Камедыя Андрэя Макаёнка «Выбачайце, калі ласка!». Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы.
...Іх неабходна судзіць усенародным трыбуналам.
А. Макаёнак
Трыбуналам над моцкінымі, каліберавымі, над падхалімамі, прыстасаванцамі, прайдзісветамі і авантурыстамі розных калібраў і рознай моцы з'яўляецца творчасць Андрэя Макаёнка.
Нельга не пагадзіцца з крытыкам Дз. Бугаёвым, што сатырычнай камедыяй «Выбачайце, калі ласка!», змагаючыся з недарэчнасцямі ў калгасных хлебапастаўках, А. Макаёнак «на самой справе ўдарыў па галоўных падвалінах нашай таталітарнай сістэмы». Ён высмеяў і паказаў небяспечнасць таго, на чым яна трымалася, — паказуху і падман, якім было пранізана афіцыйнае жыццё ад верху да нізу. А дзе падман, там і падхалімства, і казнакрадства, і рабаўніцтва працоўнага чалавека, — злачынства і зло ў самых розных выявах.
Макаёнак з'яўляеццаталенавітым вучнем і прадаўжальнікам лепшых традыцый К. Крапівы. Майстэрства і талент Макаёнка выявіліся ў стварэнні канфлікту, які, як вядома, з'яўляецца асновай драматычнага твора.
Аснову камедыі і складае канфлікт паміж прыстасаванцамі і кар'ерыстамі Каліберавым і Моцкіным, што бачаць сваю галоўную задачу ў тым, каб «у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай» любымі метадамі, і здаровымі сіламі, якія ўзначальвае калгасніца Ганна Чыхнюк. Ідэя твора і выяўлена ў маналогу Ганны Чыхнюк, у яе пярэчанні Калібераву: «Галоўная задача — у першую чаргу добры ўраджай вырасціць, а потым сабраць яго так, каб ніводнае зярнятка не прапала. Тады і з дзяржавай разлічымся. Мы свой доўг помнім. I калгасніку трэба за сваю працу атрымаць, і налета каб было што пасеяць».
Маналог з'яўляецца прысудам усёй сістэме, пры якой магчымы такі абсурд, такія злачынствы, здзейсненыя не кім-небудзь, а самім кіраўніцтвам. «Гэта пагаспадарску?! У людзей жа работа з рук валіцца, калі бачаць такое кіраўніцтва».
Гэтымі словамі сялянкі выяўлена аўтарская пазіцыя і перакананне, што самай страшнай сілай валодае зло, надзеленае ўладай. Праз такое «кіраўніцтва» ў людзей не проста работа «з рук валіцца» — валіцца, рушыцца вера ў справядлівасць, парадак. Так паступоваразбэшчваецца народ, за што і «неабходна судзіць усенародным трыбуналам» моцкіных і каліберавых. I за слоўнай, прыгожа аформленай, хаця і абсурднай шыльдай, што іх «галоўная задача — у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай» (галоўны лозунг таталітарнай сістэмы — чалавек для дзяржавы), хаваецца іх «сапраўдная задача» — любымі сродкамі прасунуцца вышэй па службовай лесвіцы ці хаця б уседзець у тым крэсле, якое пад імі зараз. Мова Каліберава — яго самахарактарыстыка. Мова яго адпавядае тым сродкам, метадам, якімі дасягаецца мэта і рашаецца галоўная задача: «Не зробіш— дух вон, жылы на тэлефон!», «Я цябе ў парашок сатру!», «Такі сабантуй арганізую, што моташна стане», «Гайкі трэба тужэй закручваць сваім работнікам». Такая лексіка, такі стыль кіраўніцтва — такая і ўлада. Бойкая ўлада; па ўсім відаць, што ўсталявалася яна надоўга. Але не назаўсёды.
Дынаміка сюжэта, кульмінацыя ў п'есе дасягаецца драматургам апісаннем хаўрусу кар'ерыста значнага калібру (раённае начальства!) з авантурыстам і прайдзісветам, выкрутлівым спрытнюгай Моцкіным. Як дзялок і махінатар Моцкін, бадай, пераўзыходзіць свайго непасрэднага начальніка, хоць пасаду займае значна ніжэйшую — ён усяго толькі раённы ўпаўнаважаны па хлебанарыхтоўках. Калібераў свядома дае згоду на махінацыі, прапанаваныя Моцкіным. Дамовіўшыся з дырэктарам спіртзавода (яшчэ адзін хаўрус!), раённае кіраўніцтва атрымала фіктыўныя квітанцыі, што збожжа здадзена. У кожнага з хаўруснікаў свой інтарэс: Моцкін прагне заняць галоўную пасаду на базе «Заготзбожжа», дырэктар спіртзавода Печкуроў — дабудаваць за дзяржаўны кошт шыкоўны дом. У гэтым хаўрусе кожны з іх гатовы ў выпадку чаго перакласці віну, усе свае грахі на чужыя галовы і найперш на галовы і адзін другому. Нічым не грэбуюць, ні перад чым не спыняюцца , каб дарвацца да ўлады, «да славы прагныя, ды вузкія ў плячах», каб займець «вялікі хамут» — болын высокую пасаду і шыкоўнае жыццё.
Выдатным майстрам камічных сітўацый, дэталяў праявіў сябе Макаёнак, учыніўшы трыбунал над злом. Асабліва ўражвае сцэна, калі хаўруснік Каліберава Моцкін адкрыта здзекуецца з сімулянта, што імітуе ў канцы п'есы моцны прыступ: «У яго ж камень у пячонках! Булыжнік!.. Кіньце дурня строіць!» А потым бліскучы сатырычны эфект, выкліканы гэтым «булыжнікам», яшчэ дапаўняецца не менш з'едлівай рэплікай Ганны: «За пазухай у яго камень, а не ў пячонках».
Адна з галоўных вартасцей камедыі заключаецца ў дасканалым пісьменніцкім умельстве індывідуалізаваць мову персанажаў. Так, у вобразе Гарошкі вызначальнай з'яўляецца бліскучая моўная знаходка драматурга — прыгаворка персанажа: «Хоць круцьверць, хоць верцькруць». Гэта прыгаворка трапна выяўляе і супярэчлівы характар героя, і яго становішча: не пазбаўлены сумлення і цвярозага сэнсу чалавек, як ні круціцца, дык усё роўна не можа ўсім дагадзіць і часцей мусдць рабіць насуперак свайму гаспадарскаму пачуццю і чалавечаму разуменню.
А ў дадатак да ўсяго драматург вынаходліва вар'іруе гэту прыгаворку. Печкуроў, здзекуючыся з палахлівага бедака, суцяшае яго і раіць прывучацца да рызыкоўных аперацый: «А ты, Гарошка, не круць-верць, а круць-круць». Любімымі слоўкамі Гарошкі камедыя і завяршаецца, прычым вельмі эфектна, на ўзроўні крапівінскага «свінтуса грандыёзуса», якога трэба біць проста па пятачку. Цяпер Гарошкава прыгаварка гучыць ужо з вуснаў Ганны Чыхнюк і адрасуецца Калібераву і Моцкіну: «Хоць круць-верць, хоць верць-круць, адкажуць!» Назвай «Выбачайце, калі ласка!» пісьменнік сцвярджае, што такім кіраўнікам даўно пара было сказаць, падабаецца ім гэта ці не: злазь з даху — не псуй гонту! У адказ на заўвагу, што іхні старшыня «вельмі добры чалавек», Ганна Чыхнюк прамаўляла па-свойму: «Жонцы трэба лагодны характар... Калгасу гаспадар патрэбен, ды добры гаспадар...» У падтэксце сёння прачытваецца і болыпае: гаспадар патрэбны быў і ўсёй краіне. Бо ад гаспадара, дзяржаўцы, як сцвярджалі яшчэ мудрыя нашы продкі, залежыць росквіт і багацце краіны, дабрабыт і годнае жыццё народа.