Белорусские сочинения - Аркадзь Куляшоў - Думкі і разважанні пра творчасць Аркадзя Куляшова

Думкі і разважанні пра творчасць Аркадзя Куляшова

Шлях у літаратуру ў Аркадзя Куляшова быў не надта складаным, але вельмі цікавым і плённым. Першыя вершы ён напісаў у шасцігадовым узросце на рускай мове. У шостым класе вучань Саматэвіцкай сямігадовай школы пабачыў свой верш “Ты мой брат” на старонках Клімавіцкай акруговай газеты “Наш працаўнік”. Далей творы Куляшова пабачылі свет на старонках часопісаў “Маладняк”, “Полымя”, “Чырвоны сейбіт”.
     Калі меркаваць па тых літаратурных здабытках, што з’явіліся ў друку ў розныя часы, то можна ўпэўнена сказаць, што творчасць Аркадзя Куляшова мае некалькі выразных этапаў. Разважанне пра творчасць пэўнага літаратара павінна быць звязана з аналізам тае канкрэтна гістарычнае сітуацыі, што абварункоўвала яго погляды на жыццё і навакольны свет.
     У дваццатыя-трыццатыя гады Куляшоў інтэнсіўна фарміруецца і развіваецца як паэт. Заўважаецца пэўная засяроджанасць на сваім уласным унутраным свеце, які паэт прыстасоўвае да сучасных сацыяльных умоў, будуе ўласную паэтычную культуру, засвойваючы здабыткі класікаў беларускае і рускае літаратуры.
     Зборнік вершаў “Медзі дождж” і паэма “Аманал” завяршылі першы этап фарміравання творчых здольнасцяў паэта. Куляшоў ішоў сваім арыгінальным шляхам, ствараючы сваю манеру і свае падыходы ў рэалізацыі творчых задум. Невычарпальную крыніцу сваёй творчасці Куляшоў знайшоў у народнай творчасці, а таксама ў класікаў – Я.Коласа, Я.Купалы, А.Пушкіна, М.Някрасава.
     Лічыцца, што канец трыццатых гадоў з’яўляўся сапраўдным уздымам творчасці паэта. Паэтычны цыкл “Юнацкі свет” і шэраг іншых вершаў сведчаць пра тое, што фарміраванне творчае асаблівасці Куляшова паспяхова завяршылася.
     З пункту гледжання сучаснага чалавека, можна сказаць, што у гады культу асобы паэт захапіўся ўзнёслымі ўсхваленнямі таталітарнай камуністычнай улады і яе лідараў, аднак у хуткім часе расчараваўся і адарваўся ад матываў ідэалагічнае прапаганды.
     Творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне раскрылі ў Куляшове шматгранны талент чалавека, які здольны супяражываць з народам трагедыю фашысцкае навалы. У пасляваенны час літаратура падпарадкоўваецца тагачасным плыням, але і тады паэзія Куляшова выдзяляецца сваім глыбокім інтэлектуалізмам, палкім грамадзянскім пафасам.
     Куляшоў быў наватарам не толькі ў адкрыцці новых метадаў і тэм у беларускай літаратуры, але і ў першынстве выяўлення адчуванняў чалавека пасля вяртання з космасу. Беларускі касманаўт Пётр Клімук вельмі здзівіўся, калі прачытаў вершы Куляшова, адзначыўшы, што з такой дакладнасцю нават ён, пабываўшы на каляземнай арбіце, не змог перадаць свае адчуванні, а таленавіты паэт, карыстаючыся саім светаўспрыманнем, здолеў трапна і вобразна перадаць пачуцці.
     Падышоўшы да захаду свайго жыцця, Куляшоў звяртаецца да філасофскіх тэм: існаванне чалавека на зямлі, захаванне планеты, недапушчальнасць у парушэнні нормаў жыцця.
     Куляшоў – магутны майстар паэтычнага эпасу.
     У сваіх творах ён выступае як сапраўдны сябар, які ніколі не здрадзіць сяброўству, Бацькаўшчыне, роднай жанчыне. Як казаў Уладзімір Караткевіч, Куляшову надта падыходзіць старадаўні беларускі пранцып, па якім жылі нашыя слаўныя продкі: “ Людзям – душа, жыццё – свайму дому, сэрца – жанчыне, гонар – нікому “.
     
     Выкладчык кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання БДПУ імя М.Танка ЛАБАЧЭНЯ ГЕНАДЗЬ ЯКУБАВІЧ