Хто ж яны такія, зацюканыя апосталы, пагарэльцы: роздум пра ідэйны змест трагікамедый А. Макаёнка
Андрэй Макаёнак - выдатны беларускі драматург, які прайшоў выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайной, пасляваеннымі выдаткамі жыцця, застойным часам і застаўся верны гуманістычным ідэалам. Ужо першай «поўнаметражнай п’есай» «Выбачайце, калі ласка!» драматург пачынае барацьбу з адмоўнымі з’явамі рачаіснасці - прыпіскамі дзеля асабістага ўзвышэння па кар’ернай лесвіцы (Калібераў), прыстасаванствам, двурушніцтвам. Абмежаванасць светапогляду людзей, якія думаюць толькі пра ўласны дабрабыт і поўнасцю ігнаруюць грамадскія інтарэсы, пісьменнік раскрывае ў п’есе «Лявоніха на арбіце» на прыкладзе паводзін не толькі гора-калгасніка Лявона, але і старшыні райвыканкама Глуздакова.
Мне асабліва запомнілася інсцэніраваная трагікамедыя А. Макаёнка «Зацюканы апостал» — пра мімікрыю, прыстасаванства, ілжывасць жыцця людзей у грамадстве. Краіна тут умоўная, нерэальная, хутчэй за ўсё капіталістычная, якая арыентуе людзей на задавальненне чыста матэрыяльных патрэб, ігнаруе гуманістычную мараль, этыку, прапаведуе перавагу закону дужых, сілы (выразнікамі такіх поглядаў у п’есе выступаюць перш за ўсё Дзед і Тата). Драпежніцкая мараль забівае чалавечае ў чалавеку, ператварае яго ў бясслоўную істоту, вытручвае з яго свядомасці рэшткі сумленнасці, спачувальнасці. Сын (у фінале трагікамедыі «Зацюканы апостал») спрабуе пратэставаць супроць дзікунскіх нормаў паводзін, хоча стаць прэзідэнтам, каб выправіць становішча ў лепшы бок, выкрывае (праўда, з дапамогай хітрыкаў, інтрыг) двурушнасць, знешнюю прыстойнасць сваіх бацькоў, якія вучаць яго быць праўдзівым, а самі заводзяць патаемныя інтымныя сувязі, купляюць маўчанне дзіцяці дарагімі цацкамі.
Фінал п’есы — трагічны. Камічнасць, звязаная з выкрыццём Таты I Мамы, заканчваецца. Шантажыст, вундэркінд Сын нечакана звальваецца ўніз з высокага паверха, вяртаецца дадому ў іншай іпастасі — пакорлівага, паслухмянага зацюканага апостала, які механічна паядае за сталом прапанаваную страву «пад акампанемент» лаканічных слоў «Добра, Тата», «Добра, Мама». Паслухмяная істота — настолькі нязвыклая з’ява для сямейнікаў, што Дачка, якая была такой увесь час да гэтага, абурылася і спалохалася пераўтварэння брата-непакоры ў брата-раба. А Дзед, дык той нават узрадаваўся і вітаў свайго ўнука-марыянетку і абвясціў блізкім, што дзякуючы новаму набытаму абліччу той урэшце стане прэзідэнтам.
Так грамадства, што арыентуецца на меркантыльнасць, на задавальненне выключна фізіялагічных патрэб, знівеліравала, ператварыла ў зацюканага апостала таленавітую асобу. Думаю, што Сына ў пэўнай ступені можна лічыць пагарэльцам, толькі не па яго ўласнай волі, а па волі грамадства і людзей, якія жывуць з ім побач. Ён застаўся ні з чым, хоць гэта і не адчувае сам, а тым больў — члены яго сям’і.
П’еса «Пагарэльцы» — адна з апошніх у спадчыне драматурга, узорам для якога была творчасць патрыярха беларускай сатыры Кандрата Крапівы. Ва ўступнай рэмарцы «Ад аўтара» пісьменнік тлумачыць ідэйны змест твора, абапіраючыся на чатыры прыказкі: «Што пасееш, тое і пажнеш», «Як гукнецца, так і адгукнецца», «Не ў свае сані не садзіся», «Не ўсё кату масленіца, бывае і вялікі пост». Сэнс гэтых прыказак зводзіцца да таго, што трэба паводзіць сябе сумленна, па-людску, быць чалавекам у адносінах да іншых. Калі ж пераступаеш мяжу людскасці, паказваеш сябе з горшага боку, дык усе твае адмоўныя рысы і ўчынкі паўтораць твае колішнія так званыя «сябры» і сам станеш ахвярай іх нялюдскасці. Па ходу сюжэта так і здарылася: Хведар Паўлавіч Ухватаў у выніку нейкага землятрусу нечакана стаў вялікім начальнікам у горадзе. 3 гэтага моманту перайначылася яго жыццё: ён пачаў хлусіць, крывадушнічаць, абкружыў сябе ўгоднікамі і кар’ерыстамі Бусько, Кудасавым і іншымі, не заўважаў ліслівасці сваіх супрацоўнікаў. Справа даходзіла да абсурду: аднойчы ён дазволіў Бусько адганяць муху ад свайго «саноўнага» твару. Так паважны чыноўнік рыхтаваў глебу для свайго падзення ў бездань. Сам драматург недвухсэнсоўна выказаўся на гэты конт: «А соль той прыгоды вось у чым. Той, хто папікаў слабага, дагаджаў дужаму, падлізваўся, хлусіў, крывадушнічаў, выгадваў, пагарджаючы інтарэсамі другіх дзеля ўласнай сытасці, каго адольвала фанабэрыя і славалюбства, той сам сабе праграмаваў няўхільную кару — ганьбу і ўніжэнне пад канец жыцця альбо брыдкую памяць пасля смерці». У другой частцы трагікамедіі Ухватаў — пенсіянер, улада яго закончылася. Ён прыходзіць да сваіх былых супрацоўнікаў з просьбай аб размене кватэры і, даведзены да адчаю пагардлівымі адносінамі да сябе чыноўнікаў, гіне (па іроніі лёсу!) у былой уласнай шыкоўнай кватэры, дзе тая ўстанова цяпер знаходзіцца, не прызнаны за былога Хведара Паўлавіча, высокага начальніка. Так зло пакарана злом, якое яно само і нарадзіла.
Фінал п’есы адкрыты... Сітуацыя з Ухватавым ператворыцца ў сітуацыю падобную, што адбудзецца з Бусько і да яго падобнымі. Іх чакае такі ж лёс непрызнання і ганьбы, бо ў патыліцу прайдзісветам і кар’ерыстам дыхаюць маладыя, роўныя ім па мысленні і ўчынках.