Вобраз Каліберава ў камедыі А. Макаёнка «Выбачайце, калі ласка!»
Камедыя "Выбачайце, калі ласка!" напісана ў пяцідзесятыя гады і адлюстроўвае тагачаснае калгаснае жыццё. Асноўная задача, якую ставіў перад сабой аўтар, — выкрыць заганы калгаснага ладу. Што датычыцца калгасаў увогуле, то А. Макаёнак супраць іх нічога не меў, але прайсці міма адмоўных бакоў калгаснай сістэмы і некаторых кіраўнікоў, якіх гэтая сістэма параджала, не мог.
Мінуў той час, калі калгасам прызначалі канкрэтныя даты хлебаздач дзяржаве. Больш таго, славіўся той калгас, той раён, а значыць, і яго кіраўнікі, якія датэрмінова спраўляліся з выкананнем абавязковых паставак. Зразумела, што ледзь не ўсе кіраўнікі раёнаў падганялі з хлебапастаўкамі сваіх падначаленых — старшынь калгасаў. 3 гэтай жа прычыны і каб выхваліцца адзін перад адным, кіраўнікі калгасаў і райкамаў пускаліся ў махлярствы, абы толькі быць у перадавіках.
Менавіта такіх «перадавікоў» паказаў нам Андрэй Макаёнак у вобразе старшыні райвыканкама Сцяпала Васільевіча Каліберава. Старшыня райвыканкама — гэта не першая пасада Каліберава. Да гэтага ён працаваў у Мінску і займаў там высокае месца. Аднак пасля некалькіх парушэнняў быў паніжаны ў пасадзе і накіраваны ў раён.
Калібераў робіць выгляд, што ён чалавек высокіх маральных прынцыпаў, што ўсё робіць толькі згодна з законам. На самой справе гэта беспрынцыповы чалавек, прыстасаванец і балбатун. У Каліберава няма належнай адукацыі, ён не валодае ніякай спецыяльнасцю, аднак у ролі кіраўніка адчувае сябе вельмі ўтульна і спакойна. Склікаць нарады і бясконцыя паседжанні — вось галоўны метад яго кіравання, Сярод калгаснікаў Калібераў з'яўляецца вельмі рэдка і неахвотна.
Калібераў вельмі хітры чалавек. Ён адразу зразумеў, якую аферу прапануе яму прахіндзей Моцкін, аднак зрабіў выгляд, што не зразумеў, на той выпадак, калі раптам задума праваліцца. Калі так сапраўды сталася, Калібераў бессаромна звальвае ўсё на Моцкіна і на старшыню калгаса Гарошку. Каб ухіліцца ад адказнасці, жонка Каліберава прыдумала яму хваробу — камяні ў пячонцы. I гэты прайдзісвет час ад часу робіць выгляд, што ў яго прыступ хваробы. Аднак усе ўжо даўно раскусілі ягоную хваробу, і ў першую чаргу яго хаўруснік па махінацыі Моцкін. У час, калі "паплечнікаў" канчаткова выкрылі, Моцкін са здзекам звяртаецца да Каліберава, які гатоў быў скурожыцца ад болю: «У яго ж камень у пячонках! Булыжнік!.. Кіньце дурня строіць!»
Калібераў— прайдзісвет, прыстасаванец, кар'ерыст, чалавек без сумлення і прынцыпаў. Яму няма ніякай справы да людзей, якімі ён кіруе. Калібераў ва ўсім шукае асабістую выгаду. Як ні сумна, але мне здаецца, такія кіраўнікі запраўляюць многімі справамі і ў наш час.