Белорусские сочинения - Пімен Панчанка - Празорлівасць Пімена Панчанкі (паводле верша "Развітанне")

Празорлівасць Пімена Панчанкі (паводле верша "Развітанне")

Упэўненасць, спакой, адчуванне гармоніі жыця — пачуццё трывогі за заняволены фашыстамі край, вострае непрыняцце агульнанароднай бяды — планетарная трывога, перажыванне трагедыйнага становішча народа і свайго асабістага, уяўленне расколатасці свету і канчатковай страты ранейшых ідэалаў — так разгортваліся погляды паэта на рэчаіснасць, так ішоў ён да прызнання тупіковасці сітуацыі, у якую завялі людзей бязглуздыя кіраўнікі. Поўным расчараваннем, непрыхаваным болем прасякнуты і верш «Развітанне», які можна назваць і мініпаэмай элегічнага гучання. Канчаткова расчараваны ў жыцці, у магчымасці дасягнення нейкіх станоўчых ідэалаў, паэт прыходзіць да несуцяшальных вывадаў пра тое, што ў вялікай дзяржаве «расцвітае вялікадзяржаўны шавінізм», што «Малыя народы — Як грошы разменныя ў касах» для палкаводцаў на бронзавых конях, што край наш спасцігла сапраўднае экалагічнае бедства — забруджаны хімікатамі палі і рэкі, сціхлі птушыныя галасы... Змрочная карціна! Ды яшчэ страшнейшае зло бачыцца паэту — нацыянальны нігілізм, манкурцтва, вынікам якога — адмаўленне народа ад сваіх гістарычных каранёў («Мы забылі пра вольнасць Старажытных сваіх гарадоў», «Не чутно мне з былога Ні грому, Ні звону, Адны толькі казкі ды песні...»), ад роднай мовы («Палохаюць піраты. I адвучылі Дзяцей і бацькоў, I адлучылі Ад родных народных слоў»), культуры, духоўных скарбаў.
     Чорныя і змрочныя фарбы ў «Развітанні» стаяць побач, мяжуюцца са светлымі. Чорнымі паэт апісвае рэальнасць, што склалася ў вытку дзейнасці «псеўдаасветнікаў», «магутных бюракратаў», светлымі — блізкае сэрцу паэта з дзяцінства асяроддзе, шчырыя парыванні народнага духу («Рана ці позна Народы распраўляліся з катамі I зноў аралі і сеялі, I гаварылі: «Люблю»; «Пахлі нашы пожні Мятаю і рутаю», «Пастаю я самотна Каля полацкай белай Сафіі»). I хоць чорны колер пераважае, светлы пачатак яму годна супроцьстаіць, бо за ім высокае аўтарскае хваляванне, нязломнае жаданне перамагчы атруту змрочнага, разарваць чорны павой трагедыйных абставінаў. Не было б унутранай веры паэта ў перамогу дабра, наўрад ці нарадзіліся б шчымлівыя, журботныя радкі, не сцішыўся б пад канец голас сына Беларусі і яе заступніка, не прыгадалася б яму імя вялікага прарока Янкі Купалы ў самым канцы, перад тым, як напісаць апошнія радкі развітання. Верш заканчваецца сумнай высновай пра згасанне, змярканне, страты самага дарагога. Прарок «схілу веку», пакутнік за край і народ свой Панчанка выйшаў на адкрытую палеміку з прарокам Купалам і даспяваў за яго тужлівую мелодыю, ад якой таго прымусілі адмовіцца, а можа, і сам ён адмовіўся. За кім жа праўда? Ці ёсць святло за даляглядам? — Гэтыя пытанні хвалявалі абодвух мастакоў. А хто з іх правы, хто вінаваты — давайце падумаем разам, маладыя, дапытлівыя чытачы. А яшчэ давайце паслухаем, што з гэтай нагоды кажа ў канцы верша Пімен Панчанка:
     
     Родны Янка Купала,
     Вы пісалі:
     «Я веру — настане...»
     Дарагі мой Іван Дамінікавіч,
     Не, не настане!
     Гэта ўжо не світанне,
     Гэта наша настане змярканне,
     Гэта з мовай маёй,
     Гэта з песняй маёй
     Развітанне.

     
     Верш уражвае і сваёй дакументальнасцю, дакладнасцю і выверанасцю фактаў, дасведчанасцю паэта ў гістарычных падзеях. I гэта таксама нас уражвае, стварае эфект праўдзівасці, неаспрэчнасці паказанага. Так, П.Панчанка піша пра сталінскі генацыд у адносінах да народаў Каўказа («То пакарэнне Каўказа, То высяленне Каўказа») і не менш жорсткія адносіны да беларусаў («То Беластоцкая вобласць, То ваяводства»). Дакументальна, праўдзіва распавядаецца пра сталінскае, а затым хрушчоўскае і брэжнеўскае, надзвычай спрошчанае ўяўленне праблемы нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў жыцці. Тут, дарэчы, звернем увагу на тое, што паэт падае свае назіранні ў форме пратакола партыйнага сходу ці пасяджэння бюро: «Гаворыш па-руску — інтэрнацыяналіст; Гаворыш па-беларуску — Нацыяналіст. Вучы дзяцей французскай, Ангельскай, эсперанта, Але не беларускай...» Усё проста на пісьме, на словах. I ўсё так балюча-складана ў жыцці.
     Развітанне паэта з высокімі духоўнымі каштоўнасцямі становіцца для яго адначасова і развітаннем з мастацкай творчасцю. Пройдуць шэсць гадоў з дня выхаду ў свет зборніка «Горкі жолуд», і мастака не стане. Як бы па інерцыі з'явіцца перадсмяротны зборнік «Высокі бераг». У ім яшчэ больш акрэсліцца крытычнае стаўленне мастака да суровай і жорсткай рэчаіснасці, больш маштабным стане яго боль за народ. Але аптымізму не дадасца ні на кроплю. I вера, і вернасць, і вечнасць адыдуць у падтэкст, растворацца ў мелодыі журбы і шкадавання. Так хацелася, відаць, паэту, падобна Купалу, клікаць народ «з цемры да святла»! Так мроілася яму ягонае вызваленне з ланцугоў атруты свядомасці, манкурцтва! Так спадзяваўся ён на перамогу светлага ваеннага братэрства чыстых душой ветэранаў! Але давялося яму найперш пракрычаць свой і чужы боль, узняцца з мячом на бюракратызм і бяздушша, павініцца перад усім светам у сваіх і чужых грахах. I гэтым подзвігам выкрыцця зла і цемры ён абяссмерціў сваё імя.
     
     За справядлівасць век б'юцца людзі,
     Трэба слабейшых абараняць.
     Дурной не будзе, подлай не будзе
     Ні міласэрнасць, ні дабрыня.