Паэзія Аркадзя Куляшова, яе тэматыка, грамадзянскі пафас, філасофскія і маральна-этычныя праблемы
Ёсць у паэта свой аблог цапінны... А. Куляшоў
Не толькі для А. Куляшова, але для кожнага творцы «аблог цалінны» — душы людскія, «сэрцы цвёрдыя, быццам з камення». I каб узняць той «аблог цалінны», патрэбна напачатку кожнаму паэту, як даводзіць А.Куляшоў у вершы «Мая Бесядзь», выкапаць «рэчышча ўласнай ракі». «Рэчышча ўласнай ракі» — самабытнасць таленту кожнага творцы, якога б маштабу і ўзроўню той талент ні быў: Волга магутная ці Кама, ці хаця б Бесядзь, што на радзіме паэта. Тое ж самае, толькі пасвойму сцвярджае і У. Скарынкін: «Сапраўднаму паэту трэба мець уласны курс і вугал свой атакі».
Паэзія А.Куляшова годна вытрымлівае выпрабаванні часам. Час засведчыў, што паэт Куляшоў здолеў выкапаць «рэчышча ўласнай ракі», што яго Бесядзь мкне ў акіян сусветнай культуры. У паэта Куляшова — «уласны курс» і свой «вугал атакі».
Чытаючы яго адзін з самых першых вершаў «Бывай», нельга не здзівіцца, што такое і так мог напісаць 14-гадовы падлетак! Філасофія верша і сродкі яе выяўлення вартыя пяра не толькі таленавітага, але і мудрага, сталага творцы. Мала ў інтымнай лірыцы беларусіх паэтаў вершаў, у якіх бы з такой мастацкай сілай была выяўлена, апета і дабраславёна «светлая самота» нязбытнага кахання, якое хай сабе і не спатоліла сэрца радасцю, але будзе наталяць усё жыццё сілай і ўдзячнасцю лёсу, што такое пачуццё наканавана было зведаць:
Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая. Твой светлы вобраз панясу я па жыцці. На ўсходзе дня майго заранка дагарае, Каб позна вечарам на захадзе ўзысці. Дзівоснае, парадаксальнае спалучэнне неспалучальнага (аксюмаран «стаю на ростанях былых»), кантрастная метафара («самотным жаўранкам звініць і плача май»), мажорная мінорнасць і элегічнасць верша — усё ў ім выяўляе стан душы ўзвышанай і натхнёнай, шчаслівай і самотнай — багатай! Невыпадкава гэты верш стаў вядомай і любімай песняй. Верш варты таго, каб быць школай выхавання самых дастойных чалавека пачуццяў, каб выхоўваць «душою чулых». Асабліва карысны ён для ўратавання душ маладых, для знявераных і скалечаных цынізмам душ.
Аркадзю Куляшову належыць галоўная заслуга ў распрацоўцы такога жанру, як балада. Баладнасць яго творчасці, асабліва перыяду вайны, — адметная асаблівасць стылю паэта. Менавіта дзякуючы жанравым магчымасцям бапады, Аркадзь Куляшоў паказаў трагізм вайны і ўславіў гераізм народа, яго бязмежную любоў да Бацькаўшчыны ў самы крьпычны для яе момант. У вершах-баладах «Камсамольскі білет», «Балада пра вока», «Балада аб чатырох заложніках» паэт выпрабаваў сваіх герояў выбарам паміж жыццём і смерцю ў імя Радзімы ці, як у «Баладзе аб чатырох заложніках», паміж смерцю, што была б збавеннем ад пакут, і жыццём-пакутай, але дзеля збавення ад няволі і пакут сваёй Айчыны.
Сёння не сціхаюць спрэчкі і паводле засведчаных паэтам сітуацый (а большасць яго эпічных твораў маюць жыццёвую аснову), і паводле пазіцыі паэта пры адлюстраванні самых крытычных момантаў жыцця. Асабліва гэта датычыцца «Балады аб чатырох заложніках» і верша «Камсамольскі білет».
Некаторыя сцвярджаюць, што не могуць быць прызнанымі людскімі любыя ўчынкі, матывам якіх з'яўляецца ідэалогія. Калі тая ідэалогія мае назву «любоў да Радзімы і жаданне бачыць яе вольнай», то такая ідэалогія — святая. Яна апета і ўслаўлена, нагадаем, яшчэ сюжэтам Кнігі кніг. Пра падобную «ідэалогію», што стала матывам учынку Юдзіфі, расказваецца ў аднайменнай кнізе Бібліі.
Найбольшай сілы трагізму дасягае паэт у вершы «Над братняй магілай». Гэта верш — рэквіем, выпісаны ў традыцыі народнага плачу-галашэння па нябожчыку. Эфект галашэння дасягаецца асаблівым рытмам і асанансам — мэтавым выкарыстаннем слоў з вялікай частотнасцю гукаў «о», «у», «а»:
Ногі просяцца ўстаць,
яны стомы ў дарозе не чулі, Ды ўвагналі ў магілу іх сілу Варожыя кулі.
Гэта — трагедыя, але трагедыя аптымістычная: другая кампазіцыйная частка верша напісана ў форме звароту да Радзімы і адначасова клятвы ёй:
Мы клянёмся еарожай крывёй Напаіць беларускія рэкі.
Самым дасканала распрацаваным жанрам у творчасці Куляшова з'яўляецца паэма. Паэт схільны да эпічнага адлюстравання самых вызначальных момантаў гісторыі, да выяўлення, як гэта было ў баладзе (а балада, па сутнасці, — гэта паэма ў мініяцюры) моцных выключных асоб у выключных абставінах. Многа напісана ім паэм («Аманал», «Баранаў Васіль», «Хамуціус» і інш.), але найболыпую славу прынесла яму паэма «Сцяг брыгады» (1942), якую вельмі высока ацаніў сябар і таварыш па пяру А.Твардоўскі.
Цэнтральнай праблемай паэмы з'яўляецца праблема шчасця. Паэма напісана ў форме вандроўнага дзённіка, які вядзе галоўны герой Алесь Рыбка, чым дасягаецца не толькі лірызм, але і панарамнасць, рэалізм у адлюстраванні часу, «калі гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора».
Вельмі моцная чалавечая прага жыцця і шчасця. Некаторыя, як Мікіта Ворчык, стомлены жудасцямі вайны, мараць пра шчасце і думаюць, што яно магчыма сярод крыві і слёз. Іншыя, як Лізавета — вясёлая кабета, перакананы, што можна «люба жыць і ў горы», адседзецца, перачакаць навалу: «будуць свяціць нам месяца рожкі — ні вайны, табе, ні бамбёжкі». Хай пакутуюць іншыя! Але за ўсё трэба плаціць. За спакойнае сытае жыццё Мядзведскі плаціць здрадай Радзіме і народу. А за здраду яго напаткала справядлівая расплата. Пісьменніцкая філасофія і ўсведамленне шчасця выяўляюцца праз галоўнага героя:
Не хачу сабе шчасця тады, У часы, калі гора Разлілося слязьмі і крывёй Скрозь ад мора да мора.
Нельга быць шчаслівым, калі пакутуе ўвесь народ, калі вакол смерць і жудасць, нагадвае паэт вечную ісціну і закон.
Твор палоніць гуманізмам, верай у вызваленне Бацькаўшчыны, калі сапраўды можна быць шчаслівым:
Я прайду з табой многа дарог, Мой гадзіннік, мой браце! I я ўбачу часы перамог На тваім цыферблаце!
Мастацкая вартасць паэмы ў многім вызначаецца гарманічным спалучэннем рэальнага і ўмоўнага, вечнасцю праблем, узнятых у паэме, дасканалай мастацкай формай іх вырашэння.
Некаторыя даследнчыкі творчасці Куляшова пасляваеннага перыяду адзначаюць яе публіцыстычную накіраванасць як яшчэ адну адметнасць стылю паэта. 3 гэтым нельга • не пагадзіцца. Так, публіцыстычнасць, але якая!
Пра асаблівасць куляшоўскай публіцыстыкі ў паэзіі хочацца сказаць асацыяцыямі яго ж радкоў.
Як «дыван вясны перацвітае ў лета», як «завея лісця у сняжынак пух», так і публіцыстыка Куляшова «перарастае» ў сапраўднаю мастацкасць і дасягае незвычайнай сілы ў выяўленні пачуццяў, думак — філасофіі. Публіцыстычны штамп «абавязаны прапіскай» становіцца ў вершы «Я хаце абавязаны прапіскаю...» сімвалам вечнасці жыцця, абарона якога залежыць ад кожнага з нас.
Праз лірычнага героя і парадаксальныя асацыацыі па прынцыпе градацыі («я — матчын спеў, я — матчыны трывогі», «я — матчын гнеў, які ўздымаў на ногі...») паэт сцвярджае, што любоў да сваёй хаты, калыскі, «падвешанай пад столь», — да ўсяго таго, што называецца гняздом, Радзімай, павінна быць дзейснай. Павінна быць у крытычныя для Радзімы моманты «трацілаваю пугай перамогі»:
Дыміліся сямі франтоў дарогі За мной, як дынамітныя шнуры.
Асаблівай пафаснасці паэт дасягае ў другой кампазіцыйнай частцы верша:
Не дазволю я, каб дым і пыл Зямлю ператварыў у бамбасховішча, Мільярд прапісак — у маўклівы прысак, Мільярд калысак — у мільярд магіл.
У паэта ёсць выдатная перыфраза (моўная загадка), што стала крылатай: «На паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым». Так вобразна і пафіласофску паэт вызначыў «сёння» як імгненне ў вечнасці. Наша «сёння» — мірнае. I ў тым наша шчасце. Але, як даводзіць паэт у вершы, прысвечаным таварышам па пяру, «Сябры, каго вайна скасіла кулямі...» «не ціхне вечны бой». I поле бітвы — сэрца чалавека: за перамогу праўды над няпраўдай, шчырасці — над крывадушнасцю, даравальнасці — над помстай, сціпласці — над гардыняй і пыхай, любові — над нянавісцю. Толькі такі бой — умова вечнасці. «Адзіны серп», які славіцца паэтам, — не той, пад якім загінуць каласы жыцця, а «серп над палявой дарогаю — адзіны серп на сённяшнім жніве!».
Філасафічнасць, выяўленне філасофскіх думак з дапамогай і публіцыстычных сродкаў таксама, але публіцыстыкі вобразнай, асацыятыўнай — яшчэ адна адметнасць лірыкі Куляшова пасляваеннага перыяду.
У вершы «Спакойнага шчасця не зычу нікому...» паэт-філосаф выяўляе сваё разуменне шчасця. Безумоўна, не канфлікты, не звадкі і сваркі, не мітусня — ідэал лірычнага героя. Ён адмаўляе не спакой, згоду і мір паміж людзьмі (і сам паэт, і яго лірычны герой за гэта якраз змагаліся і змагаюцца), а заспакоенасць і застой у душы чалавека, у выніку якіх не можа адбыцца перамогі лепшага ў сэрцы чалавека. Словаспалучэнне «спакойнага шчасця» — эпітэт, вобраз, які заўсёды ўсведамляецца ў пераносным сэнсе. Для лірычнага героя заспакоенасць, статычнасць і шчасце — паняцці несумяшчальныя. Катэгарычнае («не зычу нікому») адмаўленне «спакойнага шчасця» выяўляецца праз асацыяцыі: ручай тады асабліва жаданы, калі неабходна спатоліць смагу; увага толькі тады многага вартая, калі яна шчырая і заслужаная, а не зайздрослівая, крывадушная; і «лес без зязюлі» — трагедыя і абсурд, як шчасце без імкненняў і парыванняў.