Белорусские сочинения - Пімен Панчанка - За што я люблю паэзію Пімена Панчанкі

За што я люблю паэзію Пімена Панчанкі

«Дарагая зямля, Радзіма!
     Слова вымавіць немагчыма...»
     Аркадзь Куляшоў
     
     Верш Пімена Панчанкі «Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...» напісаны ў лірыка-філасофскім ключы. Апісанне зведзена ў ім да мінімуму. Спачатку аўтар дае абагульнены і сціслы партрэт Радзімы, вядомы нам па многіх творах сусветнай літаратуры. Сімваламі Радзімы становяцца ў першай страфе «Дым над хатай, снапамі прыціснуты ток, Матчын спеў і гароды, прапахлыя кмінам». Я звярнула ўвагу, што да нашага паэта пра частку з гэтых вобразаў-дэталяў сказаў А.С.Грыбаедаў, выдатны рускі паэт, на нейкі час выгнаннік за межы краіны (хоць і пасол у Персіі). Адарваны ад краю свайго салдат у сярэдзіне 20 стагоддзя таксама прыгадвае «дым над хатай», як прыгадваў яго папярэднік («Айчыны дым салодкі і прыемны» — «И дым отечества нам сладок и приятен»). У рускага паэта гэты вобраз-дэталь атрымлівае болын значнае, больш самастойнае філасофскае напаўненне і ператвараецца ў сімвал вернасці краю, у афарызм. У нашага — раствараецца ў кантэксце такіх сама яркіх і выразных вобразаў (снапы, ток, матчын спеў, гароды, кмінны пах). Следам за рамантычным і светлым вобразам-партрэтам радзімы ідзе другі партрэт — Радзімы-палонніцы, нявольніцы. Паэтава сэрца (і сэрцы нашыя) разрываецца ад болю, выкліканага трагедыяй зямлі, карцінай страшэннага разбурэння, якое ўбачыў малады салдат у сваім маленькім куточку, на сваёй малой радзіме: «Развіднела, А певень людзей не будзіў»; «Каміны... каміны... Дух пажарышча горкі»; «Цішыня. Мёртвы попел. Ні стуку, ні груку». Але больш за ўсё ўражвае вобраз клёна, які «Грэў на сонцы свае абгарэлыя рукі». Чытаць такое раўнадушна немагчыма. Перажыць такое — тым больш. А я ведаю, што Панчанка гэта перажываў. Што не адну такую карціну бачыў ён, калі адступаў на ўсход, а затым вяртаўся назад, на сваю ператвораную ў попел Радзіму.
     Далей мяне зацікавіла праблема — як жа паводзяць сябе ў экстремальных умовах Радзіма і воін, яе сын, што пакінуў яе? Няўжо паэт пойдзе традыцыйным шляхам, уласцівым масавай паэзіі ваеннай пары, якая вуснамі многіх-многіх аўтараў клялася ў вернасці Радзіме і абяцала вярнуцца з перамогай? Пытанне філасофскае, адказаць на яго цяжка было ў тыя гады, калі аб перамозе маглі марыць толькі летуценнікі. Дыялог паміж зямлёй і сынам яе для апошняга балючы. Яму невыносна цяжка робіцца ад слоў галашэння маці, ад яе просьбы абараніць яе ад чужынцаў. Але ў канцы твора паэт знаходзіць удалае рашэнне: ён здымае публіцыстычнасць, не падае апошнія радкі ў форме рытарычнай клятвы. Лірычны герой не прамаўляе гучных слоў, а проста зліваецца з роднай зямлёй, лашчыць і абдымае яе, як маленькае дзіця, нешта шэпча, гаворыць у трызненні:
     
     Я схаваў твар у травы. I зямля, як дзіцё,
     Да мяне прытулілася целам магутным:
     «Дзе ж ты быў, дзе хаваўся ты гэтулькі дзён,
     Што дамоў не ішоў?» — запытала ледзь чутна.
     Не прыпомню цяпер, што ў адказ я шаптаў —
     Ці зямлю суцяшаў, ці пра маці пытаў.
     Слоў вуголле злятала з патрэсканых губ,
     I растоптаны кут быў да болю мне люб.

     
     Заключныя радкі верша цяжка каменціраваць. Гэта найсумленнейшыя радкі найсумленнейшага чалавека, які адчувае сваю вялікую віну перад укрыжаванай Радзімай. Віну і сорам. Віну і боль. I не можа клясціся рытарычна і холадна ў любві да яе.
     Панчанка — вялікі паэт нават у сваіх ранейшых, ваенных вершах.