Белорусские сочинения - Іншае - Ці ёсць мяжа чалавечай подласці? (Вольныя думкі на вечную тэму)

Ці ёсць мяжа чалавечай подласці? (Вольныя думкі на вечную тэму)

Беларуская літаратура, як і кожная нацыянальная, трывожылася і трывожыцца пра маральны стан чалавека і чалавецтва. Яна не магла і не можа назіраць за тым, як людзі паступова растрачваюць, а не набываюць, клапоцяцца пра матэрыяльныя, а не духоўныя набыткі. Іх усё менш радуе васілёк у жыце (М.Багдановіч) як сімвал вечнай прыгажосці. Ім падавай сёння сотні, тысячы, мільёны баксаў — і ўсё роўна будзе мала. Мала хто сёння скажа, што «патрэбен чалавеку чалавек» (С.Грахоўскі). Далёка не кожны адчувае, што прыйдзе час, калі багатаму і сытаму, яму таксама пажадаецца, каб нехта паспеў да яго раней за гора «хоць на дзве хвіліны заглянуць» (Пімен Панчанка). Ходзяць людзі па свежых масніцах і не задумваюцца, што, магчыма, у іх просяць літасці пявучыя «вершаліны дрэваў», як задумаўся колісь над гэтым народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Свет нейкім дэфармаваным і скасабочаным уяўляецца мне сёння. Можа, гэта асабістае: не вельмі песціла мяне маці ў дзяцінстве. Бацька пакінуў некалі і адцураўся мамы маёй і мяне. Не вельмі адкрывалася сяброўкам. Не чула добрых слоў з вуснаў настаўнікаў — злосных, затырканых, растрывожаных. Але што ён памяняўся параўнальна з 60—70-мі гадамі, ведаю дакладна: і мама расказвала, і з кніг вычытала, і кінафільмы пра тую эпоху часам паказваюць па тэлебачанні. Дык што — свет раскалоўся назаўсёды? Перамагло зло канчаткова? Няма сілаў яго спыніць? Як горка, калі гэта так. Думаць не хочацца, што няма звароту да дабра і не пераможа людскасць і праўда. Кандрат Крапіва даў нам яшчэ да вайны ўрок — сцерагчыся Гарлахвацкіх і Зёлкіных. Ад іх усё зло — малое і вялікае, маральнае, сацыяльнае, ідэалагічнае. Мала што гэтыя людзі дасягаюць любой цаной сваіх карыслівых мэтаў, яны ж топчуць усё святое, разбураюць асновы чалавечага жыцця, пакідаюць пасля сябе толькі чорныя руіны. Пазнейшая літаратура падхопіць трывожнае крапівоўскае папярэджанне людзям. Андрэй Макаёнак у п'есе «Пагарэльцы» выведзе постаць Фёдара Ухватава — высокага ў выніку землятруса начальніка, які акружыў сябе напачатку кар'ерыстамі і падхалімамі, каторыя пазней яму здрадзілі, давялі да смерці ў былой кватэры, ператворанай у офіс. «Як аукнулася, так і адгукнулася» — словы з народнай прыказкі і ўзяў аўтар за аснову свайго твора, яго вызначальнай ідэі. Пімен Панчанка пракрычыць свой боль за людзей, за народ, як тая сойка ў лесе, — маленькая, чуйная птушка, што першая чуе ворагаў і папярэджвае жывое, заявіў на ўвесь голас пра пагрозу расчалавечвання людзей ў трывожным, «шалёным» 20 стагоддзі:
     
     I такая ў свеце мітусня.
     Балбатні не веру, хоць зарэжце.
     Дзе жывая праўда, дзе хлусня,
     Справядлівасць дзе,— ледзь разбярэшся.
     Дзе там па-старому б'юць людзей,
     Дзе катуюць на ўзроўні веку...
     I няма прыпынку, і радзей
     Радасць ахінае чалавека.

     
     I названыя, і многія неназваныя творы напішуцца пазней. Ужо пасля таго, як Крапіва выведзе на паказ усенародны сваіх «дэгенератаў». Як з'едліва і таленавіта, бясстрашна Янка Купала развянчае прыстасаванца і прайдзісвета, неданоска Мікіту Зносака ў неўміручных «Тутэйшых». Пасля таго, як раскажа чытачам пра камсамольцаў Анцішэўскага і Бладзіка Мотуза — адрачэнцаў ад Бога, ад старых і нямоглых бацькоў у аповесці «Ні госць ні гаспадар» высланы пазней у Сібір малады хлопец, настаўнік па прафесіі, вучань Якуба Коласа па Белпедтэхнікуме Лукаш Калюга. Той Калюга, што прыедзе вучыцца ў Мінск з гатовым слоўнікам дзяржынскай гаворкі. Як бы хацелася быць такой жа смелай і таленавітай, як ён! Настаўніца гаварыла мне, што нават сам Змітрок Бядуля прапаноўваў яму паправіць аповесць «Ні госць ні гаспадар», знізіць сатырычнае высмейваннё народжаных Кастрычнікам кіраўнікоў, маладых людзей, якія адчулі сябе ў атмасферы руйнавання раней набытых каштоўнасцей, як рыба ў вадзе. А малады аўтар гаварыў, што жыццё пакажа яго праўду, праўду яго разумения падзей паслякастрычніцкай пары. Літаратура адчувала пагрозу расчалавечвання чалавека ў першыя паслярэвалюцыйныя гады, актыўна змагалася за захаванне гармоніі ў жыцці.
     I ўсё ж хочацца запытацца яшчэ раз у сябе самой: ці такое непераможнае зло? Ці можна паставіць на месца кар'ерыстаў, прайдзісветаў, блатмайстраў — усё чалавечае пазаддзе? Кандрат Крапіва быў па-сялянску разважлівым, мудрым чалавекам. Але на гэтыя пытанні станоўчага адказу ён не дае. Таму і застаюцца яны адкрытыя, нявырашаныя. Я думаю, што зло перамагчы магчыма. Але гэта справа далёкай будучыні. Да такога вываду прыйсці мне дапамагае і сучасная беларуская літаратура. Які твор нашага часу ні возьмеш — туга смяротная, боль планетарны раскрываюцца у іх. Трагедыйнасць — неад'емная рыса сучаснага мастацтва слова. «Сляза на вейцы» — формула арыгінальнага паэта Уладзіміра Паўлава — амаль у кожнага сапраўднага мастака слова. Найперш — на вейцы Васіля Быкава, які сам стаў увасабленнем гонару, сумлення беларускай нацыі. Яго апошнія творы — пра страту беларусамі Беларусі, калі не канчатковую, дык блізкую. Таму і няма прычын для радасці. Таму, так і я лічу, зло пакуль што не пераможана. Але і не непераможнае. Часовае. Сітуацыя — як у Танкавых радках: «А гэта — скардзіцца Зямля на свайго сына — чалавека».