зямлі. Ад усіх астатніх залежала выратаванне Дабраты і Свету. Але большасць зрабіла выбар на карысць свайго ўласнага вынішчэння. Таму і прадаўжаецца на зямлі раскрыжоўванне самых лепшых і самых таленавітых - прадаўжаецца самавынішчэнне чалавецтва.
     Блізкі да таленту чалавечнасці, але дадзены большасці, а не толькі абраным, - талент мецэнацтва, апекавання. Адораным людзям, якой бы магутнай сілай яны ні валодалі, таксама патрэбна падтрымка, «як каніфоль смычку». Мецэнатам Якубу Бабічу і Багдану Онкаву абавязаны мы тым, што наш слынны зямляк Ф. Скарына змог рэалізаваць свой дар: уславіць Бога і наш народ на векі вечныя.
     Вобразам дзеда Курылы з паэмы «Сымон-музыка» Якуб Колас таксама славіць самы светлы талент у яго канкрэтным выяўленні: разуменні, падтрымцы таго, хто «не такі, як усе». Чужы чалавек аказаўся раднейшым за родных. Дзед Курыла не толькі зразумеў адрынутае ўсімі дзіця, але і паспрыяў яго таленту, падтрымаў яго.
     Многія творы нацыянальнай літаратуры акцэнтуюць нашу ўвагу налым, што дабрата патрэбна ўсюды і ўсім, што яе праяўляць можна, нават не ўзыходзячы на Галгофу, не ахвяруючы ўласным жыццём. I тым самым пісьменнікі не зніжаюць ідэалы дабраты, а толькі набліжаюць іх да кожнага з нас, робяць больш даступнымі для нас. Болыыасць, як Турсевічы, не здольны пайсці разам з Лабановічам па шляху да рэвалюцыі: гэта небяспечна для жыцця. Аднак паспагадаць і дапамагчы няшчаснаму, як дапамог Лабановіч старожцы Ганне, могуць многія. У выяўленні гэтай філасофскай думкі П. Панчанка дасягае афарыстычнасці:
     
     Той дзень прапаў і страчаны навекі,
     Калі ты не зрабіў таго, што мог;
     Калі не паспрыяў ты чалавеку,
     Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.

     
     Калі ж «закон прирожений», як пераконвае нас Ф. Скарына, будзе запісаны «в серци единого кажного человека», то дзень будзе не страчаны, а будучыня забяспечана.