Белорусские сочинения - Пімен Панчанка - Сачыненне па творах Пімена Емяльянавіча Панчанкі

Сачыненне па творах Пімена Емяльянавіча Панчанкі

Пімен Панчанка адносіцца да тае катэгорыі беларускіх пісьменнікаў, якія ўнеслі свой багаты паэтычны вопыт у агульную скарбніцу беларускае нацыянальнае літаратуры.
     Калі ёсць паэты, што ўражваюць чытача з першых слоў, заварожваюць першымі радкамі сваіх вершаў, то Панчанка даходзіць да розума і сэрца толькі пасля глыбокага асэнсавання яго твораў. Яго хочацца перачытваць і перачытваць, таму што такіх пісьменнікаў вельмі мала засталося на нашай зямлі.
     Чытаючы верш “Герой”, я не магла не расчуліцца надзвычай гераічным учынкам савецкага салдата, які, не вытрымаўшы замаруджвання атакі, лёг на калючыя скруткі дроту. Які трапны эпітэт выкарыстаў паэт, назваўшы калючы дрот “змяінымі скруткамі”! Сапраўды назва даволі трапная, як змяюкі апанавалі, абкруцілі вайскова-ваенныя шляхі інжынерна-тэхнічныя збудаванні. Такі боль мог выцерпець толькі наш салдат, а які трапны моўны зварот, што ажно стала балюча ўсяму: травам, росам, ветрам.
     Тэме Вялікай Айчыннай вайны Панчанка прысвячае нямала твораў: “…Кожны з нас прыпасае…”, “Беларусі”, “Герой”, “Краіна мая”, “Бульба”. Як цікава пабудаваны гэтыя вершы пра вялікі подзвіг беларускага народа. Тут ёсць і вялікая туга па роднай зямельцы:
     
     Мне б толькі прайсці непрыкметна,
     Зямлю сваю пад нагамі адчуць,
     Надыхацца родным паветрам.

     
     Чалавек не хоча ні славы, ні скарбаў, у яго толькі адна галоўная каштоўнасць на гэтым свеце – Радзіма. У вершы “Бульба” ўжо адчуваецца хуткая перамога і тое свята, якое звязана ў беларускага салдата з нашаю нацыянальнаю страваю – бульбай, якая нагадвае на вайсковым прывале пра родную хату, пра любую жанчыну, пра цёплыя матчыны рукі, якія нясуць духмяны чыгунок з такімі свойскімі і жаданымі паронкамі.
     Беларусь у вершах паўстае не толькі як сінявокая прыгажуня, але і краіна-змагар, дзе нават рэкі і азёры паўстаюць супраць ворага, бушуючы сваімі блакітнымі хвалямі, якія становяцца жорсткімі і непахіснымі ў барацьбе з ворагам. Паэт паказвае, што маладому пакаленню, якое ўступіла ў бой, нягледзячы не ўзрост, з няроўнымі сіламі фашысцкіх захопнікаў, ёсць з каго браць прыклад, нашая зямля вельмі багатая на гістарычную спадчыну, што сілкуе і мацуе дужасць вояў. Гаркуша, Каліноўскі, партызаны Дукоры разам з маладымі беларускімі патрыётамі мужна змагаюцца з ворагам. Ці ведаў Панчанка сапраўдны запавет Каліноўскага, які казаў пра тое, што беларусы будуць тады добра жыць, калі над імі “маскаля” не будзе.
     Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь, пакуль гарыць сцяг перамогі, пакуль зоры свецяць.
     Верш “Журавы” даволі сімвалічны, сімвалізм пакінуў у спадчыну паэту яшчэ Максім Багдановіч: “ад родных ніў…” – “Слуцкія ткачыхі”, наколькі пазнавальны прыём… але пад вобразам журавоў Панчанка піша пра народ, які ўжо апёкся полымем вайны, згубіў сваіх дзяцей і зараз будзе клікаць жураўліным голасам родную старонку. Аўтар прарочыць будучыню мірнаму насельніцтву, якое кінута жорсткаю вайною на шматлікія выпрабаванні.
     Лірычныя творы пасляваеннага часу – “Белыя яблыні”, “Зямля бацькоў” (дарэчы не толькі Панчанка цытуе класікаў, але і яго цытуюць: зборнік Яраслава Пархуты таксама мае назву “Зямля бацькоў”), “Паслядоўнік” і іншыя, прысвечаны пасляваеннаму мірнаму жыццю, якое праявілася ва ўсёй вызваленай красе і квецені.
     Найбольш мне спадабаўся з усіх вершаў, што змешчаныя ў хрэстаматыі, твор без назвы “…Той дзень прапаў…”. На маю думку, ён смела можа выступаць як наказ, як кодэкс чалавеку, які хоча жыць па сумленні, па праўдзе, з карысцю для грамадства.
     Але заўважаецца ў вершах Пімена Панчанкі некалькі хібаў, сярод якіх шматлікія ўжыванні слоў, што маюць беларускія адпаведнікі, але чамусьці Панчанка не ўскладняе сабе працу, смела выкарыстоўваючы русізмы: сотня радуг (352), а трэба вясёлка; кусочак свету (тамсама), а лепш кавалак ці куток свету; дружба (тамсама), прыгажэй усё ж такі – сяброўства. І вельмі нясціпла ён кажа пра сябе, канечне просячы прабачэння за грахі (у царкве трэба на споведзі), што ён не сквапны злыдзень, але ж нам вядома цяпер, што ўжо не такія пісьменнікі і бедныя людзі былі, і не толькі па Мінскай вобласці падарожнічалі… дык не трэба так ужо выстаўляцца, робячы сябе анёлам.
     Мне здаецца, што Панчанка пакінуў нам неблагія творы, аднак ці будуць усе яны актуальнымі і класічнымі праз 20, 30, 40 гадоў? Невядома. Калі глыбока аналізаваць яго творы то можна знайсці шмат супярэчнасцяў, не зусім філасофскага падыходу да праблем сучаснага свету. Невядома канечне, на чыім баку ён бы быў зараз?…
     
     Выкладчык кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання БДПУ імя М.Танка ЛАБАЧЭНЯ ГЕНАДЗЬ ЯКУБАВІЧ