Белорусские сочинения - Пімен Панчанка - Думкі і разважанні пра творчасць Пімена Панчанкі

Думкі і разважанні пра творчасць Пімена Панчанкі

Паэзія – гэта своеасаблівы свет, у які прыходзяць людзі не зусім звычайна, а праз пэўныя жыццёвыя варункі, што абумовілі іх свядомы выбар. Паэтам можа быць практычна любы чалавек, які ўмее рыфмаваць радкі і падбіраць прыгожыя трапныя выразы. Але ці будзе ён тым чалавекам, да якога, як казаў расійскі класік, “…не зарасце народная сцежка…”, ці здолее захапіць душу людзям і запаліць у ёй агонь. У наш імклівы час, калі нацыянальная ідэя беларусаў не выпрацавана, калі грамадства раскідана па розных лагерах, калі нават няма агульнай нацыянальнай рэлігіі, калі не ведаеш, дзе чорнае, дзе шэрае, дзе белае, калі людзі гавораць адно, робяць другое, а думаюць пра трэцяе, паэзія і паэты адыходзяць на другое месца, іх радкі і талент павінны гучаць па-іншаму, праз іншыя інфармацыйныя сродкі.
     Ну добра, мы вывучаем, як напісана ў разнастайных крыніцах, шыкоўнага, таленавітага паэта П.Панчанку, але чаму мы не вывучаем шмат іншых паэтаў, не горшых за Панчанку. Напрыклад, Адам Глобуса, культавую фігуру сучаснае беларускае літаратуры, або Віктара Шніпа ці Эдуарда Акуліна, а можа няблага б было пачытаць Сяржука Сокалава-Воюша з яго незабыўным:
     …Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю…
     Услухайцеся, Зінаіда Міхайлаўна, колькі тут пяшчоты і беларускасці ў гэтых творах, колькі пранікнёнай шчырасці і любові, колькі тут кахання! Эдуард Акулін:
     …Згатуеш двайную каву, зачыніш на ключ кватэру…
     Вось чые творы, нават без таленавітае падводкі такой вопытнай настаўніцы (як Зінаіда Міхайлаўна) успрымаюцца моладдзю на ўра.
     Адкажыце, калі ласка, паклаўшы руку на сэрца ці на Біблію, а Вам падабаецца хто з паэтаў больш ці менш? Пры любым адказе Вы памыліцеся, таму што любіць паэта – значыць выдзяляць з шэрагу іншых, выдзяляць з шэрагу іншых – значыць ставіць на розныя прыступкі: гэты лепшы, гэты горшы. А як жа ў творчасці можна вымяраць горшы ці лепшы? Гэта як чалавек, як настаўнік, як вучань: дрэнных людзей, настаўнікаў і вучняў – не бывае, гэта нашая суб’ектыўная ацэнка, а не ісціна. Існасць чалавека на зямлі – жыць і прыносіць карысць тым, што ты ўмееш рабіць і што ты пакінеш у спадчыну: грошы – яны згніюць, згараць, іх з’есць інфляцыя, рэчы дарагія – таксама ператворацца ў попел, а памяць і вера, духоўнае багацце – вось той эталон, які павінен імкнуцца пакінуць пасля сябе кожны свядомы беларус.
     Канечне Пімен Панчанка дастойны чалавек, але як паэт ён сваімі ідэямі і манераю пісьма не ўразіў мяне, мне было недастаткова вашага аналізу яго творчых манераў, асаблівасцяў, характару вобразных сродкаў мовы.
     Можа быць, трэба лепш раскручваць творчасць паэтаў беларускіх, не зацыкліваючыся на традыцыйнае манеры падачы, чытання вершаў, можа трэба пакласці на папулярную музыку, каб пэўныя беларускія рэперскія ці фольк-рокавыя гурты заспявалі.
     А вось цікава ў Вас запытацца: а калі б давалі на выбар падрыхтаваць творчасць паэта, ці выбраў бы хто Пімена Панчанку. Яшчэ раз падкрэсліваю: Пімен Панчанка і яго творы мяне не ўсхвалявалі, у адрозненні ад вершаў Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Адама Глобуса, Эдуарда Акуліна, ці нават ад сціплга чалавека Анатоля Вялюгіна, не кажучы пра першага сучаснага беларускага паэта Славаміра Адамовіча, які праз доўгія гады сталінска-яжоўска-цанава-берыеўскіх рэпрэсій апынуўся ў “Амерыканцы” за вершы…
     Ляжыць, Зінаіда Міхайлаўна, перада мною кніжка, з якой я нічога не спісваю, і паглядае са старокі нумар чатырыста пяцьдзесят пяць партрэт Пімена Емяльянавіча Панчанкі, як піша на старонцы дзвесце сорак сёмай Алесь Бельскі, надзвычай яркая і адметна-рэльефная з’ява, чаму не паэт і чалавек, а з’ява? Паэт і з’ява? Жахі!?
     Я мяркую, што Вы ўсё пра яго ведаеце, таму я хацела б больш спыніцца (па вашым жаданні) на сваіх думках.
     Адкуль такое імя прыдумалі звычайныя бацькі з бедных сялянаў – Емяльян і Дар’я, імя Пімен паходзіць ад слова поймен з грэчаскай мовы – пастух, пастыр. У родзе, здаецца, не вельмі традыцыйныя імёны – Факей, Арцём, Даша, Емяльян, нешта вельмі нагадвае расійскія традыцыі, толькі прозвішча выдае падабенства да беларускіх каранёў, нават адзін з самых першых псеўданімаў расійскі – П.Емельянов, але больш яго характарызуе псеўданім літаратурны – Лупаты. Прайшоў звычайны стандартны шлях беларускага пісьменніка таго гістарычнага перыяду.
     Нядаўна па тэлевізіі паказвалі фільм пра вайну савецкіх войскаў у Афганістане, і там адзін спецназавец лёг на калючы дрот, каб браты па зброі перайшлі па яго целе, як па мосце, і раптам даведваюся, што Пімен Панчанка таксама напісаў верш пра падобны выпадак – “Герой”.
     Бездакорны верш, але русізмаў у ягонай творчасці перабольшвае, аднак многія і іншыя паэт прыкрываюцца допускамі вершаванай арфаграфіі, але ж Глобус і Акулін не дазваляюць сабе такога. “Другія” ішлі ў атаку, а чаму не іншыя, другія, а трэція, чацвёртыя, выхаванаму ў беларускай мове чалавеку няўцям такое ўжыванне.
     Калолі “фрыцаў”, немцы не вінаватыя, што ад іх зямлі пачалася вайна, тады прыстойна ўжыванне назваў тыпу: бульбяшы, хахлы, маскалі, чарнаж…ыя, чуркі, лабусы, жыды…
      “Гаючыя” вятры, колькі можна гэтых аманімічных з дзеепрыслоўямі слоў ужываць, а чаму з “валдайскіх” азёр, а не нарачанскіх ці браслаўскіх, Валдайшчына – гэта ж Расія, а дзе ж беларускі патрыятызм. У “Іранскім дзённіку” ўзгадвае пра бярозку, не была ніколі бярозка сімвалам Беларусі – бусел, дуб, блакітныя азёры, зубр, але ёсць магутныя метафары ў Ясеніна – русскія бярозы, а дзе беларушчына і беларускі патрыятызм?
     Я, канечне, ведаю мову горш за Вас, аднак слова “наследнік” не беларускае, таленавіты паэт Беларускай ССР прапаноўвае псіхічна-нервова задзірысты верш “Размова з наследнікамі”.
     Магутны верш, псіхалінгвістам ёсць над чым папрацаваць. Ён усё размеркаваў, каму што: бюсты, гульні, дзяўчат нават. Канкрэтных вінаватых называе ў сваім няўдалым, на яго погляд, жыцці: хамы, спекулянты і валютчыкі (гэта 1962 год!), якія тады валютчыкі, што яны яму дрэннага зрабілі, добра пісьменнікам: даюць прэміі ў інвалюце, а дзе яе ўзяць звычайным людзям. Ён вызначае месца для мінулага пакалення – у магілах, траншэях, гэта вечны бой, гэта паталогія татальнае барацьбы няважна з кім і як, галоўнае – змагацца, каб адстаяць сваю правату, а не дабівацца ісціны шляхам кансалідацыі і пераканання, паказу лепшага прыкладу, чаму чалавек, калі няўпэўнены пачынае заўсёды апраўдвацца, што гэта не сварка, не крыўда, не злосць, а што гэта? Зінаіда Міхайлаўна, прабачце мне, калі ласка, дапамажыце разабрацца, як можна такое пісаць і заклікаць да чаго?
     Аказваецца, паводле перлаў Панчанкі, у нас ёсць каму стаяць ля ракет, на Беларусі ж ракет няма, значыць, нашыя хлопцы паедуць у Расію атрымоўваць дозы радыяцыі, каб і так вынішчыць далей нашую гаротную нацыю; які космас можа быць у нас, калі большасць сем’яў не можа дажыць да чарговае падачкі. Пісьменнік павінен дапамагаць людзям жыць, расказваць пра тое, што хвалюе людзей, а не тое, пра што думае і хоча гаварыць сам пісьменнік. Добра, калі ў яго супадаюць меркавані з памкненнямі народа і яго праблемамі, але такое адбываецца не заўсёды.
     У вершы “Бульба” Панчанка кажа (старонка 346, радок 8), што для душы – “цыгарка”, а як жа барацьба з паленнем да васемнаццаці гадоў, прынятай першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Вучню адзінаццатага класа класік прапаноўвае шыкоўны спосаб рэлаксу для душы – цыгарку.
     Старонка 354, 18 радок (хрэстаматыя): што за беларускае слова “стыдаюцца”, пры форме ступеняў параўнання ўжываецца прыназоўнік за, а не рускі варыянт “чым”, а піша тамсама паэт: “…мне лепш, чым...”. Чаму ў вершы “SOS” слова Бог паэт-мараліст піша з маленькае літары? Гэта ж абраза, непавага.
     Наўрад ці, можа я памыляюся, можна аднесці Панчанку да беларускіх класікаў паэтычных. Георгій Корчанка (старонкі сто шэсцьдзесят шэсць – сто шэсцьдзесят сем) напісаў пародыю, у якой, у прынцыпе, ахарактарызаваў творчае амплуа паэта:
     
     Мне б імя на Манблане высечы –
     Столькі выездзіў і схадзіў.
     Нада мной небасхілаў тысячы,
     Я ж пад імі – усяго адзін.

     
     А цікава, па якім адборы трапляюць творы і самі пісьменнікі ў школьныя праграмы: паводле лаяльнасці да ўлады і няўдзелу ў масавых акцыях пратэсту? Пімен Панчанка, наколькі я ведаю, ніколі не выступаў супраць улады, Быкаў – але, Брыль, Барадулін, Грахоўскі – таксама паціху трапляюць у разрад няўгодных, кніжкі Акуліна забаранілі, бо там ёсць напады на ўладу, а гэтых не, бо прыстойныя дзядзечкі. Нельга быць святаром і ездзіць на шыкоўным аўтамабілі, піць і есці ў асалоду, як нельга быць народным паэтам і заплываць ад тлушчу, маніць людзям, не верыць у адраджэнне нацыі…
     Захапляецца Віталь Портнікаў (старонкка 3) словамі паэта Панчанкі:
     
     Родны Купала,
     Вы пісалі:
     “Я веру: настане…”
     Дарагі мой Іван Дамінікавіч,
     Не, не настане!
     Гэта ўжо не світанне,
     Гэта наша настала змярканне,
     Гэта з мовай маёй
     Развітанне…

     
     Пакуль будзе жыць апошні беларус, які карыстаецца моваю, шануе яе і можа змагацца за яе, да таго часу будзе жыць Беларусь, будзе жыць мова яго, найбагацейшая культурная спадчына, а не захад нашае нацыі, нельга так казаць нават на смертным ложку, трэба выкарыстоўваць баявы кліч усіх беларускіх патрыётаў: “Жыве Беларусь!”
     Вось такія мае ўласныя думкі, Зінаіда Міхайлаўна, прашу загадзя прабачэння за свой твор, але вельмі хацелася б атрымаць аб’ектыўную адзнаку за свой сачыненне, калі я тэму не раскрыла, то пакажыце самі прыклад – напішыце, навучыце, а гэтае сачыненне я адкапіравала на ксераксе і для незалежнае праверкі аддала на кафедру беларускага мовазнаўства (загадчык Міхайлаў) і кафедру беларускае літаратуры (загадчык Шаўлоўская).
     Спадзяюся на Ваш педагагічны такт і высокі прафесіяналізм, з вялікаю павагаю да ўсяго таго, што Вы сееце разумнае, добрае, вечнае – вучаніца 11-га класа “В” Кецко Аляксандра Генадзеўна, гонар маю!
     
     Выкладчык кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання БДПУ імя М.Танка ЛАБАЧЭНЯ ГЕНАДЗЬ ЯКУБАВІЧ