Белорусские сочинения - Іншае - Беларуская літаратура пра гістарычнае мінулае

Беларуская літаратура пра гістарычнае мінулае

О, салодкія ўспаміны забаў і звычаяў
     роднай зямлі! Як кароткае шчасце, як
     прыемны сон, як вера бацькоў! Навек
     застануцца яны ў памяці.
     Ян Баршчэўскі
     
     Недзе чытала, а можа, і чула, што літаратура — гэта гісторыя народа ў вобразах. Думка правільная і глыбокая. Гісторык, проста летапісец (прыгадваю верш Багдановіча з такой назвай) занатоўвае падзеі і факты аб'ектыўна, адзначае, што ў нейкім годзе адбылося нешта цікавае — паўстанне на чале з Каліноўскім, Вялікая Айчынная вайна, захоп англійскімі каланізатарамі Індыі і г. д. А мастак слова апрадмечвае, агучвае падзеі, малюе іх рознымі фарбамі, робіць падобнымі на тыя, што мы, жывыя, бачым. Вось як, напрыклад, у «Баладзе пра Вячка, князя людзей простых» Уладзімір Караткевіч паказвае эпізод апошняй бітвы Вячкі з крыжакамі на плошчы, дзе яго хацелі пакараць смерцю. Ды па звычаю выканалі апошнюю волю: далі развітацца з канем. I «хлопскі князь» выкарыстаў апошні шанс для смяротнага бою, загінуў са зброяй у руках, як смелы і адчайны воін:
     
     I, выпрастаўшы рукі, меч ката вырваў ён
     I ссёк дубовы чэрап з крутых яго рамён,
     I зноў для бітвы волю ў апошні час дастаў.
     Меч бліснуў у паветры над лютаю гурбой.

     
     Усё — выразна, бачна, карцінна. Можна маляваць апісаны словамі эпізод. Асабліва ўражвае параўнанне працятага многімі стрэламі Вячкі з вожыкам. «Я ў стрэлах, быццам вожык», — спавядаецца ён свайму каню перад смерцю. Ці напісаў бы так гісторык? Канешне, не напісаў бы. Для яго важна было сказаць, у якім годзе, месяцы, дні, а якой гадзіне і на якой плошчы якога горада адбываліся гэтыя падзеі. Мастак апускае многія канкрэтныя падрабязнасці, пакідае ў тэксце толькі тыя, што працуюць на высокі, гераічны ці сатырычна-выкрывальніцкі, а можа, элегічны пафас і настрой. I чытаюцца намі вобразныя старонкі гісторыі з цікавасцю, пад той ці іншы настрой. I робіцца блізкай сівая даўніна. Магутнае ўздзеянне гісторыі ў мастацкіх вобразах на чалавека! Сапраўдны гісторык — мастак слова, фарбы і гуку, які пачуе жывыя галасы далёкіх часоў, убачыць тагачасныя светлыя і чорныя колеры, перадасць каларыт мовы нашых продкаў і светаўспрыманне іх.
     Я з неаслабнай увагай чытала раманы Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды». Пра мінулае ў карцінах, вобразах, разнастайных гуках і фарбах. Мне падабалася чытаць старонкі побытавыя. Ну, напрыклад, пра простае, блізкае да звычайных людзей, убранне пакояў і адзенне князя Вячкі, пра старадаўнія абрады жыхароў Полаччыны, Наваградчыны і Кіеўшчыны і звычаі розных слаёў насельніцтва. Адзін жа эпізод мяне надзвычай уразіў. Гэтым эпізодам адкрываецца раман «След ваўкалака», — князь Усяслаў, якога народ лічыў ваўкалакам, чарадзеем за яго здольнасць хутка перамяшчацца, адчуваць пагрозу роднай зямлі і народу, перамагаць ворагаў, зняволены ў дубовым «порубе» (цямніцы, з вузенькім акенцам на паверхні для перадачы ежы на коп'ях) з сваімі двума сынамі. Перажывае здраду родзічаў. Бачыць, што малодшы сын — мяккі, па-жаноцку пяшчотны — заняпаў душой, растрывожыўся. I тут — о цуд! — да іх залятае жывая істота. Як боскае пасланне. Як сімвал надзеі на выратаванне. Як весніца хуткай свабоды. Не ведаю, ці так было на самай справе. Магчыма, нешта падобнае вычытаў аўтар з дакументаў пра эпоху, якую вывучаў. Але наўрад ці такое было. Эпізод тэты, канкрэтны факт мог і не адбыцца, але ў рамане «След ваўкалака» ён адыграў ролю высокага сімвала — прадвесніка волі. Заняпалыя людзі падужэлі, распрамілі плечы, радасней зірнулі на свет дзякуючы маленькай казюльцы, што завітала да іх за краты праз краты. Далей кіяўляне вызваляць полацкага князя Усяслава. Колькі часу пабудзе ён і вялікім князем Кіеўскай Русі. Паспяшаецца на дапамогу Полацку, у свае родныя землі: бо цяжкай акажацца чужая карона, бо не зможа выкрасліць з сэрца свой родны кут, край, сваю Радзіму — Полаччыну. А сцэна — яркая, светлая, каларытная — застанецца ў маёй памяці назаўсёды. Па яе прыгажосці я буду ацэньваць і ацэньваю зараз твор у цэлым. Бо не імпануе мне гістарычная проза, злепленая (даруйце гэта слова, шаноўныя экзаменатары) з дакументаў, пратаколаў пасяджэнняў, тэлеграмаў і г. д. Хай гэтыя дакументы застаюцца ў гістарычных архівах, хай чытаюць іх гісторыкі, спецыялісты-даследчыкі. Мы, чытачы, хочам бачыць і чуць сапраўдную, жывую гісторыю і, што надзвычай важна, жывых яе ўдзельнікаў — князёў, паноў, просты люд. Нават жывых птушак і звяроў. Жывыя маланкі і капліцы, дзе кланяліся паганскім багам нашы продкі. Жывыя дрэвы і жывы снег. Каб усё звінела, спявала, радавалася і сумавала, рухалася і спынялася на кароткія імгненні. I тут найлепш спраўляўся з задачамі ажыўлення ўсяго жывога і нават нежывога наш таленавіты пясняр мінулага, рамантык, летуценнік, патрыёт «зямлі пад белымі крыламі» Уладзімір Караткевіч. У яго рамане «Каласы пад сярпом тваім» няма шматлікіх дакументаў (праўда, фігуруе царскі маніфест пра вызваленне сялян з прыгону), як у аповесці Міхася Зарэцкага «42 дакументы». Яны растварыліся ў малюнках жыцця. Рассыпаліся на многія і многія кавалачкі — эпізоды, падзеі, апісанні, малюнкі і г. д. I слаўны атрымаўся раман. I чытаем яго і бачым, што ўсё жывое, мэтаімклівае, яркае рухаецца ў акіян вечнасці, а не забыцця. Менавіта такі вобразны, «карцінны» паказ мінулага і выяўляе патрыятызм аўтарскіх пачуццяў, выклікае яго асабістае і чытацкае замілаванне жыццём, людзьмі, падзеямі. Спашлюся для доказнасці на некалькі канкрэтных фактаў, апісанняў з першай чсткі рамана, якая, як вядома, называецца «Выйсце крыніц».
     Алесь Загорскі і яго малочныя браты і сястра Янька, а таксама каханая дзяўчына Майка Раўбіч у лесе, у пагоні за прыгодамі (маладыя, радасныя!). Сустрэча з крынічкай. Жывой. Толькі што ўбачанай. Якая дае пачатак усім водам зямлі. Дняпру таксама. Якое яркае і каларытнае пісьмо! Малюй — і ўсё тут. Ды каб фарбы былі разнаколерныя, задуменна-светлыя, таямніча-чароўныя. Крынічка ж нараджаецца ў глыбіні лясных прастораў! Вось ён — цуд прыроды ў Караткевічавым выкананні: «Крынічка, спакойная на паверхні, выкідала з глыбіні сваёй пясчаныя фантанчыкі. Вечна жывыя пясчынкі рухаліся, расцякаліся па дне ад сярэдзіны жарала, скакалі. А побач другі малы «гейзер», амаль на паверхні, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі». Выразнае, магутнае дэталямі, праўдзівае пісьмо! Бывае, усё жыццё пісьменнік нешта піша, многа друкуецца, але ж не напіша і ў сталасці ды старасці так, як напісаў выдатны Майстар: «вечна жывыя пясчынкі», «тужыўся нарадзіць ваду» (як жывая істота!), «сытыя бурбалкі». Такое апісанне крынічкі застанецца ў залатым запасе нашай нацыянальнай літаратуры. Як і апісанне вясковай раніцы ў Куранях, што на Палессі, Івана Мележа. Як і трапнае гаўрусёўскае (быў такі паэт — прадстаўнік філалагічнага, пасляваеннага пакалення) — «Я вырас пад гарматнымі стваламі». Як і многае іншае — святое і светлае, патаемнае, вечнае.
     А вось не меньш канкрэтнае, вобразнае апісанне пераднавальнічнай эпохі пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя.
     У апісанні гэтым нават абстрактныя паняцці набываюць рысы жывых істотаў — сімвалаў палітычнага і маральнага здранцвення: «Уся неабдымная імперыя дранцвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі. Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія». Скажыце, калі ласка, ці не ўражвае вас такое апісанне, такі вобраз часу? Мяне асабіста надзвычай хвалюе. Ледзь не фізічна чую эпоху паслядзекабрысцкага ўсеагульнага заледзянення. Без «праслуху» і без «прагледу» (купалаўскія словы з верша «Паязджане»). А як лаканічна піша аўтар пра сімвалы царскай імперыі, больш канкрэтныя: «Бог быў падобны на будачніка, а будачнікі — на разбойнікаў. Шпіцрутэны і смугастыя будкі сталі сімваламі. Шчаслівых не было». Лепш не скажаш.
     Я люблю сваю гісторыю. Гераічную, слаўную. Люблю тых, хто паказвае яе жывой, дынамічнай, зменлівай і тым самым набліжае да нас.