Белорусские сочинения - Іншае - "Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя..." (Анатоль Вярцінскі)

"Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя..." (Анатоль Вярцінскі)

Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа вынішчаюць і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць;
     Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не вынішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюць і не крадуць;
     Бо, дзе скарбы вашыя, там будзе і сэрца ваша.
     З Евангелля
     
     Не страшна, што ў свеце ёсць зло. Гэта не падстава для роспачы ці абурэння. Якую б гарманічную і справядлівую форму супольнасці ні прыдумалі людзі, зло будзе нават у ёй. Яно было, ёсць і будзе, як была і ёсць ноч, але за ноччу абавязкова будзе дзень. «Усё мінаецца», - напісана на пярсцёнку цара Саламона.
     На свеце заўсёды будуць тыя, хто збірае сабе скарбы толькі на зямлі, а значыць, і сэрцы іх будуць там жа і будуць выпраменьваць зло. Не страшна нават, калі зла вельмі многа. Страшна, калі яго столькі, колькі дабра. Тады - разлад, развал, злом. «Дабро і зло ў аднолькай мерцы» - гэта войны («рака затоўчана крывёю»), незлічоныя ахвяры («удава заводзіць каля крыжа»), сацыяльная няроўнасць і несправядлівасць («адзін накраў - багацце ўмножыў, другі згалеў»)...
     Яшчэ страшней, калі «няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне» (Янка Купала). Гэта - баль сатаны і сатанінскі тур. Так бывае, калі дабро не проста пераможана, зрынута, але пастаўлена на службу злу, калі «аслу з напоўненай машною леў акаваны лапы ліжа». «Свінтус грандыёзус» Гарлахвацкі цынічна заяўляе, што ён «так тут зблытае карты, што свой свайго не пазнае», і тады ён зможа на спінах іншых «у вялікія вучоныя выехаць». Гэта ўжо зло ваяўнічае. I ўсё ж са злом лягчэй змагацца, калі яно відавочнае.
     «На свеце трэба быць асцярожным» - адзін з лейтматываў кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...». Зло ў алегарычных апавяданнях паказана не толькі ў вобліку агідных пачвар, цмокаў, карузлікаў (фантазія пісьменніка неабмежаваная ў абмалёўцы зла), але вельмі часта яно надзвычай прывабнае, зманлівае, зіхоткае: «і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні» («Белая Сарока»).
     Страшнай сілай валодае зло ў белых адзеннях, у авечай шкуры, перасцерагае пісьменнік. Яно вабіць, захапляе, бярэ ў палон, нішчыць волю і пачуцці, «святыя думкі блоце», як пра тое даводзіць і Янка Купала ў вершы «Разлад». Ян Баршчэўскі на канкрэтных прыкладах паказаў, як здольна такое зло зблытаць «святыя думкі». Каханая, пра якую так марыў, жыць без якой не мог, становіцца Альберту ўжо непрывабнай: ён убачыў у ёй тысячу заганаў.
     Менавіта зло ў белых адзеннях прагне валадарства не адной, а ўсімі душамі. Белая Сарока прыслала Скамароху вялізны мех золата, «каб быў верны сам і іншых знайшоў, адданых ёй», здольных пайсці ў шырокую браму, што вядзе да пагібелі.
     П. Панчанка вершам «Мала сказаць: ненавіджу...» папярэджвае, што зло «хітра маскіравацца вучыцца спрытна штодня». Яно бярэ на ўзбраенне дэвіз дабра «з ворагам біцца і выжыць, нібы салдат у баю» і кіруецца ім у барацьбе з праўдай, святлом, якія для зла найпершыя ворагі.
     Выявы зла бываюць самыя разнастайныя. Іранічна, здзекліва-сатырычна паказаў Ядвігін Ш. у байцы «Дачэсныя» розныя выявы зла: сацыяльную несправядлівасць, няўдзячнасць, азвярэласць, рабунак, ашуканства, «мудрахітрыя пастанауленні», дыктатуру, сутнасць і якасць улады, якую «паднялі з гразі», і тых, хто такую ўладу падняў... Пісьменнік пераканальна паказаў небяспеку давядзення грамадства да такога стану, калі яго можна завесці ў лес, абудзіўшы самыя нізкія інстынкты і пачуцці, у лес, дзе правяць воўчыя законы, галоўны з якіх закон сілы. Леў навучае ваўкоў: «Не перабіраючы, што і чыё, хапайце і ешце». Рабуй нарабаванае, жыві ў лесе, дзе правіць закон сілы. I сталіся ўжо гэтыя, некалі сумленныя, ваўкі самі дачэснымі гаспадарамі. Сталася тое, што расійскі паэт Ігар Губерман вызначыў з выключнай дакладнасцю:
     
     Боюсь, как дьявольской напаспш,
     Освободнтельных забот:
     Когда рабы стоят у власты,
     Оны куда страшней господ.

     
     Леў і ёсць увасабленне разбуральнай сілы, здольнай абудзіць нізкае ў іншых, арганізаваць іх і маніпуліраваць імі ў сваіх мэтах; давесці грамадства да стану, калі «свой свайго не пазнае». Усё - дзеля таго, каб «паміж згоднай даўняй воўчай сямх пачаліся звадкі, завялося шальмоўства»... Каб «загаціць пекла да варотаў», каб машына набірала свае шалёныя абароты, у яе трэба падкідваць паліва. Вось леў і прыдумаў для ваўкоў «даўгавечную карову», якую яны будуць даглядаць усе па чарзе. I ваўкі «не толькі малако дачыста сцягнуць, але ціснуць, ажно пакуль да крыві не дабяруцца». Кожны, хто яе даглядае, «ціхачом, а хоць кавалачак і лыткі з беднай жывёлы ўрве».
     Многія пісьменнікі, як і Ядвігін Ш., пераканальна паказалі сілу зла, надзеленага ўладай. Ян Баршчэўскі настойліва даводзіць, што прычына ўсіх людскіх няшчасцяў на гэтай чароўнай і багатай зямлі - хцівасць, зайздрасць, бяздушнасць уладароў, іх дурасць і прага раскошы. «О! Калі б той пан Гугон (д'ябал) у сваім жыцці на гэтым свеце быў суддзёю, сакратаром або іншым якім чыноўнікам, дык што б рабілася?» А рабілася б тое, што апісана ў апавяданні «Кот Варгін»: «Гнеў яго быў страшны, жорстка і часта без усялякае віны караў... апрыкраў жыхарам, выклікаючы іх на суд, ганарыўся знакамітасцю роду Дадэмухаў, апавядаў, як некалі раскашавалі яго продкі...»
     Такіх, надзеленых уладай, як раіць А. Макаёнак, «неабходна судзіць усенародным трыбуналам». Трыбуналам над моцкінымі, каліберавымі, над падхалімамі, прыстасаванцамі, прайдзісветамі і авантурыстамі розных калібраў і рознай моцы і з'яўляецца творчасць Андрэя Макаёнка.
     Аснову камедыі «Выбачайце, калі ласка!» складае канфлікт паміж прыстасаванцамі і кар'ерыстамі Каліберавым і Моцкіным, што бачаць сваю галоўную задачу ў тым, каб «у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай» любымі метадамі, і здаровымі сіламі, якія ўвасабляе калгасніца Ганна Чыхнюк. Ідэя твора і выяўлена ў яе маналогу, калі яна пярэчыць Калібераву: «Галоўная задача - у першую чаргу добры ўраджай вырасціць, а потым сабраць яго так, каб ніводнае зярнятка не прапала, Тады і з дзяржавай разлічымся. Мы свой доўг помнім. I калгасніку трэба за сваю працу атрымаць, і на лета каб было што пасеяць».
     Маналог з'яўляецца прысудам усёй сістэме, пры якой магчымы такі абсурд, такія злачынствы, здзейсненыя не кім-небудзь, а самім кіраўніцтвам: «Гэта па-гаспадарску?! У людзей жа работа з рук валіцца, калі бачаць такое кіраўніцтва».
     Гэтымі словамі сялянкі выяўлена аўтарская пазіцыя і перакананне, што самай страшнай сілай валодае зло, надзеленае ўладай. Праз такое «кіраўніцтва» ў людзей не проста работа «з рук валіцца» - валіцца, рушыцца вера ў справядлівасць, парадак. Так паступова разбэшчваецца народ, за што і «неабходна судзіць усенародным трыбуналам» моцкіных і каліберавых. Што хаваецца за слоўнай, прыгожа аформленай, хаця і абсурднай шыльдай, што іх «галоўная задача - у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай» (галоўны лозунг таталітарнай сістэмы - чалавек для дзяржавы)? Хаваецца іх «сапраўдная задача» - любымі сродкамі прасунуцца вышэй па службовай лесвіцы ці хаця б уседзець у тым крэсле, якое пад імі зараз.
     Мова Каліберава - яго самахарактарыстыка; яна адпавядае тым сродкам, метадам, якімі дасягаецца мэта і вырашаецца галоўная задача: «Не зробіш - дух вон, жылы на тэлефон!», «Я цябе ў парашок сатру!», «Такі сабантуй арганізую, што моташна стане», «Гайкі трэба тужэй закручваць сваім работнікам». Такая лексіка, такі стыль кіраўніцтва - такая і ўлада. Бойкая ўлада; па ўсім відаць, што ўсталявалася яна надоўга. Але не назаўсёды. У кожнага з хаўруснікаў свой інтарэс: Моцкін прагне заняць галоўную пасаду на базе «Заготзбожжа», дырэктар спіртзавода Печкуроў - дабудаваць за дзяржаўны кошт шыкоўны дом. У гэтым хаўрусе кожны гатовы ў выпадку чаго перакласці віну, усе свае г рахі на чужыя галовы, і найперш на галовы адзін другога. Нічым не грэбуюць, ні перад чым не спыняюцца «да славы прагныя, ды вузкія ў плячах», каб дарвацца да ўлады, займець «вялікі хамут» і адпаведна - шыкоўнае жыццё.
     Назвай «Выбачайце, калі ласка!» пісьменнік гаворыць, што такім кіраўнікам даўно пара паказаць на дзверы, пада-баецца ім гэта ці не: злазь з даху - не псуй гонту! На заўвагу, што іхні старшыня «вельмі добры чалавек», Ганна Чыхнюк адазвалася па-свойму: «Жонцы трэба лагодны характар... Калгасу гаспадар патрэбен, ды добры гаспадар...» У падтэксце сёння прачытваецца і большае: гаспадар патрэбны быў і ўсёй краіне. Бо ад гаспадара, дзяржаўцы, як сцвярджалі яшчэ мудрыя нашы продкі, залежыць росквіт і багацце краіны, дабрабыт і годнае жыццё народа.
     «Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя, колькі іх там? Ого! А мы: Агонь! Агонь!.. - I зло ляціць пад адхон» - такі шлях вырашэння праблемы дабра і зла прапануе лірычны герой верша «Бой» А. Вярцінскага. Каб зло не стала ваяўнічым, каб свінтусы не сталі «грандыёзусамі», іх трэба «біць проста па пятачку» - такі сцвярджальны пафас усіх таленавітых твораў нацыянальнай літаратуры.
     I. Шамякін у рамане «Сэрца на далоні» праз дыялог Гукана з Тарасавым яшчэ раз нагадвае нам ісціну, што перагледзець свае ўчынкі, пакаяцца, змяніцца да лепшага здольны толькі людзі. Нелюдзі ж (а такім нелюдзем і з'яўляецца Гукан-Сажань) ніколі не мяняюцца. Яны баяцца толькі аднаго - кары, страты пасады, да якой ішлі, пераступаючы цераз усё і ўсіх. Намаганні Тарасава абудзіць у Гукане сумленне, прымусіць яго прызнаць сваю віну і пакаяцца - марныя. Гукан здольны толькі на самаапраўданне, а не на пакаянне. Тарасаў перакананы, што Гукану «нельга паблажліва дараваць! Яго трэба бязлітасна выкрываць!».
     П. Панчанка ў вершы «Гнеў і літасць» сцвярджае глыбока чалавечную думку пра тое, што ўсе мы павінны быць больш цярплівымі і даравальнымі адзін да аднаго:
     
     Пакаўзнецца
     Нехта незнарок,
     Наламае дроў
     З малога розуму,
     Будзе хай урок,
     А не курок,
     I не трэба
     Прыгавору грознага.

     
     Але ж ёсць і тое, што для сябе лірычны герой вызначыў як несумяшчальнае з воблікам чалавека: «п'янае дзікунства і паклёп, гвалтаванне, цёмнае грабежніцтва, падхалімства подлае ўзахлеб - ім заўсёды кара непазбежная».
     «Кара непазбежная», а значыць, і перамога дабра над злом магчыма толькі ў выніку справядлівай барацьбы са злом. Хаўрус, згодніцтва са злом, капітуляцыя перад ім толькі ўмацоўвае і множыць зло. Вечнасць жыцця забяспечваецца толькі перавагай дабра, перамогай дабра над злом.