Паэма Аркадзя Куляшова "Сцяг Брыгады" (3)
Большасць успамінаў тых, каму дадзена ўбачыць паэтычны феномен Куляшова ў шырокім кантэксце савецкай і нават сусветнай паэзіі, пачынаюць сваё слова пра яго творчасць з аднаго і таго ж факта — паэмы «Сцяг брыгады», што ўбачыла свет у часопісе «Знамя» за 1943 год.
Доўгі след палявых каляін Вывеў нас да родных мясцін, Да мясцін, дзе з маленства я рос, Да сяброў, Дубоў, Да сябровак бяроз. Тут навузнік вісеў на сасне, — А чаго Яго Не відно больш мне? Дуб стагодні стаяў на лугу, — А чаму Яму Добры дзень сказаць не магу? Я пазнаць не магу аніяк Стрэчнай вёскі... Дзе школа? Вятрак? Дзе знаёмыя хаты?.. Адны Сярод поля тырчаць каміны.
«Мы зразумелі тады, — скажа, успамінаючы сябра, балкарскі паэт Кайсын Куліеў, — што беларуская літаратура ўзбагацілася творам высокай паэзіі, а Беларусь набыла сапраўднага, вялікага паэта!»
Падзеі першых дзён вайны засталі А. Куляшова ў Мінску. Адступленне нашых войск, жорсткія налёты фашысцкай авіяцыі, незлічоныя людскія ахвяры на вуліцах палаючага Мінска — усё гэта ўразіла душу паэта нечаканасцю і трагізмам. А. Куляшоў апрануў шынель, каб абараніць Радзіму ад ворага, і прайшоў праз суровыя выпрабаванні. У цяжкіх франтавых умовах 1942 г. паэт напісаў паэму «Сцяг брыгады».
Алесь Рыбка — галоўны герой паэмы — пакідае родны Мінск у трагічны час, вайна прынесла ў яго дом вялікае гора, разбурыла любімы горад, разлучыла з сям'ёй. Адчуваючы сябе сынам Радзімы, часцінкай свайго народа, ён ідзе на суровую і цяжкую бітву з фашызмам, даючы свяшчэнную клятву вярнуцца дамоў толькі з перамогай:
Я табе абяцаю і попелам родным клянуся, Што з дарогі ўначы не саб'юся, Вярнуся, вярнуся!..
Алесь Рыбка ні на хвіліну не губляе веры ў сілы народа. Нават у самыя драматычныя моманты свайго франтавога жыцця — развітваючыся з домам, выратоўваючы сцяг брыгады, пераходзячы лінію фронту, у цяжкіх умовах акружэння — герой верыць у перамогу, і гэта вера з'яўляецца для яго надзейным компасам.
Я прайду з табой многа дарог, Мой гадзіннік, мой браце, I я ўбачу часы перамог На тваім цыферблаце.
Ён хоча прыйсці дадому «не нікчэмным, слабым жабраком», а пераможцам. Ён верыць у справядлівасць змагання. У героя паэмы высокае пачуццё грамадзянскага абавязку перад народам, сапраўдны гуманізм і нянавісць да ворага, яснае, чыстае сумленне і прыгожая душа. Усё гэта спалучаецца з мужнасцю і чэснасцю. Ён не шкадуе жыцця, выратоўваючы сцяг брыгады, выносіць з поля бою цяжка параненага камісара Заруднага і гэтым самым выконвае высокі воінскі і грамадзянскі абавязак.
Мужнасцю і стойкасцю вызначаецца і камісар Зарудны. У самыя цяжкія моманты бою ён натхняе байцоў брыгады сваёй верай у перамогу. Правобразам камісара паслужыў член Ваеннага савета 11-й арміі брыгадны камісар I. В. Зуеў, з якім А. Куляшоў быў асабіста знаёмы.
Разам з мужнасцю камісара Заруднага і Алеся Рыбкі паэт паказвае паводзіны Мікіты Ворчыка — былога наводчыка гарматы, аднаго з тых, каму пашанцавала застацца жывым. Пад уплывам панічных чутак Ворчык губляе веру ў перамогу, не бачыць сэнсу ў далейшым змаганні, не знаходзіць у сабе дастаткова сіл, каб пераадолець разгубленасць. У выніку ён кідае баявых сяброў, шукаючы «цішыні і спакою» дома. Але не знаходзіць Мікіта сямейнага шчасця: дома ён даведваецца аб трагічнай смерці жонкі Марыны і яе перадсмяротнай запісцы з просьбай адпомсціць ворагу за здзекі і слёзы. Высвятляецца таксама, што Ворчык, пакідаючы сваіх сяброў, забраў ватоўку з зашытым брыгадным сцягам. За здраду Мікіту выносіцца суровы прысуд.
Вобразамі старасты-паслугача Мядзведзкага, хутаранкі Лізаветы А. Куляшоў паказаў маладушных людзей, здраднікаў.
Паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады» сцвярджае духоўныя каштоўнасці народа — нянавісць да ворагаў і здраднікаў, вальналюбства, высакародства, працавітасць, чалавечую годнасць. А. Твардоўскі назваў паэму «голасам сэрца, напоўненага болем за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай верай у яе сілы да барацьбы, у яе вызваленне».