Белорусские сочинения - Іван Навуменка - Героі апавядання Iвана Навуменкі "Семнаццатай вясной"

Героі апавядання Iвана Навуменкі "Семнаццатай вясной"

На дзесяці старонках апавядання аўтару ўдалося псіхалагічна матывавана паказаць элую гаму пачуццяў і настрою героя.
     Р. Сіненка
     
     Першыя празаічныя творы І.Навуменка надрукаваў у трыццацігадовым узросце. У 1957 годзе выходзіць першая кніга пісьменніка «Семнаццатай вясной», якую складаюць апавяданні «Семнаццатай вясной», «Трое з зялёнай будкі», «Эх, махорачка». У гэтым зборніку апавяданняў адлюстраваны духоўны свет і лёс юнакоў у перадваенны і ваенны час.
     Пачынаецца апавяданне расказам галоўнага героя пра жыццё сваіх сяброў-равеснікаў, першае юнацкае каханне. Такі прынцып пабудовы апавядання ўяўляе сабой споведзь аўтара «пра час і пра сябе», дазваляе перадаць рамантыку таго часу. І.Навуменка з добразычлівай усмешкай, лірызмам расказвае пра сябе: «Мне ішоў семнаццаты год. Мая семнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу. Даўно ўжо з усіх кветак я найболын палюбіў бэз».
     Вобраз бэзу праходзіць праз усё апавяданне, даючы яму завершанасць і выразнасць. Гэтая мастацкая дэталь дапамагае сцвердзіць, вылучыўшы на першы план, гуманізм, першую юнацкую любоў, усвядоміць сябе чалавекам вялікага свету. Героі І.Навуменкі — наіўныя і рамантычныя, сур'ёзныя і смешныя. Пісьменнік імкнецца раскрыць іх маральны патэнцыял, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя агульнай справы. У той грозны час моладзь не ўяўляла сабе, што можа быць спакойнае жыццё, але і не пакідала сваіх сардэчных спраў на час пасля вайны. «Першым здрадзіў нашай агульнай справе я. У гэты час, калі ішла вайна, калі там, на фронце, паміралі сапраўдныя героі, я, чалавек, які не зрабіў у жыцці яшчэ ніводнага подзвігу, закахаўся самым ганебным чынам».
     Галоўны герой апавядання Цімох, пакахаушы «белую тоненькую дзяўчыну» у такі нядобры час, крыху разгубіўся, не знаходзіў выйсця «са свайго становішча». Ён то кідаецца ў празмерную крайнасць, уяўляючы сябе ў розных геройскіх ролях і мяркуючы такім чынам спадабацца Стасі: «Вось я на вачах у дзяўчыны забіваю нямецкага каменданта, забіваю Кірылу Сёхмана, забіваю цэлы дзесятак фашыстаў, нарэшце, падаю забіты сам...»
     То прыдумвае «выхад адзіны, які толькі мог быць на свеце», калі, надзеўшы бацькаў сіні касцюм, хоча трапіць на вочы сваёй выбранніцы. Аднак замест спаткання яму прыходзіцца ісці на дыверсію... Вялікую радасць герою прыносіць і тое, што яго абранніца сэрца Стася, якая жыве «ў аптэцы, у доміку, схаваным у засені бэзавых кустоў», мае адносіны да агульнай справы: «Тоненькая белая дзяўчына паўставала цяпер у маіх вачах у нейкім новым, казачным святле. У гэтую вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз».
     Героі апавядання Цімох, Мікола і Сымон Біцюгі, Стася ўмеюць не толькі кахаць, яны яшчэ і змагары. Варта прыгадаць эпізод, у якім расказваецца, як яны падрываюць невялікі масток, каб затрымаць рух нямецкіх цягнікоў на чыгунцы. У гэтым апавяданні пісьменнік расказвае нам, якое было жыццё тагачасных семнаццацігадовых юнакоў і дзяўчат.