Іван Навуменка. Аналіз творчасці
Жыццёвы і творчы шлях Івана Навуменкі тыповы для яго пакалення. Нарадзіўся будучы народны пісьменнік у 1925 г., у гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным падпольнай арганізацыі «За Радзіму», байцом партызанскай Васілевіцкай брыгады, прымаў удзел у баях пад Ленінградам, ва Усходняй Прусіі, Сілезіі.
Пачатак літаратурнай дзейнасці I. Навуменкі прыпадае на 50-я гг. Першы зборнік апавяданняў «Семнаццатай вясной» выйшаў у 1957 г. Затым з'явіліся творы, у якіх аўтар спрабуе адказаць на вострыя пытанні рэчаіснасці, задумваецца над прыродай чалавечага характару, уздымае маральна-этычныя праблемы сённяшняга дня («Таполі юнацтва», «Вераніка», «Апошняя восень», «Смутак белых начэй», «Летуценнік», «Асеннія мелодыі»).
Пачатку Вялікай Айчыннай вайны і перыяду разгортвання партызанскага руху на Беларусі прысвечана трылогія «Сасна пры дарозе» (1962),«Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973). Сам аўтар назваў яе творам аб акупацыі. Падзеі разгортваюцца ў мястэчку Бацькавічы і ў навакольных вёсках. Аўтар паказвае, як на шлях барацьбы з чужынцамі становяцца Сцяпан Птах і яго сын Міця, Аўсянік, Кардаш, Мацвей Шэлег, Шура Гаранка, Іван Лобік і іншыя змагары. I. Навуменка ўзнаўляе сцэны партызанскай вайны на Палессі, прасочвае шлях станаўлення, унутранага гартавання герояў твора, для якіх змаганне з ворагам — галоўная мэта жыцця. Шсьменнік ускрывае прычыны духоўнага падзення, здрады такіх тыпаў, як Юрый Басняк, Крамер, Забела, Дзеніскевіч.
Праз усе раманы трылогіі праходзіць сімвал адзінокай сасны. Гэта своеасаблівы вобраз, які выражае пачуцці герояў, узмацняе драматызм і напал апісваемых сітуацый. Завяршаецца трылогія сцэнай вяртання Міці да прыдарожнай сасны, якая ўвасабляе бессмяротнасць жыцця. Трылогія з'яўляецца праўдзівай гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Не спрашчаючы рэальных абставін, I. Навуменка паказаў праўду жорсткага ваеннага часу.