Белорусские сочинения - Іншае - "Поле бацькава, матчына мова, і над хатай буслова жытло"

"Поле бацькава, матчына мова, і над хатай буслова жытло"

Нас б'е па сэрцах паскарэнне,
     Сціскаюцца прастора, час.
     А матчынай зямлі карэнні
     Ніколі не адпусцяць нас.
     Пімен Панчанка
     
     Родныя далі! Колькі ў іх прыгажосці. Які цуд — родная зямля. Чалавек прырос да яе тысячамі нябачных ніцей. I чым больш убірае сэрца яе прыгажосць, тым мацней прывязваецца да яе. Прывязваецца промнем сонца, блакітам неба, птушыным спевам.
     У кожным кутку зямлі — свая асаблівасць. Наша Беларусь — гэта край блакітных азёр, край лясоў, край прыгожых мясцін з птушынымі спевамі. Непаўторны край! Ён хвалюе той мяккасцю, праўдзівасцю і ласкавасцю, якія ўласцівы і характару беларусаў. Хто хоць раз прыедзе сюды — назаўсёды закахаецца ў тэту зямлю.
     Мастацкае апісанне роднага краю займае значнае месца ў творах народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вершы Янкі Купалы прасякнуты вялікай любоўю да Радзімы. Ён часта ў сваіх творах перадае пачуццё глыбокай адданасці свайму краю:
     
     Я ад вас далека, бацькаўскія гоні, —
     На чужое неба ўжо гляджу сягоння.
          Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
          Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.
     I няма на свеце так вялікай меры,
     I няма на свеце так каваных дзвераў,
          Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —
          Беларусь са мною разлучыць пасмелі!

     
     Вобраз роднай зямлі выступаў на першы план у паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Тут мы знойдзем і карціну восені з сумным шапаценнем траў, і карціну ранняй вясны з яе таямнічымі гукамі, і апісанне летняй навальніцы з моцным дажджом і маланкай. Якуб Ко лас вельмі шырока апісвае родныя мясціны. Ён паказвае, наколькі прыгожая наша зямля і як многа хараства і паэзіі ў яе краявідах. У паэме паўстае просты чалавек, які павінен змагацца, каб мець свой асабісты прытулак на гэтай зямлі. Народны пясняр паказаў, што нельга беларусу пражыць без роднай зямлі:
     
     Мой родны куш, як ты мне мілы!..
     Забыць цябе не маю сілы!
     Не раз, утомлены дарогай,
     Жыццём вясны. мае убогай,
     К табе я ў думках залятаю
     I там душою спачываю.

     
     Так, наш край нельга не любіць. Зямля наша — аснова культуры. А галоўным крытэрыем культуры з'яўляецца мова. Беларуская мова — гэта арганічная, істотная часцінка духоўнай культуры народа. У самыя цяжкія моманты жыцця беларусаў мова дапамагала ім выстаяць, не страціць веру ў лепшую будучыню. Мову продкаў можна лічыць такой жа вечнай, як вечным з'яўляецца жыццё. Прыходзяць на ўспамін радкі з верша П. Панчанкі:
     
     Кажуць, мова мая аджывае
     Век свой ціхі: ей знікнуць пара.
     Для мяне ж яна вечна жывая,
     Як сляза, як раса, як зара.

     
     Мова — гэта аснова ўсіх звычаяў, традыцый, паданняў. Народная мудрасць захавала шмат прыкмет. Адна з іх — жытло бусла. У народзе гавораць, што калі бусел звіў гняздо каля чыёй-небудзь хаты, то гаспадарам наканавана быць шчаслівымі ў жыцці. Але для беларускага народа бусел — гэта не толькі птушка, гэта яшчэ і сімвал нашай краіны. I калі верыць гэтай прыкмеце, Беларусь і яе жыхары павінны жыць вельмі шчасліва. Я вельмі на гэта спадзяюся.
     Мне здаецца, што толькі вялікая любоў да Радзімы, духоўнае адзінства людзей, гуманізм, надзея і цярпенне перамогуць. Трэба верыць у сваю лепшую будучыню.