Белорусские сочинения
-
Іншае
-
Палемічная літаратура (канец ХVI - пачатак XVII ст.)
Палемічная літаратура (канец ХVI - пачатак XVII ст.)
Да палемiчнай лiтаратуры адносяцца памфлеты, звароты, адкрытыя лiсты,
трактаты, адозвы i iншыя вiды творчасцi, тэматычна звязаныя з
актывiзацыяй палемiкi вакол пытання пра аб'яднанне царквы i касцёла пад
вяршынствам папы рымскага, так званай iдэi унii. Лiтаратурная палемiка
пачалася пасля выхаду кнiгi Бенядзiкта Гербеста "Указанне шляху", у
якой ставiлася пытанне аб неабходнасцi царкоўнай унii з Рымам у
iнтарэсах праваслаўнай царквы Вялiкага княства Лiтоўскага. Гэту iдэю
падхапiў i развiў вядомы рэлiгiйны i палiтычны дзеяч Пётр Скарга, якi
iмкнуўся даказаць, што сапраўднае веравызнанне iдзе ад
рымска-каталiцкай царквы — пераемнiцы i носьбiта апостальскiх традыцый.
Адказам на выказваннi П. Скаргi сталi ананiмныя творы "Пасланне да
латын з iх жа кнiг", "На багамерзкую на паганую лацiну", шматлiкiя
памфлеты. Iх аўтары выступалi ў абарону праваслаўнай царквы, узнiмалi
вострыя сацыяльныя праблемы таго часу, праяўлялi заклапочанасць жыццём
селянiна, выказвалiся за права народа мець свае погляды ў пытаннях
рэлiгii. Актывiзацыя палемiчнай лiтаратуры пачалася пасля Брэсцкай унii
1596 г., паводле якой праваслаўная царква прызнала вяршэнства папы
рымскага i прыняла сiмвал веры ў каталiцкiм разуменнi, але захавала
сваю мову богаслужэння i сваю абраднасць. У абарону унii акрамя вышэй
названага П. Скаргi выступiў сенатар Рэчы Паспалiтай Уладзiмiра-Брэсцкi
епiскап Iпацiй Пацей. Ён таксама трактаваў унiю як праяўленне
бескарыслiвай апекi папы рымскага над занядбалым праваслаўным людам.
Супраць унiяцтва паўсталi царкоўныя дзеячы Стэфан Зiзанiй, Хрыстафор
Фiлалет i Лявонцiй Карповiч, якiя сцвярджалi, што унiя была абумоўлена
своекарыслiвай палiтыкай католiкаў i вышэйшага праваслаўнага
духавенства, iх мэтай было дамагчыся матэрыяльных выгод, рэлiгiйных
прывiлеяў, палiтычных правоў. Апаненты унii падкрэслiвалi, што знявага
iнтарэсаў праваслаўнай апазiцыi можа прывесцi да класавага антаганiзму,
адстойвалi традыцыi i культурныя дасягненнi ўсходнеславянскiх народаў.
Адным з яркiх прадстаўнiкоў палемiчнай лiтаратуры з'яўляўся
грамадска-палiтычны i царкоўны дзеяч Мялецiй Сматрыцкi (аўтар вядомых
твораў "Антыграфi', "Трэнас, альбо Плач святой усходняй царквы",
"Грамматики славенския правилное синтагма" i iнш.), якi пад нацiскам
жыццёвых абставiн прайшоў складаны шлях ад прызнання i абароны
праваслаўя да яго адмаўлення. Прадстаўнiком апошняга этапу ў развiццi
палемiчнай лiтаратуры быў Афанасiй Фiлiповiч — змагар, барацьбiт,
непахiсны абаронца нацыянальных i рэлiгiйных правоў беларускага народа,
аўтар вядомага "Дыярыуша". У жанравых адносiнах "Дыярыуш" — сiнкрэтычны
твор, якi спалучае рысы i асаблiвасцi публiцыстычна-палемiчнай,
гiсторыка-мемуарнай i дакументальнай лiтаратуры. У склад яго ўвайшлi
дарожныя i тлумачальныя запiскi, успамiны i дзённiкi, легенды,
мiстычныя прывiды i бачаннi, пасланнi, лiсты, выкрывальныя прамовы,
памфлеты, фiласофскiя трактаты, аўтабiяграфiчны нарыс, а таксама вершы
i нотныя запiсы музыкi да iх. Са старонак "Дыярыуша" паўстае праўдзiвы
змагар, барацьбiт, ваяўнiчы абаронца роднага краю, яго святы пакутнiк.
Ён выступае супраць пануючых у дзяржаве каталiцкай i унiяцкай цэркваў,
знешняй i ўнутранай палiтыкi Рэчы Паспалiтай, якая, блаславiўшы
"праклятую унiю", зрабiла ворагамi, сутыкнула "в князствах, поветах, в
местах, в местечках и в селах селян з селянамн, мешчан з мешчанами,
жолнеров з жолнерами, панов з поддаными, родичов з детками, духовных з
духовными". "Дыярыуш" з'яўляецца адным з найбольш яркiх i значных
помнiкаў палемiчнай лiтаратуры XVII ст., у якiм праўдзiва
адлюстравалася барацьба беларускага народа за свае нацыянальныя i
рэлiгiйныя правы, звычаi, традыцыi i культуру.